banner

І гэты скарб, як набыццё, нясу з падзякай праз жыццё

06 Октября’15
1461
І гэты скарб, як набыццё, нясу з падзякай праз жыццё
 
На благаслаўлёнай Богам грынкаўскай зямлі не раз нараджаліся таленавітыя, самабытныя людзі. Гэта сапраўдны край спевакоў і паэтаў, летуценнікаў і рамантыкаў, ужо не кажучы пра тое, што ўсе яны людзі працавітыя і гаспадарлівыя.
70 гадоў таму на грынкаўскай зямлі, а менавіта на хутары Клеціска, у простай сялянскай сям’і нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Іван. 
Водар рамонак і клёкат буслоў, прыгажосць ранняй зоркі і сінь нябёсаў, матуліну песню і подых свежага ветру – усё гэта ўбірала ў сябе душа хлопчыка, і недзе ў самых яе глыбінах нараджаліся першыя, яшчэ такія нязграбныя паэтычныя радкі.
Усё з дзяцінства ўзяў – 
адтуль я,
Ад родных таты і матулі,
Ад тых сцяжынак 
і крынічак, 
Вятроў, дажджынак 
і зарнічак,
Лясоў, лугоў, азёр і рэк,
Што змог увабраць 
той чалавек.
І гэты скарб, як набыццё,
Нясу з падзякай 
праз жыццё.
У школе любоў да слова, да паэзіі пачала прывіваць настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Іванаўна Акудовіч. І тады пачалі з’яўляцца сачыненні ў вершах, якія вельмі захаплялі не толькі настаўніцу, але і ўсіх аднакласнікаў. Ужо тады было відаць, што ў Вані Ламашкевіча сапраўдны талент. 
Ён марыў стаць журналістам, але лёсам было наканавана іншае. Не паступіўшы ва ўніверсітэт, ён стаў вадзіцелем тралейбуса. Але не перастаў любіць паэзію. Вершы ў яго складаліся лёгка і проста, ён увесь быў у палоне паэзіі, ён свет бачыў не так, як усе астатнія, а па-іншаму – не вачамі, а душою і сэрцам.  
Ішлі гады. Склалася сям’я, нарадзіліся дзеці. Здавалася б, побыт, хатнія справы і праца здолеюць памалу сцерці жаданне тварыць, пісаць, марыць. Але ж не. Наадварот, з часам вершы складаліся ўсё часцей, а калі Іван Канстанцінавіч стаў наведваць літаратурнае аб’яднанне "Натхненне”, яго творы набылі асаблівую афарбоўку, яны сталі па-сапраўднаму прафесійнымі, і іх пачалі друкаваць у зборніках. Такіх зборнікаў выйшла тры. У нашай раённай газеце не было ніводнага выпуску "Літаратурнай гасцёўні”, дзе б не друкаваліся вершы Івана Ламашкевіча. Яны не раз гучалі са сцэны на канцэртах, яны ператвараюцца ў цудоўныя песні. Ён і сам добра спявае і ахвотна ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці. 
Шмат гадоў Іван Канстанцінавіч пражыў у Мінску, дзе акрамя літаратурнага аб’яднання "Натхненне” наведваў і хор "Славянскі сувенір”, з якім пабываў у Германіі, Малдове, Украіне, Расіі. 
Ужо будучы на заслужаным адпачынку, вырашыў вярнуцца на малую радзіму. На жаль, ужо не існуе хутара Клеціска, і нават кучаравую красуню-сасну зламаў сцюдзёны вецер, але ніколі не сатрэцца з памяці тое святое месца, дзе прайшлі дзяцінства і юнацтва, дзе напаткала першае каханне, дзе спявала свае песні маці.
 Мой куточак святы, 
у якім нарадзіўся,
Стрэў мяне чыстым 
полем і шэрай раллёй,
Не знайшоў, не знайшоў, 
колькі я не дзівіўся,
Тое месца, што звалася 
проста жыллём…
Іван Канстанцінавіч жыве зараз у Свіслачы. Ён з задавальненнем ходзіць на ўсе рэпетыцыі народнага хору "Сузор’е”, удзельнічае ва ўсіх канцэртах. А яшчэ яму хапае часу прыязджаць у Грынкі, дзе яму вельмі рады, дзе яго паважаюць і цэняць. 
Менавіта ў Грынках і прайшоў нядаўна творчы вечар паэта, які быў прысвечаны яго 70-годдзю. Загадчыца  сектара культуры і вольнага часу М. М. Самалевіч падрыхтавался да яго адмыслова.
Са сцэны гучалі вершы паэта-самародка, якія чыталі былая настаўніца В. Акудовіч, яго прыхільнікі Н. Дзідзенка, К. Чурак, Ж. Філіновіч, Т. Ярашэвіч. Цудоўныя байкі чытаў, як сапраўдны артыст, лепшы сябар паэта Анатоль Марук, які прыехаў з Мінска. А як цудоўна гучалі песні на вершы І. Ламашкевіча ў выкананні С. Гінч, З. Карнацэвіч, А. Карнацэвіча, І. Янушкевіч, жаночага вакальнага калектыву "Спадчына”.
Іван Канстанцінавіч і сам чытаў свае вершы, і можна было толькі здзіўляцца таленту паэта, яго здольнасцям бачыць нябачнае, чуць нячутнае. Ён піша вершы, нібы нанізвае крыштальныя пацеркі на нітачку. Такіх крыштальных "караляў” у яго мноства. Яны зіхацяць, пераліваюцца, як расінкі на траве пры першых сонечных промнях. Яго паэзія чыстая, як матчына песня, як сляза немаўляці. Ён умее закрануць самыя патаемныя струны душы. Гэта вельмі добры, шчыры і прыязны чалавек, працавіты і шчодры, клапатлівы бацька і цудоўны дзядуля. 
Дык няхай яшчэ доўга-доўга не змаўкае яго голас, няхай цешыць паэт сваімі цудоўнымі вершамі прыхільнікаў паэзіі і сустрэне яшчэ не адзін юбілей.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.  
Фота Ядвігі КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

З любоўю да дзяцей, прафесіі і мовы