Яшчэ колькі дзён і Шчучын гасцінна прывітае ўдзельнікаў і гасцей рэспубліканскага свята беларускага пісьменства. Мы ўжо зараз у чаканні гэтых цудоўных хвалюючых хвілін – бо свята гэта, бадай, самае яскравае, самае паэтычнае.
Наш тэатр-студыя гульні "Карагод” ужо двойчы прыняў удзел у гэтым вялікім свяце. Далёкі 2002 год. Горад Мір. У Мірскім замку толькі-толькі распачаліся рэстаўрацыйныя работы. Але горад выглядаў прыгожа і ўзнёсла. Мы прыехалі з вясёлай праграмай "Бульбачка Смятанаўна” і прыемна былі ўражаны, як актыўна і з цікавасцю бавілі з намі час госці свята. Усё гэта людзі здымалі на камеры, фотаапараты і шчыра дзякавалі нам за прыгожае беларускае слова, за яркі рэквізіт і падарункі.
Гасцінна прымала нас у 2009 годзе Смаргонь. Размах свята быў яшчэ шырэйшы. На гульнёвай пляцоўцы "Смаргонскі кірмаш” запрасілі смаргонцаў і гасцей свята на гульнёвую праграму "Вясновая ідылія”, дзе паказвалі сваё сялянскае жыццё. Актыўна гулялі і дарослыя, і дзеці. А мы атрымалі сапраўдную асалоду.
Вось і зараз з задавальненнем рыхтуем праграму "Цёшчыны бліны” і збіраемся падарыць удзельнікам свята шмат прыемных і вясёлых хвілін.
Мы наогул вельмі любім нашу сакавітую беларускую мову, нашы трапныя прыгожыя словы. Яны ільюцца з самой душы і мы, здаецца, харашэем, калі говорым на матулінай мове. Ды і вядома, удзел у святах такога размаху дае цудоўны настрой на творчую працу, дорыць нам незабыўныя сустрэчы з цікавымі людзьмі, пашырае кола шчырых сяброў і таму, як пяецца у песні "Чаму ж нам не пець, чаму ж не гудзець”.
Марыя САМАЛЕВІЧ,
кіраўнік народнага тэатра-студыі "Карагод”, аг. Грынкі.