Падпісаны закон аб барацьбе з карупцыяй

17 Августа’15
1233
Прэзідэнт Беларусі падпісаў закон «Аб барацьбе з карупцыяй». Палажэнні закона накіраваны на паслядоўнае ўдасканаленне антыкарупцыйнага заканадаўства Беларусі, у прыватнасці, прыняцце дадатковых мер па зніжэнні матывацыі службовых асоб да карупцыйных паводзін, павышэнні ўсведамлення непазбежнасці пакарання за карупцыйныя злачынствы, а таксама на максімальнае ўзмацненне ролі грамадскасці ў выяўленні фактаў карупцыі і інфармаванні аб гэтым праваахоўных органаў.
Закон з’яўляецца цэласным дакументам, які вызначае механізмы папярэджання карупцыі, у тым ліку абмежаванні, што ўстанаўліваюцца для службовых і прыраўнаваных да іх асоб, рэгулюе парадак дэкларавання даходаў і маёмасці такіх асоб, замацоўвае сістэмныя меры па процідзеянні карупцыі. 
У дадатак да дзеючых антыкарупцыйных механізмаў законам, у прыватнасці, устанаўліваецца забарона на назначэнне на кіруючыя пасады асоб, звольненых па дыскрэдытуючых абставінах (да заканчэння пяці гадоў пасля такога звальнення), а таксама забарона на прыём на дзяржаўную службу асоб, якія раней учынілі цяжкае або асабліва цяжкае злачынства супраць інтарэсаў службы або звязанае з выкарыстаннем службовай асобай сваіх службовых паўнамоцтваў (бестэрмінова).
Прадугледжваецца пазбаўленне дзяржаўных службовых асоб, якія ўчынілі ў перыяд праходжання службы названыя злачынствы, права на пенсію за выслугу гадоў у адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўнай службе і прадастаўленне толькі пенсіі па ўзросце.
Акрамя таго, удасканальваецца парадак дэкларавання даходаў і маёмасці асобных катэгорый дзяржаўных службовых асоб у мэтах максімальна поўнага ўстанаўлення іх рэальнага маёмаснага становішча.
Уводзіцца механізм канфіскацыі ў дзяржаўнай службовай асобы, якая займае адказнае становішча, а таксама паступіла на дзяржаўную службу шляхам выбрання, маёмасці, кошт якой на 25 працэнтаў і больш перавышае даход, атрыманы гэтай службовай асобай за справаздачны перыяд з законных крыніц.
Уносяцца змяненні ў Крымінальны кодэкс Беларусі, Кодэкс Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях і некаторыя іншыя заканадаўчыя акты з улікам практыкі прымянення заканадаўства ў сферы барацьбы з карупцыяй, а таксама ў сувязі з неабходнасцю ўзгаднення з нормамі закона «Аб барацьбе з карупцыяй».
Законам не толькі замацоўваюцца дадатковыя меры барацьбы з карупцыяй, але і рэалізуюцца асобныя ініцыятывы грамадзян, якія паступілі ў час грамадскага абмеркавання праекта закона, накіраваныя на разумную лібералізацыю адносін у гэтай сферы.
У прыватнасці, уводзіцца інстытут грамадскага кантролю ў сферы барацьбы з карупцыяй, замацоўваюцца формы ўдзелу грамадзян у такой дзейнасці (у тым ліку ўдзел у распрацоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў у сферы барацьбы з карупцыяй і ў рабоце камісій па процідзеянні карупцыі).
Марина ЯНЮК.

Предыдущая статья

Новыя героі залатых палеткаў