Здаецца, зусім нядаўна мы адзначалі дзве знакамітыя даты: 110-годдзе з дня нараджэння слынных аўтараў нацыянальнага прыгожага пісьменства Петруся Броўкі і Пятра Глебкі, творчасць якіх добра вядома нам яшчэ са школьных гадоў.
Пятрусь БРОЎКА
Нарадзіўся 12 чэрвеня 1905 года ў вёсачцы Пуцілкавічы Ушацкага раёна. Друкавацца пачаў з 1926 года. Яго першымі зборнікамі сталі "Гады як шторм” , "Прамова фактамі”, "Цэхавыя будні”. У 1931 годзе выходзіць яго аповесць "Каландры”. Сваю героіка-рамантычную паэму "Праз горы і стэп” (1932) аўтар прысвяціў падзеям Грамадзянскай вайны. Рэалістычна-бытавую, моцную сваім выкрывальным пафасам паэму "1914” (1935) П. Броўка напісаў пад уплывам творчай школы Уладзіміра Маякоўскага: паэт тут здолеў дасягнуць надзвычайнай праўдзівасці ў раскрыцці чалавечага характару. У паэме "Кацярына” (1938) выявілася манументальная эпічнасць Броўкі-лірыка. Сваім духоўным настаўнікам Броўка называе і Янку Купалу, у якога арганічна засвойвае асаблівасці народна-паэтычнага мыслення.
Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны паэт актыўна працуе ў франтавым і партызанскім друку. Подзвіг беларускага народа, вернасць Бацькаўшчыне атрымалі глыбокае ўвасабленне ў яго "Паэме пра Смалячкова”, паэмах "Беларусь”, "Ясны кут”, вершах "Кастусь Каліноўскі”, "Надзя-Надзейка” і інш. У пасляваенны час з друку выходзяць творы П. Броўкі: паэмы "Паланянка”, "Хлеб”, зборнікі "У роднай хаце”, "Дарога жыцця”, "Сонечнымі днямі”, "Цвёрдымі крокамі”, раман "Калі зліваюцца рэкі”. Вяршынным дасягненнем творчасці сталі зборнікі "Пахне чабор”, "Далёка ад дому”, "А дні ідуць…”, "Высокія хвалі”, "Між чырвоных рабін”, "Калі ласка”, "І ўдзень і ўночы…” Яго паэма "Голас сэрца” – гэта памяць аўтара пра герояў Вялікай Айчыннай, пра маці.
П. Броўка – мастак з ярка выражанай рамантычнай патэтыкай і песенна-лірічнай накіраванасцю, а яго паэзіі ўласціва адкрытая публіцыстычнасць і народнасць мастацкага мыслення. Многія творы прасякнуты пачуццямі роднасці з айчыннай культурай, з вечнымі каштоўнасцямі народнага жыцця.
Паэта не стала 24 сакавіка 1980 года. Ён пахаваны ў сталіцы Беларусі на могілках па Маскоўскай шашы. Яго імя было прысвоена выдавецтву "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”: дарэчы, з 1967 па 1980 год ён з’яўляўся галоўным рэдактарам гэтай саліднай навуковай установы. Імя Броўкі таксама было прысвоена Вялікадолецкай сярэдняй школе Ушацкага раёна, тут быў адкрыты мемарыяльны пакой. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Ушачах, Бешанковічах. П. Броўка – ганаровы грамадзянін Мінска. У сталіцы (вул. К. Маркса, 30) заснаваны літаратурны музей Броўкі. На доме ў Мінску, дзе жыў паэт у апошні час, і ў вёсцы Пуцілкавічы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі. У Пуцілкавічах была адкрыта хата-музей, каля якой ўстаноўлена стэла памяці маці паэта. Для студэнтаў філфака БДУ ўстаноўлена стыпендыя імя Петруся Броўкі.
Пятро ГЛЕБКА
Нарадзіўся 6 ліпеня 1905 года ў вёсачцы Вялікая Уса Уздзенскага раёна. У 1930 годзе скончыў БДУ. Працаваў сакратаром рэдакцыі "Узвышша”, у газеце "Калгаснік Беларусі”, у часопісе "Полымя рэвалюцыі”, літаратурным кансультантам кабінета маладога аўтара пры СП БССР. У вірлівы час Вялікай Айчыннай Глебка працуе ў франтавых газетах "За Савецкую Беларусь” і "За свабодную Беларусь”. У пасляваенны час ён працуе ў АН БССР.
П. Глебка пачаў друкавацца з 1925 г. Ужо першы зборнік лірыкі "Шыпшына” (1927) засведчыў прызнанне аўтарам літаратурных і фальклорных традыцый, якія ў той час ігнараваліся многімі маладымі творцамі. Яго наступныя кнігі "Урачыстыя дні”, "Хада падзей”, "Чатыры вятры” вызначаюцца ідэйна-тэматычнай і жанравай разнастайнасцю. Тэма рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны паўстае ў такіх творах Глебкі, як паэмы "Трывожны сігнал”, "Арлянка”, "Над Бярозай-ракой”.
У вершах перыяду Вялікай Айчыннай ("Пасылка”, "Родны хлеб”, "Партызаны” , "Пасланец”, "Дзяўчыне з Клімавіч”, "Беларусі”, "Смерць салдата” і інш.) створаны шматгранны вобраз воіна-патрыёта, услаўляюцца гераічныя справы беларускіх партызан. Дарэчы, пад псеўданімам Язэп Касіла Глебка друкуе многія сатырычныя вершы і куплеты ў газеце-плакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну” і сатырычным лістку "Партызанская дубінка”. Галоўная тэма пасляваеннай творчасці Глебкі – аднаўленне беларускіх гарадоў і вёсак, памяць Вялікай Айчыннай ("Размова аб шчасці”, "Рака”, "Мінск”, "Слова міру”, "Будаўнікі” і інш.).
Услед за Янкам Купалам Глебка актыўна развіваў жанр драматычнай паэмы. На працягу многіх гадоў паэт быў у цесным сяброўстве з Купалам і адчуваў яго падтрымку і дапамогу як паэт. У некаторых творах Глебкі адчуваецца ўплыў паэмы Купалы "Безназоўнае”. Глебка прысвяціў Купалу свае вершы "Песня” і "Жывое слова”.
Паэт надзвычай клапаціўся аб развіцці роднай мовы, яе дзяржаўным статусе, развіцці айчыннай культуры. Браў актыўны ўдзел у выданні зводу беларускай народнай творчасці. Менавіта па прапанове П. Глебкі была распачата падрыхтоўка збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі.
Не стала П. Глебкі 18 снежня 1969 г. Імя паэта было прысвоена Літвянскай школе Уздзенскага раёна. Яго імем названа вуліца ў Мінску. На доме, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
г. Віцебск.