banner

Спачатку было Слова

22 Июля’15
2236
Канцэпцыя гэтага свята, якое стала нацыянальным, – непарушнае адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, яго цесная сувязь з славянскімі вытокамі. Беларускае пісьменства мае шматвяковыя традыцыі, і нам ёсць чым і кім ганарыцца. Зерне, пасеянае вялікім Францыскам Скарынай, фрэска з выявай якога ўпрыгожвае сцяну Падуанскага ўніверсітэта побач з партрэтамі іншых гігантаў эпохі Адраджэння, зарунела новымі ўсходамі ў друкарскай дзейнасці многіх гарадоў Беларусі.
Нагадаем, што традыцыйна свята ладзіцца ў гарадах – гістарычных цэнтрах культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукарства. А ўпершыню яно адбылося ў 1994 годзе ў старажытным Полацку. Потым сталіцамі свята былі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры, як Тураў і Навагрудак, Нясвіж і Орша, Пінск і Заслаўль, Мсціслаў і Мір, Камянец і Паставы, Шклоў і Барысаў, Смаргонь і Хойнікі, Ганцавічы, Глубокае і Быхаў.
Сёлета літаратурнай сталіцай краіны XXII па ліку Дня беларускага пісьменства ўпершыню будзе Шчучын.
Наша старажытная Свіслач, першы пісьмовы ўспамін аб якой датуецца 1256 годам, таксама мае значны гістарычны ўнёсак у культурную спадчыну Беларусі. Бо асветніцкая справа, пісьменства і нават друк зарадзіліся ў нас яшчэ ў XVI стагоддзі. Менавіта тады на Свіслаччыне ўзнікла абшчына кальвіністаў (адна з плыняў пратэстантызму эпохі Рэфармацыі). Прыхільнікам яе быў уладальнік мястэчка Хадкевіч. І як вядома, пры такіх абшчынах беларускія магнаты стваралі навучальныя ўстановы.
Такая кальвінісцкая школа была адкрыта ў 1562 годзе і ў Свіслачы. І хаця асноўная ўвага надавалася рэлігійнаму выхаванню і навучанню, але значнае месца адводзілася і свецкім навукам. Вывучаліся багаслоўе, старагрэчаская, беларуская, польская мовы, рыторыка, матэматыка, антычная паэзія.
У 1668 годзе ў Свіслачы пабудавалі каталіцкі касцёл, а пры ім адкрылі парафіяльную (прыхадскую) школу. Яна праіснавала да часоў далучэння Беларусі да Расіі і таксама мае дачыненне да развіцця пісьменства ў Свіслачы. Многія атрымалі тут пачатковую адукацыю, у тым ліку і вядомы вучоны, літаратар, царкоўны дзеяч, дзядзька Дуніна-Марцінкевіча, ураджэнец вёскі Занкі Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч. Гэта ён склаў "Літоўскую (беларускую) граматыку” і "Слоўнік беларускай мовы”. На іх матэрыялах у сваіх працах абапіраўся вядомы лексікограф, фалькларыст і этнограф Іван Іванавіч Насовіч.
У 1805 годзе Свіслач стала шырока вядома дзякуючы сярэдняй навучальнай установе. Гімназія, прагімназія, семінарыя (спачатку руская і беларуская, затым польская) – так мяняўся статус гэтай школы. Свіслацкая гімназія стала значным асяродкам пісьменства, культуры і нават друку не толькі на Свіслаччыне, але і ва ўсім рэгіёне. Са сцен яе выйшлі такія выдатныя вучоныя, пісьменнікі, дзеячы культуры, як Н. Орда – кампазітар, педагог і мастак, Ю. Пашкоўскі – пісьменнік і грамадскі дзеяч, О. Кавалеўскі – вучоны манголавед, Ю. і К. Крашэўскія – пісьменнікі, Л. Зянковіч – празаік, Я. Сухадольскі – мастак, Г. Кулакоўскі –  педагог і асветнік, вядомыя К. Каліноўскі і Р. Траўгут і іншыя.
Пасля закрыцця гімназіі на яе месцы адкрылася новая навучальная ўстанова – настаўніцкая семінарыя. Першым яе дырэктарам і фактычна заснавальнікам быў Баляслаў Антонавіч Пачобка (Пачопка). Ён тут стварыў, а ў Вільні выдаў "Граматыку беларускай мовы”. Тытульная старонка славутай граматыкі, якая была прызнана адной з лепшых і рэкамендавана для выкарыстання ў школах, мела такую назву: "Граматыка беларускай мовы. Апрацаваў Б. Пачобка, вучыцель беларускай мовы ў Свіслацкай Беларускай вучыцельскай семінарыі, рэдактар часопіса "Беларус”. Вільня, друкарня "Гоман”, 1918”. А ўверсе тытульнай старонкі словы з верша Б. Пачобкі: "Міла мне і мова родна, беларуска, у якой пеялі над маёй калыскай”.
У настаўніцкай семінарыі была падрыхтавана вялікая кагорта беларускай інтэлігенцыі, якая пасля ўтварэння БССР унесла значны ўклад у беларусізацыю краіны. Гэта выпускнікі семінарыі  А. Баліцкі – дзяржаўны дзеяч, а з 1926 года нарком асветы БССР, І. К. Бялькевіч – мовазнаўца, супрацоўнік Наркамата асветы Беларусі, Інбелкульта і Інстытута мовазнаўства АН БССР, аўтар "Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны”, А. Каваленя – археолаг, супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР, П. Саевіч – дзяржаўны дзеяч БССР, былы рэдактар Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, міністр асветы БССР, К. Лейка – таленавіты беларускі празаік і драматург, Ю. Бібіла – ураджэнка Поразава, бібліёграф, М. Краўцоў (Макар Касцевіч), які пакінуў прыкметны след у заходнебеларускай літаратуры, і многія іншыя, чый лёс быў цесна звязаны са Свіслаччынай.

Галіна РАМАНЧУК.

Предыдущая статья

Какое счастье под мирным небом жить