Пра адпачынак мараць усе: як дарослыя, так і дзеці. Хто едзе бліжэй да мора, на прэстыжныя курорты, хто да бацькоў у вёску. Каб толькі ўцячы ад тлуму цывілізацыі.
Але ёсць яшчэ адна катэгорыя людзей, якія, па словах многіх сучаснікаў, "трацяць час у вачах свету”. Гэта тыя, каго мы называем пілігрымамі, хто кіруе свае крокі да святыняў. Нехта з іх шукае шлях да Творцы, хтосьці ідзе прасіць у Яго, Усемагутнага, дапамогі, парады, а хто і нясе Яму, Найласкаўшаму, падзяку.
Бог даў нам пасрэдніцу, праз якую мы можам перадаць свае просьбы Усявышняму – Маці Божую. Менавіта да Яе, нашай Заступніцы, мы найчасцей і звяртаемся. Шлях да Маці Божай, слынны абраз якой знаходзіцца ў польскім горадзе Чанстахове, абралі пілігрымы з Салігорска, якіх гасцінна прымалі парафіяне касцёла Святога Францішка з Асыжу ў Свіслачы разам з ксяндзом Валерыем. Пілігрымка нязвыклая – на веласіпедах. Удзельнікі – людзі рознага ўзросту, мужчыны і жанчыны. Загарэлыя, стомленыя, але вельмі шчаслівыя. Апякалі іх чатыры манаха-францысканца.
Калі я ўбачыла высокага мужчыну гадоў пад пяцьдзясят у спартыўнай форме, падумала, што гэта трэнер. А назаўтра ўдзельнічала ў імшы, якую як святар адпраўляў гэты ксёндз-"трэнер”. Ён прамовіў Слова Божае для пілігрымаў і парафіян, крануў сэрцы прысутных глыбінёй разважання пра мэту пілігрымкі, пра шляхі чалавека да Бога.
На пачатку імшы былі зачытаны просьбы, з якімі пілігрымы едуць да Маці Божай у Чанстахову: просьбы аб спакоі на свеце, аб благаславенні нашай Айчыне, свае асабістыя. Сваю радасць і свой боль, просьбы і падзякі тых, каго сустрэлі і яшчэ сустрэнуць на сваім шляху, пілігрымы з Салігорска павязуць Маці Божай. Молім Бога, каб шчаслівым і бяспечным быў іх шлях.
Л. ЛУКША,
парафіянка.