Лялечны тэатр кнігі "Кніжынка” Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі парадаваў чарговай прэм’ерай "Святло і шчырасць казак Караткевіча”. На гэты раз яна была прысвечана 85-годдзю з дня нараджэння пісьменніка.
Чытаючы казкі выдатнага беларускага празаіка, пачынаеш вандраваць з героямі па «нейкім прыгожым краі, трошкі бліжэй да Сонца і трошкі далей ад Месяца… багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азёрамі ды цёмнымі пушчамі». Падарожныя, якія сустрэліся ў гэтай вандроўцы, былі героі казкі "Вясна ўвосень”, па матывах якой і быў падрыхтаваны лялечны спектакль. На яго першы паказ былі запрошаны наведвальнікі аздараўленчага лагера "Сонейка” гімназіі № 1 ім. К. Каліноўскага. Дзеці сталі сведкамі гісторыі хлопчыка Янкі, які цяжка захварэў і быў перакананы, што толькі дзякуючы Сонейку яго хвароба адступіць. Але ж Сонца схавана за хмарамі, усе мушкі, усе звяркі пахаваліся, птушкі адляцелі ў вырай, хто спіць у сваім дупле ці норцы, так як на двары глыбокая восень. Разбудзіць Сонейка і вылечыць браціка адпраўляецца Алёнка. Яна кліча на дапамогу птушак і звяркоў. Але не простыя адносіны былі ў Янкі з птушкамі і хатнімі жывёламі, многа каго крыўдзіў у свой час хлопчык. Алёнка з дапамогай гледачоў, іх ведаў пра жыццё птушак і звяроў, вясёлых песень робіць цуд – яны згаджаюцца разбудзіць Сонейка: хто сваім голасам, хто сваім спевам. На зямлю ўпаў першы праменьчык… Яно зірнула на ўсіх і абагрэла сваімі ласкавымі промнямі Янку, ад якога і сапраўды адступіла хвароба. Так, дзякуючы дабрыні, сяброўству, узаемадапамозе, спагадзе людзей у адносінах да ўсяго жывога ўвосень прыйшла вясна. А Янка з Алёнкай у сваю чаргу паабяцалі птушкам і звяркам ніколі іх не крыўдзіць і дапамагаць у цяжкі час. «Каб ніколі не тужыць, трэба шчыра ўсім дружыць!» – такімі словамі песні скончыўся спектакль, і гледачы доўга дзякавалі артыстам апладысментамі.
Людмила БАЛЫШ.