banner

На могілках лёгка прасіць прабачэння

17 Апреля’15
1464
Радаўніца – дзень, калі мы памінаем усіх памерлых. Мы ідзем на могілкі, запальваем свечкі, ціха молімся і просім прабачэння. У кожнага з нас ёсць за што папрасіць прабачэння ў бацькі ці маці, у бабулі ці дзядулі, у мужа, жонкі, сястры, брата… За пагарду, раўнадушша, злосць, сквапнасць, за крыўдныя словы, сказаныя з гарачкі ці наўмысна, каб зрабіць балюча.
Так ужо вядзецца ў нас, людзей, што на могілках так лёгка прасіць прабачэння, шчыра, са слязамі, а гледзячы ў вочы жывому чалавеку – проста невымоўна цяжка. Не кажучы ўжо аб тым, каб падарыць кветкі блізкаму чалавеку. Затое па смерці… 
Перад памінальнымі днямі спяшаемся купіць штучныя кветкі, каб «дагадзіць» кожнаму памерламу роднаму чалавеку. 
А ёсць і такія магілкі, да якіх даўно-даўно ніхто не прыходзіў. Яны выглядаюць адзінока і сіратліва сярод дагледжаных. Забытыя!..  
Як гэта страшна, калі сыходзяць у забыццё тыя, хто карміў сваім малаком, насіў на руках, вучыў, выпраўляў у людзі. Відаць, тыя "ў людзі” так далёка, што ні цягнікі не ходзяць, ні аўтобусы не ездзяць, і ніякі другі транспарт не курсіруе. Вось і зарастае магілка бур’яном, а з помніка ўсё глядзяць у далячынь сумныя вочы, чакаючы, а можа, хто прыйдзе…
Радаўніца – памінальны дзень. Давайце паспяшаемся ў "горад маўчання”, дзе нас чакаюць нашы родныя, запалім свечку, пастаім, памолімся за іх душы і перадамо святару запіску з дарагімі імёнамі. Няхай пачуе іх Гасподзь, няхай супакоіць і даруе жыццё вечнае. 
Давайце не будзем забываць і пра жывых, скажам добрае слова маці ці бацьку, мужу, жонцы, брату, сястры. Каб потым не мучыла сумленне, каб не спяшацца з запозненым раскаяннем да маўклівай магілы.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Весенний день год кормит