
Радуе тое, што храмаў на Беларусі становіцца ўсё больш і больш, што не проста будуюцца новыя, а ўзнаўляюцца на месцы раней існуючых, якія ў розныя неспрыяльныя часы нашай гісторыі былі бязлітасна парушаны, знішчаны, спалены... І, канешне ж, я веру, што ў нас не здарыцца такой сітуацыі: храмаў многа, а веруючых мала... Аднак будынак – гэта яшчэ не ўсё. Нам усім разам трэба змагацца за душу беларуса, за напаўненне яе высакароднасцю і святасцю, дабрынёю і ахвярнасцю. Добра, што ў нас усё больш актыўна пачынаюць выходзіць царкоўныя газеты і часопісы.
Я лічу, што ад нас саміх у многім залежыць змест і аб’ём сучаснай рэлігіі, што мы самі з’яўляемся стваральнікамі канфесіянальнай гісторыі пачатку ХХІ стагоддзя. Больш таго, сёння ў нашай краіне змешаныя шлюбы, і ў сувязі з гэтым нярэдка назіраецца пераход маладых з адной канфесіі ў другую... А гэткая інтэрнацыяналізацыя – таксама станоўчая з’ява ў нашай духоўнасці. Прыходзяць у храмы і шматлікія паломнікі, каб ушанаваць святыя іконы.
Вера павінна трывала зацвярджацца ў народзе. Нават той, хто не верыць у Бога, абавязаны спыніцца ля храма, бо тут – самае святое, самае намоленае месца. Тут можна проста пастаяць, падумаць пра сэнс свайго жыцця, лагодна ўсміхнуцца бліжняму, дапамагчы абяздоленаму... Без веры чалавек становіцца духоўным інвалідам. Больш пачэснага і прыгожага месца, дзе ваша душа спавядаецца вечнасці, чым храм, я не ведаю... Бог – гэта нешта накшталт радыёстанцыі нашай душы, аднак мы, зямляне, вельмі часта дрэнныя і няўдзячныя прыёмнікі.
«На Беларусі Бог жыве!» – так паэтычна і сімвалічна засведчыў знакаміты сын народа, мой любімы пісьменнік Уладзімір Караткевіч. І Вера з вялікай літары павінна назаўсёды пасяліцца ў сэрцы кожнага беларуса. Мы ўсе разам павінны праяўляць прыхільнасць да рэлігійных каштоўнасцяў. Удакладню: Бог жыве ў тваім сэрцы!
Радуе, што колькасць вернікаў на Беларусі не змяншаецца. Радуе, што сёння ў храмы цягнуцца не толькі дарослыя, але і моладзь. Храм вучыць нас дабрыні і міласэрнасці. Пропаведзі зачароўваюць многіх глыбінёй думак, змястоўнасцю і даходлівасцю. Чалавеку хочацца часам проста пабыць у цішы, самнасам з Богам.
Сёння мне страшна нават уявіць гэты найвялікшы грэх – дэмантаж званоў для чаканкі дробнай разменнай манеты. Званы пераплаўляліся ў савецкіх мартэнах. Так на доўгія гады на Беларусі сціх мілагучны сэрцам нашых продкаў перазвон, які перастаў цешыць слых вернікаў. На некалькі дзесяцігоддзяў змоўклі званы ў большасці храмаў Беларусі.
«Па кім звоніць звон?» – задаў аднайменнай назвай свайго рамана пытанне чалавецтву знакаміты класік амерыканскай літаратуры Эрнест Хемінгуэй. Ён звоніць па нас, зямлянах, абыякавых і маладухоўных. Напаўняйце, людцы, свае сэрцы боскасцю і святасцю, дабрынёй і спагадай бліжняму! Трэба маліцца і верыць!
Канстанцін КАРНЯЛЮК.
Фото Григория ШИРЯЕВА.