banner

Арганістка Вольга

07 Апреля’15
1117
Арганістка ВольгаКалі маленькая Оля Пузыр упершыню пераступіла парог каталіцкага Храма, яе найбольш здзівіла цудоўная музыка і спеў, які разліваўся па касцёле. Яна бачыла, як ад гэтай музыкі і спеву святлелі твары людзей, як радасна свяціліся іх вочы. Яна ўжо тады закахалася ў той інструмент, які выдаваў такія чароўныя гукі.
Волечка пайшла ў школу і паралельна паступіла ў школу мастацтваў вучыцца іграць на фартэпіяна. І вось аднойчы Оля ўпершыню села за клавішы сінтэзатара ў касцёле. Як трапяталася ад хвалявання яе сэрца, як баялася яна, што нешта не атрымаецца, што яе музыка будзе адрознівацца ад той, якую яна прывыкла чуць кожную нядзелю. Але не. Адзін, другі акорд, і ўвесь касцёл напоўніўся цудоўнымі гукамі, а потым паліўся спеў. У дзяўчыны цудоўны голас і, зліваючыся з музыкай, ён становіцца яшчэ прыгажэйшым, яшчэ чароўнейшым. Разам з ёй заўсёды была сяброўка Віка Ярашынская. Яны па чарзе садзіліся за клавішы і аддавалі сябе ў палон духоўнай музыкі.
Зараз дзяўчаты ўжо выраслі і нават самі сталі матулямі. У Вольгі расце дачушка Насця. Сям’я жыве ў Гродна, але не было той нядзелі ці свята, каб яна не прыехала ў Свіслач і не села за клавішы ў касцёле. 
Заўтра, калі ў святым Храме збярэцца мноства людзей, арганістка Вольга Дзяцел, як заўсёды будзе сядзець за клавішамі. І незвычайная музыка зноў напоўніць касцёл.

 Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота аўтара.

Предыдущая статья

Хлопчык у белай комжы