У гэтую нядзелю католікі святкуюць дзень урачыстага ўваходу Гасподняга ў Іерусалім і адзначаюць пачатак Тыдня мук Гасподніх, які прысвячаюць успаміну пра апошнія дні зямнога жыцця Збавіцеля, смерць і пахаванне яго. Калі народ вітаў Яго, то клаў пад ногі сваю вопратку і пальмавыя галіны, усклікаючы: «Гасанна! Благаславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе!» Паколькі ў нас пальмы не растуць, у гэты дзень вернікі прыходзяць у храм з галінкамі вярбы, якая першай распускае свае лісточкі вясною.
Па велічыні важнасці гэтых падзей кожны дзень апошняга перадсвяточнага тыдня называецца святым і вялікім. Вернікі праводзяць іх у строгім устрыманні, шчырай малітве, у подзвігах дабрыні і міласэрнасці.
Пасля асвячэння вербных галінак некалі прынята было сцябаць імі адзін аднаго з прыгаворкамі і пажаданнямі: «Не я б’ю – вярба б’е. За тыдзень – Вялікдзень», «Хвароба ў лес, здароўе ў косці». Верылі, што, б’ючы галінкамі, можна перадаць чалавеку здароўе, жыццёвую моц, хараство гэтага дрэва, якое першым абуджаецца ад зімовага сну: «Будзь здароў увесь год, як калядны лёд», «Будзь здароў, як вада, а расці, як вярба».
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фото Григория ШИРЯЕВА.