Гэта цудоўна, што новы 2015 год у нашай краіне аб’яўлены Годам моладзі. Мы, дарослыя, нярэдка папракаем юных, што тыя не ўмеюць жыць, маўляў, вось я ў твае гады… Мы, умудроныя вопытам і "заручыўшыся” сівізной, часта павучаем дзяўчат і хлопцаў да нудоты, да нервовага зрыву апошніх… Мы і ў ХХІ стагоддзі працягваем выходзіць на барыкады па розныя бакі – бацькі і дзеці. Адным словам, розныя пакаленні. Аднак сёння я хачу пагаварыць аб тым, колькі ж сярод нас жыве добрых, прыгожых, высокаінтэлектуальных, актыўных і творчых маладых людзей. Бацькаўшчыну будаваць менавіта ім.
Мне ўзгадваецца выпадак, калі выпускнік тэхнічнага ўніверсітэта за тыдзень зрабіў праект, над якім карпелі амаль квартал вопытныя інжынеры праектнага інстытута… А колькі карысных спраў штодзённа праводзіць БРСМ. Вельмі добра, што маладых суайчыннікаў хвалюе, як зрабіць сваё жыццё яшчэ больш духоўна разнастайным і насычаным, накіраваным на здаровы лад жыцця і карысць краіны. Як педагог я перакананы: беларуская моладзь – генератар многіх важных дзяржаўных ідэй. Ды і дзяржава пастаянна клапоціцца, каб развіваць творчы, навуковы і прафесійны патэнцыял моладзі, актыўна прыцягваць маладых да правядзення шматлікіх сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.
Разумею, што ўзрост да трыццаці – надзвычай важны этап жыцця, далейшай кар’еры чалавека. У жыццё якраз і выходзяць актыўныя маладыя людзі з добрай тэарэтычнай падрыхтоўкай пасля ВНУ, і гэта менавіта той перыяд, калі яны робяць усвядомлены выбар, ставяць канрэтныя мэты, пачынаюць удасканальвацца ў сваёй прафесіі. І таму вельмі важна разгледзець і падтрымаць лепшых спецыялістаў сярод тых, хто жадае і зможа ў будучым скласці аснову кіраўніцтва дзяржавай. Перакананы, наша моладзь сёння падрыхтавана да сур’ёзных задач, яна хоча добра зарабляць, будаваць аптымістычную будучыню і ў цэлым мае цвёрдую грамадскую пазіцыю. І наша дзяржава ўскладвае на маладых вялікія надзеі, таму што моладзь – самая сацыяльна актыўная частка насельніцтва, якая пастаянна нясе новыя ідэі і арыгінальныя думкі, прымяненне якіх можа дапамагчы развіццю айчыннай эканомікі, сацыяльнай палітыкі. Моладзь прывыкла акрэсліваць уласныя межы, уласную прастору, падчас нават не задаючыся пытаннем, ці вытрымае арганізм. Але арганізм заўсёды вытрымлівае…
Нам жа, дарослым, трэба не толькі ўступаць у прыязны дыялог з моладдзю, трэба проста разам з ёй дзейнічаць. А калі мы сапраўды мудрыя, то абавязкова павінны падтрымаць, нават уратаваць маладых ад пагібелі, наркотыкаў, алкагалізму, папярэдзіць непапраўнае і незваротнае.
І хіба дзеці – не адлюстраванне сваіх выхавацеляў? А прадпрымальнасць маладых вартая вопыту старых. Я лічу, што грамадства, дзе не шануюць пажылых і дзе не любяць моладзь, аднолькава недасканалае. У аднаго з маіх любімых пісьменнікаў Марка Твена я знайшоў такія залатыя словы: "Калі мне было чатырнаццаць гадоў, мой бацька быў такі неразумны, што я з цяжкасцю пераносіў яго, аднак калі мне споўніўся дваццаць адзін год, я быў так здзіўлены, што гэты стары чалавек за мінулыя сем гадоў так паразумнеў…” Варта задумацца над гэтымі словамі і дарослым, і маладым.
Дарослыя, паважайце моладзь! Наступныя пакаленні будуць разумнейшымі і прыгажэйшымі за нас па вызначэнні – у гэтым, мусіць, і заключаецца сэнс заканамернай эвалюцыі. Чалавек малады да таго часу, пакуль яго аптымізм, фантазіі і мары яшчэ здольны супрацьстаяць падчас змрочным адчуванням рэальнасці. Давайце і мы імкнуцца да таго, каб старасць нас дома не застала…
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог, г. Віцебск.