banner

Скарб, які збіралі нашы продкі

21 Февраля’15
2054
Аляксандр Крывіцкі пісаў: "Роднае слова  ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці яшчэ ў маленстве. У ціхім журчанні матчыных песень-калыханак, у яе пяшчотных ласках, голасе. Незвычайнае хараство і зладжанасць чуецца нам у гучанні роднага слова. Яно то ласкавае і пяшчотнае, як подых летняга ветру, то шырокае і плаўнае, як далячынь палёў і азёрныя блакіты, то звонкае і пералівістае, як празрыстыя крыніцы і песні птушак”.
Родная мова... Родная – значыць блізкая  сэрцу. Родная – гэта тая, якую мы ўвабралі ў сябе разам з малаком маці. Родная – гэта тая, на якой размаўлялі нашы дзяды і прадзеды.
Я нарадзілася, жыву і буду жыць у Беларусі, таму родная мова для мяне – гэта, безумоўна, беларуская.  
Я вельмі добра памятаю сваё знаёмства з роднай мовай... Гэта  здарылася, калі я была яшчэ маленькая. Мама з татам завязлі мяне да прабабулі, а самі пайшлі ў грыбы. Бабуля вельмі ўзрадавалася, калі ўбачыла мяне. Мы пайшлі дадому, яна пачаставала мяне "бондачкамі” і, як заўсёды, у яе буфеце знайшліся для мяне цукерачкі і сухі кісель, які я вельмі люблю і цяпер. Потым бабуля доўга расказвала мне ўсялякія цікавыя гісторыі, але... я пачала сумаваць па маме з татам. Мае дзіцячыя капрызы ўзялі верх: я пачала плакаць. Бабуля ўсякім чынам намагалася мяне супакоіць, але не дапамагаў нават кісель. Тады бабуля сказала: "А пайшлі на вуліцу, мы з табой каралі зробім.” Я здзівілася. Што гэта "каралі”? І мне стала цікава. У маёй галаве бушавалі самыя розныя асацыяцыі: і карабель, і санкі, і кароль... Мы выйшлі на вуліцу, і яна паказала рукой на рабінку пад акном. Я здзівілася яшчэ больш. Мы падышлі да дрэўца, і бабуля пачала зрываць ягады рабінкі і нанізваць іх на іголку з ніткай. Заўважыла ў маіх вачах здзіўленне і пытаецца: "Ты, мусіць, не ведаеш, што такое каралі?” Я ёй адказала, што не ведаю. Вось тады бабуля растлумачыла, што каралі – гэта "бусы”, пацеркі – гэта "бусинки”, пазнаёміла мяне яшчэ са многімі спрадвечна беларускімі словамі. Тады я забылася пра ўсё на свеце, нават (на нейкі час) пра маму з татам.
 Цяпер, калі прабабулі не стала, я прыязджаю ў яе хату, гляджу на гэту рабінку і разумею: вось тут, у гэтым месцы, з тых караляў і пачалася мая любоў і адданасць беларускай мове.
У кожнага беларуса, напэўна,  ёсць нейкая свая гісторыя знаёмства з роднай мовай. Я хачу верыць у тое, што кожны чалавек, які называе сябе беларусам, патрыётам, ганарыцца сваёй мовай, бо мова – гэта скарб, які вякамі збіралі нашы продкі. Яны сабралі! Мова ёсць! Вось яна, бяры, карыстайся! Разумееце, пра што я, так? Праблема беларускай мовы ў сучасным грамадстве. Дзе яны? Дзе людзі, якія размаўляюць па-беларуску? Калі глядзець на сучасную моладзь, то сапраўды сорамна. Няма тых, хто з гонарам размаўляе на беларускай мове. А калі ёсць, то гэта выключна рэдкая з’ява, бо кожны стараецца нічым не вылучацца сярод іншых.
Герой твора Я. Коласа "На ростанях” Андрэй Лабановіч аднойчы сказаў вельмі правільныя словы: "Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я – англічанін! Тое самае скажа француз, аўстрыец, рускі і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы – беларусы. Над намі пануе шаблон, шаблон пустых слоў, пустыя выразы, чужыя формы думак і чужы змест іх. Выходзячы з гэтага, мы адварочваемся ад свайго роднага, не шануем яго, мы стыдаемся яго!” Узяць нават сітуацыю, калі ездзяць адпачываць за мяжу. Чаму не паказаць усім сваёй гаворкай, што ты беларус, што ты прыехаў з Беларусі. Сорамна гэта так ці што? Беларускія людзі ўбілі сабе ў галаву, што гэта сорамна! І толькі сапраўдныя патрыёты карыстаюцца роднай мовай і ганарацца гэтым.
У мінулым годзе я ездзіла на зборы, дзе мяне і ўсю каманду Гродзеншчыны рыхтавалі да рэспубліканскай алімпіяды. У нашай камандзе існавала абавязковае правіла: "Размаўляй па-беларуску”. І мы як сапраўдныя патрыёты сваёй краіны два тыдні размаўлялі толькі па-беларуску. Гэта вельмі здорава! Калі ты размаўляеш па-беларуску, то і думкі пачынаюць з’яўляцца таксама на беларускай мове. А калі пачынаеш гутарыць па-беларуску ў магазіне або ў грамадскім транспарце, то неяк смешна назіраць за тым, што людзі глядзяць на цябе, як на антыкварыят. Тады хочацца крыкнуць: "Людзі, вы што, звар’яцелі? Гэта не павінна быць дзіўным, што я размаўляю па-беларуску! Бярыце прыклад! Карыстайцеся роднай мовай!”
Гэтай гісторыяй я хацела сказаць, што патрэбна шукаць штуршок, выцягваць са сваёй душы тую захаваную любоў да роднага і карыстацца мовай. Карыстацца! У мяне надзвычай часта ўзнікае пытанне: "Чаму? Чаму не карыстаемся?” Думак шмат, але адказу на пытанне няма. Ірландскі вучоны Дэві аднойчы сказаў: "Кожны народ павінен аберагаць сваю мову больш, чым граніцы.” А, можа, і сапраўды, мова – гэта як святочная сукенка, якую мы так шануем і аберагаем, што схавалі недзе далёка і толькі ведаем, што яна ў нас ёсць? Можа так? Але не вельмі падобна да праўды... Напэўна, адказ крыецца недзе глыбей. А я мяркую, што на гэтай загадкавай ноце можна скончыць сваё разважанне. А ў заключэнне, раздзяліўшы думкі з Францішкам Багушэвічам, хочацца сказаць: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”

Дзіяна  КАЗІМІРЧЫК,
вучаніца 10 класа Поразаўскай СШ.

Предыдущая статья

Доступно и по сути