banner

Скарбніца жыцця Анастасіі Андрэеўны

14 Февраля’15
1780
Скарбніца жыцця  Анастасіі АндрэеўныСям’я Гіржонаў вярнулася ў Грынкі ў халодным і галодным 1944-м. Акурат на Каляды. І хоць блізкія сустрэлі зусім не багатым сталом, толькі бульбай з квасам ды капусткай, на сэрцы было цёпла і радасна. Родны кут, любая сэрцу зямелька і такія блізкія аднавяскоўцы…
Іх сям’ю, як і іншыя, за некалькі дзён да пачатку вайны вывезлі ў Сібір. Далёка-далёка ад Радзімы яны не чулі выбухаў, стрэлаў, не бачылі слёз і крыві, але сэрцам і душой заўсёды імкнуліся ў родную Беларусь.
Усю сям’ю – бацькоў і чацвёра дзяцей – прыняла бацькоўская хата. Вядома, тут было вельмі цесна размясціцца вялікай сям’і. Андрэй Сцяпанавіч Гіржон – на той час добры будаўнік – працаваў з рання і да цямна, каб зарабіць на ўласны дом. Дзеці раслі працавітымі, ва ўсім дапамагалі бацькам.
Анастасія не раз цішком паглядала на суседскага хлопца Пятра Варонку. Той таксама, калі чэрпаў ваду з сумеснага калодзежа, толькі шукаў вачыма суседку-прыгажуню. Маладыя неўзабаве пачалі сустракацца і хутка пажаніліся. Пражылі разам 41 год, як адзін дзень, у згодзе ды павазе.
Сёлета Анастасія Андрэеўна Варонка рыхтуецца да свайго юбілею – 16 лютага ёй споўніцца дзевяноста гадоў. Што і казаць, ужо даўно няма дзявочай рухавасці, а вось вочы ззяюць, ды душа засталася такая ж маладая і прыгожая, як раней. 
Муж яе Пётр быў добрым чалавекам. З маленства рос сіратой. Маці памерла рана, а мачыха родным чалавекам не стала. Бацьку яго, Аляксандра Осіпавіча Варонку, разам з яго старэйшым братам і іншымі настаўнікамі навакольных вёсак расстралялі немцы ў сакавіку 1942 года. Тады хлопчыку было ўсяго дванаццаць. Вось так і вырас Пётр на сірочым хлебе. Вывучыўся на агранома і шмат гадоў працаваў у мясцовай гаспадарцы.
Уласны дом сям’я Варонкаў пабудавала ў 70-я гады. Вялікі і ўтульны. Выгадавалі і благаславілі на добры шлях чатырох сыноў. Ішлі гады, дзеці, нібы птушкі, разляцеліся па свеце – хто блізка, хто далёка ад роднага дома. Павел асеў са сваёй сям’ёй у Коханава, што на Віцебшчыне. Віктар стаў нейрахірургам, жыве ў Брэсце. Сяргей у Ленінградзе знайшоў сваё шчасце, а вось Аляксандр доўгі час жыў разам з бацькамі. 
Акрамя любові да сваіх дзяцей, Анастасія Андрэеўна ніколі не скупілася на цеплыню і ласку для выхаванцаў дзіцячага сада. Трыццаць гадоў запар кожную раніцу з вялікім задавальненнем спяшалася да дзетвары. Для яе няма нічога больш дарагога і радаснага ў жыцці, як назіраць за малымі: дапамагаць ім рабіць першыя нясмелыя крокі, слухаць першыя словы, сустракацца позіркам з пытлівымі вачанятамі… «Нянечку Андрэеўну» любілі ўсе. Багаты вопыт абыходжання з дзецьмі спатрэбіўся, калі дапамагала выхоўваць дзесяць унукаў і шасцёра праўнукаў.
За дзевяць дзясяткаў гадоў прыйшлося перажыць шмат выпрабаванняў. У 1990 годзе памёр яе Пётр. Пахавала яна і траіх сваіх сыноў. 
З задавальненнем яна наведвае родных і блізкіх. Часта бывае ў Брэсце ў сына Віктара. Ён пабудаваў свой дом, дзе абставіў пакойчык для любай матулі. Але Анастасія Андрэеўна не спяшаецца пераязджаць да сына. Яна вельмі любіць, калі яе вялікі дом у Грынках напаўняецца звонкімі галасамі ўнукаў і праўнукаў. Яны з задавальненнем дапамагаюць падтрымліваць парадак у доме, ладзяць для бабулі святы. І кожная такая сустрэча – працяг яе доўгага жыцця.

Марыя Самалевіч,
аг. Грынкі.

Предыдущая статья

Расторжение трудового договора