banner

І льецца над роднай зямлёю запаведны пушчанскі напеў...

31 Декабря’14
2056
І льецца  над роднай зямлёю  запаведны  пушчанскі напеў...Колькі б разоў не выходзіў артыст на сцэну, як бы старанна не рыхтаваўся да новай сустрэчы з гледачамі – ён заўсёды будзе ў хваляванні, у роздуме да апошняй хвілінкі: ці ўсё адшліфавана, ці будзе праграма менавіта такой, каб уразіць публіку, каб і артыст, і гледачы атрымалі ад відовішча сапраўдную асалоду. 
Менавіта так жыве і працуе народны ансамбль песні і музыкі "Пушчанскія напевы”. Такую мілагучную назву падарыла калектыву Аліна Іванаўна Адашчык, чалавек неабыякавы да роднай спадчыны.
Па праўдзе кажучы, ансамбль – гэта дзіця, якое выпеставала і выгадавала Святлана Мікалаеўна Лукашэвіч – дырэктар Пацуеўскага Дома культуры. Яна з самага маленства любіла песню – беларускую, рускую, украінскую. Спявала, дзе толькі магла, і вельмі зайздросціла работнікам культуры. Прырода надзяліла яе моцным прыгожым голасам і жаноцкай абаяльнасцю. І жыццёвая дарога ўсё ж такі прывяла ў Пацуеўскі Дом культуры, дзе Святлана Мікалаеўна спачатку (у 1993 годзе) працавала мастацкім кіраўніком, а з 2011-га – дырэктарам. 
На той час моцнай была жаночая вакальная група. Луналі гаворкі пра добры песенны калектыў, і толькі ў 2007-м, дзякуючы намаганням Святланы Мікалаеўны, заспявалі "Пушчанскія напевы”. У 2008 годзе калектыў атрымаў званне народнага, а гэта значыць, што праца па падбору рэпертуару, па складу інструментальнай групы заўсёды вялася грунтоўна і адказна.
Твар калектыву – гэта, па-першае, інструментальная група. Яе ўдзельнікаў, як і розныя музычныя інструменты, прыйшлося збіраць па кропелькам. 
Першай у калектыў прыйшла Ірына Барэль. Яна выдатная скрыпачка. Усе заўсёды прыслухоўваюцца да яе заўваг і парад. Яна таксама ўгаварыла прыйсці ў ансамбль свайго мужа Віктара – баяніста-віртуоза. І зараз можна сказаць, што ён – душа творчага калектыву. Высокапрафесійна валодае кантрабасам Уладзімір Патоніч. А зусім нядаўна ў ансамбль прыйшла маладая цымбалістка – Людміла Ганчарук. 
Калектыў выступае ў прыгожых касцюмах (у наяўнасці восем жаночых і пяць мужчынскіх), галаўныя ўборы ўдзельнікаў выраблены з саломкі. 
Таісія Церабілка ў калектыве з першага дня яго заснавання. Працуе больш за 23 гады прыбіральшчыцай службовых памяшканняў. Музычнай адукацыі ў яе няма, але як не заспяваць у такой творчай атмасферы?! Чалавек яна вельмі вясёлы і задорны. Любіць гумар, а ў самую складаную хвіліну можа падтрымаць і развесяліць.
Марына Горбач музычную адукацыю атрымала на Украіне. Добра валодае фартэпіяна, акардэонам, бубянцамі. З’яўляецца мастацкім кіраўніком, арганізуе дзейнасць аматарскіх аб’яднанняў "Дарослыя і дзеці” і "Голас”. Марына – яркі і адкрыты чалавек. Яна заўсёды ў добрым творчым настроі.
Алена Дубанос – працуе бібліятэкарам. Яна ўлілася ў творчы калектыў з дня яго заснавання. Яе канёк – валоданне рознабаковай інфармацыяй. З перыядычнах выданняў, у інтэрнэце знаходзіць яна новыя мелодыі, песні, цікавыя вершы. Менавіта з яе лёгкай рукі ў рэпертуары ансамбля з’явіліся песні "Дажынкі”, "Хлеб ды соль”, "Гудзе вяселле і гудзіць” і многія іншыя. 
Два гады таму назад прыйшла ў калектыў Наталля Шчэрбань і заварыжыла ўсіх сваім цудоўным звонкім голасам. Яна стала салісткай ансамбля. У яе вядучая першая партыя. А разам са Святланай Лукашэвіч атрымаўся проста шыкоўны дуэт. Зараз Наталля – кіраўнік ансамбля.
Апошнім часам у калектыве з’явіліся яшчэ два новых голаса. Сюды прыйшлі  Таццяна Філіновіч і Таццяна Казакевіч.
Усе ўдзельнікі народнага ансамбля песні і музыкі "Пушчанскія напевы” – актыўныя і ініцыятыўныя. Што граюць, што спяваюць – вялікае задавальненне слухаць. У мароз і холад, у вецер і сцюжу едуць артысты да людзей, каб падняць ім настрой, расфарбаваць іх шэрыя будні. 
Апошнім часам мне пашчасціла весці канцэртныя праграмы з удзелам "Пушчанскіх напеваў”. Разам мы аб’ехалі ўвесь Свіслацкі раён і Зельвенскі, выступалі ў аграгарадках Воранаўскага і Шчучынскага раёнаў, у Навагрудку. Усюды "Пушчанскія напевы” збіраюць поўныя залы, іх сустракаюць цёплымі апладысментамі, ад іх выступленняў застаюцца добрыя ўражанні. А ў 2008 годзе ансамбль пабываў у  Польшчы ў горадзе Гайнаўка. Лічу, што "Пушчанскія напевы” могуць быць сапраўднай візітнай карткай Свіслаччыны за мяжой.
Напярэдадні навагодніх святаў хачу пажадаць калектыву плёну і творчых поспехаў. Дзякуй вам за святло, што дорыце людзям, за цеплыню вашых сэрцаў!

Марыя Самалевіч.

Предыдущая статья

«Радио Гродно» – слушай свое!