Дзе ты, Барс?

10 Декабря’14
1608
Пусцеюць вёскі, пусцеюць… Маладыя раз’ехаліся па свеце, шукаючы сваю долю. А старыя не хочуць пакідаць родны куток. І хоць дзеці клічуць да сябе, яны не вельмі спяшаюцца. Па-першае, шкада нажытага, а па-другое, не хочацца дакучаць дзецям. Ды і бываюць выпадкі, калі старыя вяртаюцца дамоў. Бо дома найлепей. Сам сабе гаспадар.
Так і жывуць. У адной хаце адна, цераз некалькі пустых – другая. Большасць адзінокіх – жанчыны. Зранку звычайна перазвоньваюцца: "Ну, як ты там маешся?” Пагавораць пра навіны, а найбольш пра хваробы. Вядома, дзеці іх не забываюць, адведваюць, дапамагаюць. А бабулькі не могуць без справы. І ў кожнай такой жанчыны свая "гаспадарка”: некалькі курачак і коцік.
А ў Яўгеніі Іосіфаўны Шыманчук з Крапіўніцы яшчэ і сабака быў. Вялікі чорны прыгажун Барс. Жыў ён у яе без прывязі. Быў вельмі разумны, добры. Ад хаты не адыходзіўся. Для кожнага наведвальніка ў яго быў свой голас. Гаспадыня па яго брэху ўжо ведала, хто да яе ідзе: ці то Мікалаеўна, ці Пэля, ці Сцеша, ці хто незнаёмы. А калі ўлетку жанчына ішла на свае градкі, абавязкова за ёю крочыў Барс, а за ім коцік. Садзіліся паблізу і назіралі за гаспадыняй, сачылі за кожным яе рухам. А пасля гэтая дружная сямейка ў тым жа парадку вярталася дамоў. 
Барс асабліва любіў, калі прыезджала аўталаўка. Як толькі чуўся сігнал машыны ў другім канцы вёскі, ён стрымгалоў ляцеў да свае хаты. Скуголіў, біў у дзверы  лапай. Быццам гаварыў: "Выходзь, гаспадынька, едуць прысмакі!” Да машыны заўсёды ішоў побач, садзіўся і чакаў, пакуль гаспадыня набярэ поўную сумку тых прысмакаў. Вядома, у першую чаргу ён атрымліваў які-небудзь пачастунак. Шафёр аўталаўкі амаль кожны раз прывозіў Барсу гасцінец: то костачку, то кавалачак каўбасы. Усе любілі гэтага разумнага сабаку.
Калі Іосіфаўна ішла куды-небудзь, Барс кожны раз праводзіў яе, а калі вярталася, сустракаў далёка ад дома. Ён быў для жанчыны радасцю, уцехай. І не толькі для яе. З ім і пагаварыць можна было. Здавалася, ён усё разумее, толькі не можа сказаць чалавечым голасам.
Аднойчы Яўгеніі Іосіфаўне спатрэбілася адлучыцца на некалькі гадзін. Вяртаючыся дадому,  яна здзівілася, што Барс не сустракае яе. І дома яго не было. Прапаў сярод белага дня. Не прыйшоў і ноччу. Жанчына не магла спаць, усё прыслухоўвалася: а мо, забрэша, а мо, вярнуўся…
Калі прыехала аўталаўка, усе здзівіліся, што Іосіфаўна прыйшла без Барса, шкадавалі, што згінуў. Людзі гаварылі, што Барса, мабыць, адзін з вяскоўцаў адвёў у суседнюю вёску ды аддаў за бутэльку водкі.  
Калі гэта так, мне хочацца звярнуцца да чалавека, якому прывялі крадзенага сабаку. Адвяжыце яго, пашкадуйце жанчыну. А дарогу ў Крапіўніцу ён сам знойдзе. 

Галіна Сямёнаўна ДУБАЙ, 
г. п. Бераставіца.
P. S. Мне ўжо 82 гады. Многа гадоў я жыла ў Крапіўніцы, працавала настаўніцай, потым дырэктарам школы. Цяпер жыву ў дачкі, але сувязі са сваімі знаёмымі, суседзямі не губляю. Вось і гісторыя з сабакам маёй добрай знаёмай не пакінула мяне раўнадушнай.  

Предыдущая статья

Отдаем предпочтение отечественным товарам