Ужо даўно заўважана, што паэтычныя творы асабліва плённа ствараюцца ў часіны глыбокіх выпрабаванняў, узрушэнняў і пакут народа. У час Другой сусветнай вайны менавіта паэты натхнялі народ на барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І сёння, у ХХІ стагоддзі, дзякуючы айчыннай ваеннай паэзіі мы зноў і зноў вяртаемся ў тыя горкія дні адступлення, адчуваем боль страт, сум воіна, ганарымся мужнай барацьбой партызан у тыле ворага, баявымі поспехамі салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Адметна, што ў вайну актыўна пачала развівацца масавая партызанская паэзія. Зразумела, што галоўнай у паэзіі стала тэма Радзімы, Бацькаўшчыны, Айчыны, яе лёсу. Значна паглыбіўся грамадзянскі пафас лірыкі.
Вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Анатоля Астрэйкі клікалі народ на барацьбу, умацоўвалі яго веру ў перамогу. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся верш "Беларускім партызанам” Янкі Купалы, у якім паэт пасылаў праклён Гітлеру-вампіру, фашысцкім нелюдзям, заклікаў партызан і ўвесь народ да барацьбы з лютым ворагам.
Вершы Пятра Глебкі "Вячэрнія думы”, "Смерць салдата”, "Партызаны” паказвалі радавых вайны, сілу іх духу. Петруся Броўку найперш хвалявалі гераічныя характары, подзвігі рэальных удзельнікаў вайны – Ф. Смалячкова, Ц. Бумажкова. Драматызм і трагізм – гэта самыя характэрныя адзнакі вершаў і балад Аркадзя Куляшова ("Ліст з палону”, "Над брацкай магілай”, "Камсамольскі білет”). У паэзіі Максіма Танка загучалі гарачыя заклікі, наказы ("Не шкадуйце, хлопцы, пораху!”, "Вастрыце зброю!”). Бадай, адно з самых важных месцаў у паэзіі Вялікай Айчыннай заняла балада з вострым, напружаным сюжэтам ("Балада аб чатырох заложніках” Аркадзя Куляшова, "Герой” Пімена Панчанкі, "У завею” Максіма Танка”). Трэба дадаць, што ў вайну друкаваліся "аператыўныя” творы – вершы-заклікі, вершы-звароты, шматлікія сатырычныя вершы, памфлеты, эпіграмы, пародыі, у якіх з’едліва высмейваліся гітлераўцы і іх паслугачы. Прыкметны ўклад у ваенную паэзію Беларусі зрабілі таксама Мікола Аўрамчык, Алесь Бачыла, Канстанцыя Буйло, Васіль Вітка, Анатоль Вялюгін, Кастусь Кірэенка, Максім Лужанін, Антон Бялевіч і іншыя аўтары.
Напрыклад, верш Петруся Броўкі "Спатканне” – гэта глыбока праўдзівая салдацкая біяграфія. За плячыма салдата цяжкія ваенныя дарогі, гора, слёзы родных і блізкіх, смерць сяброў. З баямі ён дайшоў да бацькоўскай зямлі, знаёмых з дзяцінства мясцін, якія з цяжкасцю пазнаў. І пры відовішчы "засмучаных хат”, "здратаваных ніў”, "зганьбаванай” зямлі сціснулася ад болю сэрца салдата, запалала агнём помсты.
Моцны штуршок развіццю вялікай формы паэзіі – паэмы – у многім далі падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Драматычныя, трагічныя і разам з тым гераічныя ў сваёй сутнасці, яны найлепшым чынам маглі быць асэнсаваны жанрам паэмы, дзе лёс чалавечы і народны, сучаснае, мінулае і будучыня краіны і народа раскрываюцца ў яскравых, непасрэдных суадносінах. Сярод найбольш значных твораў таго часу перш за ўсё можна адзначыць паэмы "Адплата” Якуба Коласа, "Прыгоды цымбал” і "Сцяг брыгады” Аркадзя Куляшова, "Беларусь” Петруся Броўкі, "Янук Сяліба” Максіма Танка, "Эдэм” Змітрака Астапенкі, "Маладосць у паходзе” Пімена Панчанкі. Значэнне гэтых неўміручых шэдэўраў перш за ўсё ў тым, што гэтыя творы пра вайну і мір далі пачатак шырокай тэматычнай плыні, якая ўжо на наступных этапах развіцця літаратуры ўключала ў сябе многія творы лірычнага, ліра-эпічнага жанру, прысвечаныя барацьбе за мір, за захаванне і ўмацаванне гістарычных заваёў народаў.
У аснове ваеннай паэзіі як малых, так і вялікіх форм – рэальныя ваенныя факты: звесткі аб падзеях на фронце, прыклады гераізму воінаў, эпізоды партызанскай і падпольнай барацьбы. Нельга не заўважыць, што айчынная ваенная паэзія характарызуецца высокім і напружаным гучаннем, тонкім сплавам палымянай публіцыстычнасці, грамадзянскай страснасці і спавядальнасці. Увесь свой талент і паэтычныя здольнасці аўтары накіроўвалі на тое, каб паказаць жорсткасць і бесчалавечнасць ворага, натхніць воінаў на гераічную барацьбу, уславіць іх мужнасць, адвагу, самаахвярнасць, упэўніць веру людзей у хуткую перамогу над фашызмам.
Вялікая Айчынная вайна пакінула меткі на кожным пакаленні беларусаў. Але не павінна гаснуць памяць пра яе жудасныя і гераічныя падзеі. Перачытвайце, сябры, час ад часу менавіта творы ваеннага часу, і вашы сэрцы напоўняцца любоўю да нашай сінявокай прыгажуні-Бацькаўшчыны, а вашы душы – гонарам за рэспубліку-партызанку. Паэзія навучыць вас шанаваць жыццё і мір, бо за іх было аддадзена шмат чалавечых душ.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог, г. Віцебск