Пасля рэстаўрацыі адчыніў свае дзверы Музей-сядзіба Міхала Агінскага ў Залессі на Смаргоншчыне. Пакоі і інтэр’ер адраджалі па інвентарных запісах, успамінах сучаснікаў, па гравюрах мастакоў, напрыклад, Напалеона Орды.
Застаўся некранутым парк, дзе захаваліся помнікі настаўніку Міхала Агінскага Жану Ралену і паўстанцу Тадэвушу Касцюшку. Захаваліся дагэтуль старадаўняя альтанка, возера, рэшткі старога дуба. Кажуць, калі яго абхапіць рукамі і загадаць жаданне, яно абавязкова збудзецца.
...Нарадзіўся Міхал Клеафас недалёка ад Варшавы 7 кастрычніка 1765 года. Бацька яго быў трокскім ваяводам, маці – з вядомага роду магнатаў Шымбекаў. Хлопцу далі добрую дамашнюю адукацыю. Яго настаўнікам быў лепшы на той час рэпетытар Жан Рален. Сярод тых, хто вучыў маладога Агінскага музыцы, значыўся вядомы Осіп Казлоўскі – аўтар першага гімна Расійскай імперыі.
Таленавіты кампазітар напісаў больш за 40 фартэпіянных пьес, маршаў, у тым ліку 25 паланэзаў. Большасць з іх была створана ў Залессі.
Кар’ера Міхала складвалася даволі хутка і ўдала: пачынаючы з 1786 года, пасол у сейме, потым камісар скарбовай камісіі ВКЛ, літоўскі мечнік, надзвычайны пасланнік у Галандыі, дыпламат у Лондане. У 1791 годзе Агінскі вярнуўся на радзіму і ў Магілёве прысягнуў расійскай імператрыцы Кацярыне ІІ. Праз два гады ён ужо быў дэпутатам Гродзенскага сейма. У гэты ж час актыўна ўдзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі і на падтрымку паўстанцаў аддаў амаль усе свае грошы. Калі расійскія войскі ўвайшлі ў Вільню, Міхал выехаў у Варшаву, потым жыў у Вене, Парыжы, Венецыі.
Калі ўдзельнікам паўстання была аб’яўлена амністыя і Аляксандр І аддаў Агінскаму канфіскаваныя радавыя сядзібы, той прыехаў у Залессе (1802 год). Каля драўлянага маёнтка свайго дзядзькі Міхал пабудаваў каменны палац і аранжарэі, капліцу, альтанкі, млын, высадзіў парк у англійскім стылі. А яшчэ сабраў багатую бібліятэку. Маёнтак Агінскага лічыўся найпрыгажэйшай магнацкай сядзібай у Беларусі. Ён пражыў тут амаль да 1823 года. Вядома, адлучаўся адсюль на некаторы час па роду дзейнасці і службы.
У 1823 годзе Міхал Агінскі выехаў за мяжу ў Фларэнцыю – пахіснулася здароўе. Тады ж напісаў свой знакаміты паланэз "Развітанне з Радзімай”. Пісаў з нагоды трывожнага прадчування, што ніколі не вернецца дадому. Не стала вядомага кампазітара 15 кастрычніка 1833 года.
Ольга БУБЕНЧИК.