
22 гады Ніна Міхайлаўна была актыўнай удзельніцай народнага фальклорнага калектыву "Крынічанька”. Дзе толькі ні гучаў звонкі голас спявачкі: у раёне, вобласці, рэспубліцы і нават у Польшчы.
Яна нарадзілася ў Барысаве. У сям’і было чацвёра дзяцей. Ніне споўнілася адзінаццаць, калі пачалася вайна. І гэта стала самым страшным выпрабаваннем у жыцці. Было голадна, холадна і страшна. Дзяўчынка хадзіла па сёлах за 30–50 кіламетраў, мяняла ганчарны посуд, соль, фарбу на яйкі, жыта, пшаніцу. Лямка ад торбы ў плечы ўразалася, але трэба было ісці. Маці прасначкі пякла з канюшыны напалову з гнілой бульбай, дзеці з голаду пухлі, але, дзякуй Богу, усе выжылі.
Пасля вайны Ніна паступіла ў Барысаўскае медвучылішча. Паспяхова скончыла яго ў 1950-м і была накіравана ў Гродна, а адтуль – у Свіслацкі раён. Так апынулася маладзенькая прыгожая медсястрычка ў Дабраволі. Уладкавалася там на кватэры, а праз год пазнаёмілася з прыгожым хлопцам Іванам Баралём. І не ведала тады, што менавіта з ім наканавана ёй пражыць шмат шчаслівых гадоў. Тры гады яны сябравалі. Іван быў дырэктарам Дабравольскага Дома культуры, а Ніна – самай актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Ніводны канцэрт не абыходзіўся без дзяўчыны. А ў 54-м Іван і Ніна пабраліся. Добрая атрымалася пара, усім на зайздрасць.

Вось ужо два гады мінула, як няма на свеце Івана Андрэевіча. У іх невялікім утульным доме Ніна Міхайлаўна засталася адна. Але яна не падае духам, хоць і здароўе падводзіць, і сілы не тыя. Яна цікавіцца падзеямі ў свеце, шмат чытае. Зімой едзе да дачкі ў Мінск, а летам другая дачка прыязджае да яе, каб маці не было сумна. Так і жыве. Ніна Міхайлаўна мае шэсць унукаў і два праўнукі. Яны вельмі любяць сваю бабулю, часта звоняць, не забываюць павіншаваць са святамі, днём нараджэння.
Заўтра Ніна Міхайлаўна адзначыць свой юбілей. За восем з паловаю дзесяцігоддзяў шмат чаго адбылося ў жыцці. Былі чорныя палосы і белыя, але шэрых не было, бо не ўмее яна жыць, як набяжыць. Кожны дзень яе быў і ёсць напоўнены нечым значным, добрым, светлым. І ад усёй яе істоты зыходзіць нейкае амаль бачнае святло, святло дабрыні і спагады, ветлівасці і шчырасці.
З 85-годдзем вас, Ніна Міхайлаўна! Дай Бог вам сустрэць яшчэ не адзін юбілей.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.