Восень. Халодны лістападаўскі вецер зрывае апошняе лісце і кідае пад ногі. Праз шэрыя хмары сяды-тады прабіваюцца нясмелыя сонечныя праменьчыкі і тут жа знікаюць. Холадна. Маркотна. Няўтульна. Тужліва. Менавіта ў такія дні хрысціянскі люд адзначае Дзень памяці. Дзень, калі ў храмах бясконца гучаць імёны тых, хто пакінуў гэты свет і адышоў у вечнасць.
Мы ўспамінаем іх, такіх родных і дарагіх, такіх блізкіх і любых. На магілах мігаюць свечкі, іх гарачыя агеньчыкі высвечваюць імёны на помніках. Гэтых лампадак так шмат, што, здаецца, агнём ахоплены ўсе могілкі. Ля многіх помнікаў людзі. Адны, апусціўшы галаву, ціха моляцца, другія проста моўчкі стаяць, углядаючыся ў такія родныя рысы… І тым, і другім балюча і горка ад незаменнай страты, а, можа, і ад пачуцця віны, што мала дарылі цеплыні і любові, пакуль жылі маці ці бацька, брат ці сястра, мужык ці жонка.
Холад і раўнадушша з боку самых блізкіх людзей – вось што найбольш скарачае наша жыццё, робіць яго невыносным.
Адзінокія старыя бацькі ціха паміраюць у сваіх дамах, так і не дачакаўшыся сыноў ці дачок, паміраюць старыя бабулі і дзядулі на сацыяльных ложках, у дамах састарэлых, а недзе жывуць у раскошы дзеці, зусім забыўшыся пра тых, хто падарыў жыццё, аддаваў апошнюю капейку, каб вывучыць, паставіць на ногі, ажаніць ці выдаць замуж, купляў падарункі ўнукам, а сёння павінен паміраць у адзіноце. З якім болем і роспаччу яны пакідаюць гэты свет.
Чамусьці толькі тады, калі не стане роднага чалавека, становіцца горка ад таго, што не шанаваў яго пры жыцці, не шкадаваў, не разумеў. Але ўжо позна… Якім бы шчырым ні было пачуццё віны, яно не здолее падняць з таго свету. І ніякая лампадка, нават самая дарагая, не зменшыць дакоры сумлення, якія будуць мучыць усё жыццё.
Мігаюць агеньчыкі ля помнікаў, сціпла ляжаць каля падножжа жывыя і штучныя кветкі, і бясконца гучаць імёны памерлых.
Але ёсць, на жаль, і забытыя імёны. Як і забытыя магілы. Яны даўно пазарасталі бур’яном, пакасіліся падгніўшыя крыжы, і даўно сюды забыта дарога. І нікому няма справы да таго, што недзе ў іншым свеце пакутуюць душы ад таго, што няма каму за іх памаліцца, няма каму прыбраць хоць раз на год забыты ўзгорачак, пад якім спіць вечным сном родны чалавек, няма каму прынесці ў храм запіску з дарагім імем, няма каму запаліць лампадку.
А жыццё бяжыць. І ніхто не ведае, каго заўтра прысыплюць пяском і паставяць над узгоркам крыж. А там, у іншым свеце, абавязкова адбудзецца сустрэча з тымі, каго пахавалі ўчора. Ці здолеем падняць вочы, ці не будзе сорамна?
Падае апошняе лісце пад ногі, мігаюць агеньчыкі, гучаць імёны… Няхай сёння няма побач тых, каго мы любілі, яны будуць жыць вечна ў Божым царстве і ў нашых сэрцах.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фото Григория ШИРЯЕВА.