І цудоўны голас мне спяваў...
Я не памятаю, як матуля спявала мне калыханкі, аднак, калі нарадзіўся мой малодшы брацік Усевалад, я з вялікім задавальненнем слухала і падпявала матулі, калі яна сядзела над калыскай. У яе голасе заўсёды было столькі цеплыні, пяшчоты, любові, што я раней за браціка адпраўлялася ў краіну сноў.
Гляджу на рукі матулі і разумею, што менавіта яны няньчылі і мяне. Адчуваю яе спакойнае дыханне і ўяўляю сябе маленькім немаўляткам. Седзячы з матуляй у дзіцячым пакоі, мы з брацікам уважліва слухаем яе апавяданне.
– Я любіла і люблю спяваць. А вам, мае дзеткі, асабліва. Калыханкі, якія вы чулі з першых дзён вашага жыцця, з’яўляліся для вас першымі «заняткамі» па роднай мове. А хто з вас назаве якую калыханачку?
На ўвесь пакой закрычала я, а за мной і Усевалад стаў паўтараць: «Люлі, люлі, люлі...», «Баю, баю, баюшкі...»
– Ах, якія ж вы малайцы! – пахваліла нас мама. – Я яшчэ вельмі любіла спяваць калыханку «Ой ты, кот, каточак», так як жадала вам, мае сыночак і дачушка, расці вялікімі, здаровымі, разумнымі і шчаслівымі.
З вялікім задавальненнем слухаю разам з братам мамін спеў:
– Пайдзі, коця, на вулку,
А Даратэя – у люльку.
На ката буркота,
А на Даратэю дрымота.
На ката безгалоўе,
А на Даратэю здароўе.
На ката ўсё ліха,
А ты, Даратэя, спі ціха.
Ты, коця, не бурчы,
А, Даратэя, спі і маўчы.
Паслухаўшы з вялікім задавальненнем цудоўны спеў матулі, я зразумела, што калыханкі з моды не выходзяць, так як матчыны пачуцці самыя моцныя і самыя глыбокія ў свеце. Таму не дзіўна, што сярод усіх народных песень асаблівай прыгажосцю вылучаюцца калыханкі, з дапамогай якіх маці выказвае сваю любоў да нас, дзяцей, супакойвае, аберагае ад бяды, жадае шчаслівага лёсу.
Сёння большасць маладых беларускіх мам рэдка спяваюць сваім дзеткам народныя калыханкі. А чаму? На гэта пытанне ад многіх я пачула: «Няма часу, не ведаем слоў, майму малому яны не падабаюцца». Асабліва здзіўляе «няма часу».
Заклікаю ўсіх сучасных мам не цурацца беларускай калыханкі. Толькі яна дапаможа скараціць час, што траціцца на закалыхванне. Яна такая мілагучная і прыгожая.
Даратэя БАРАНЦЭВІЧ,
вучаніца 8 класа Корнадзьскага
дзіцячага сада-базавай школы.