banner

Такая светлая і шчырая Любоў

23 Сентября’14
1471
Такая светлая  і шчырая ЛюбоўВялікі ці маленькі працоўны калектыў – справа спорыцца толькі пры добрых адносінах, узаемаразуменні і павазе адзін да аднаго. На маю думку, менавіта такія адносіны трывала злажыліся на жывёлагадоўчай ферме "Каліноўская”. Мяркуйце самі: жанчынкі-працаўніцы тут амаль усе добрыя суседкі, сяброўкі. Таму, як падвесці адна адну, не пастарацца ў працы, не выручыць у жыццёвай сітуацыі ці не прыйсці на дапамогу?! Бо і будні, і святы – жывёла ж святкаваць не будзе – бадай, заўсёды разам. А кіруе гэтым дружным калектывам больш за 23 гады Любоў Васільеўна Амялішка. 
На самым прыканцы лета, калі ў паветры ўжо адчуваецца подых восені, ды бесперапынна ткуць павукі танюсенькія павуцінкі, калі яшчэ сонейка дорыць нам сваю цеплыню, святкуе Любоў Васільеўна свой дзень нараджэння. Сёлета ён – юбілейны! І мы, работнікі Грынкаўскага Дома культуры і народных рамёстваў паспяшаліся ў госці да дзяўчат, каб разам з імі павіншаваць стараннага кіраўніка і прывабную  энергічную жанчыну. Ці многа чалавеку трэба? Трошачкі ўвагі ды чулых слоў, цёплых адносін і шчырых песень. Усё гэта было для Любові Васільеўны. А яна свяцілася радасцю і сардэчна дзякавала за ўвагу. 
Жанчына нарадзілася тут, у працавітай і славутай вёсачцы Каліноўская, у дружнай сям’і Калютаў. Бацькі з дзяцінства прывучалі траіх сваіх дзетак да працы, быць дружнымі, дапамагаць адзін аднаму. І сёння, здаецца, няма такой вясковай працы, якую б не магла зрабіць Люба. Сапраўды, "коня на скаку остановит, в горящую избу войдет». У маладосці, скончыўшы школу, пайшла, як бацька, працаваць на чыгуначную станцыю, потым на нейкі час пакінула вёску, але шчасця далёка ад дому так і не знайшла. І сёння вельмі ўдзячна бацькам, якія заўсёды прыходзілі на дапамогу, бралі на сябе абавязкі па выхаванню яе дачушкі Людмілы, калі Любе трэба было пакідаць дом, каб папраўляць сваё здароўе…
– Чалавек пачынае думаць і разважаць толькі тады, калі страчвае ў сваім жыцці нешта самае дарагое і вельмі важнае, – гаворыць Любоў Васільеўна. – А да гэтага так: жывеш ды жывеш, асабліва ў вёсцы. Праца – дом, дом – праца. Нешта памяняць кардынальна не вельмі атрымліваецца, бо ў кожны твой дзень уплятаецца жыццё і лёс тваіх блізкіх.
Не стала матулі – Ніны Паўлаўны. А потым – цяжкая аперацыя…
Яна зразумела:  няма нічога больш важнейшага за жыццё. Жыць і радавацца за сябе і другіх…
Турбот у загадчыцы фермы хапае. 578 цёлак даглядаюць дзяўчаты. Чысціня ды парадак. Усё па графіку, усё прывычна размеркавана, усё да дробязей знаёма…
Дома Любоў Васільеўну чакае кожную раніцу і кожны вечар бацька – Васіль  Іосіфавіч. Яму зараз 78 гадоў і, зразумела, ён патрабуе догляду і ўвагі. Калі ж ёсць вольная часіна, у яе  заўсёды ў руках добрая кніжка. А больш за ўсё любіць праводзіць час з унукамі. Гэта яе радасць і гордасць, яе любоў і свет у акенцы. 
Дачка Людміла жыве з сям’ёй блізка, у Грынках. А ўнукі Аляксандра і Павел ужо дарослыя, атрымліваюць адукацыю. І, вядома радуюць сваю бабулю і званкамі, і візітамі.
Любоў Васільеўна – мілая і абаяльная жанчына, вельмі маладая душой, аптымістка. А гады толькі надаюць ёй прывабнасці. Яе жаноцкі лёс быў не без клопатаў, праблем і страт. Але жыццё працягваецца…
І як бы ні хацелася ёй разам з журавамі, якія штовосень збіраюцца над фермай у вырай, адляцець далёка-далёка, пабачыць свет, яна добра ведае, што самае ўтульнае месца на зямлі – яе родны дом з любымі сэрцу людзьмі. 
Марыя САМАЛЕВІЧ,
аг. Грынкі
Фота аўтара.

Предыдущая статья

Для любителей мототехники