Таццяна ўсміхнулася: ну ўсё, зноў закахалася…
– Не хвалюйся, Наташка, ты ўсё правільна зрабіла, – пастаралася супакоіць дзяўчыну.
– Таццяна Аляксееўна, а пра фірму, ну, што яе прадалі – гэта праўда? – спытала Наташка пасля паўзы. Акрамя заклапочанасці прадстаўнікамі мужчынскага полу быў у Наташкі яшчэ адзін недахоп – залішняя цікаўнасць. І празмерная балбатлівасць.
Таццяна перш хацела сказаць: "Так, праўда” – што ўжо тут хаваць? Але ў апошні момант невядома чаму стрымалася.
– Пасля сустрэчы з гэтым чалавекам я прыйду ў офіс і ўсё ўсім раскажу. А пакуль замест таго, каб языкамі часаць, справай займіцеся… – дадала ўжо зусім строга, па-дырэктарску. Хоць разумела, што ніхто ніякай справай займацца не будзе, тым больш, што і няма зараз там ніякіх спраў.
– Дарэчы, як я пазнаю гэтага чалавека? – спахапілася раптам Таццяна.
– Ён сказаў, што пазнаеце. А калі не, то ён сам вас пазнае…
Такі адказ Таццяну заінтрыгаваў. Выходзіць, новы ўладальнік фірмы – нехта з яе знаёмых? Цікава… Канкурэнты перахапілі смачны кавалачак? Няма сярод іх падобных на сімпатычнага мужчыну з вайсковым мінулым – ва ўсякім выпадку, з тых, каго яна ведала. Нехта з былых знаёмых? Ім яе кравецка-швейны бізнес не цікавы, у гэтым трэба хоць крыху разбірацца. Былыя аднакурснікі? Дык у іх інстытуце ў асноўным дзяўчаты вучыліся, хлопцаў на пальцах адной рукі можна было пералічыць, і ў прафесіі застаўся, здаецца, адзін Валодзя.
"Зрэшты, што тут галаву ламаць? Праз дзве… Не, ужо паўтары гадзіны ўсё стане ясна. І добра, што ўсё так закруцілася – на лаўца, кажуць, і звер бяжыць. Пабачым, хто ён такі, гэты новы ўладальнік яе фірмы, яе дзецішча… Што ў яго ў галаве і за душой… Трэба збірацца на рандэву – спазняцца на такую сустрэчу дзелавая жанчына не мае права,” – глянула на гадзіннік Таццяна.
* * *
Да "Лаванды”, аднаго з лепшых кафэ ў іх горадзе, якое псавала, як на яе густ, толькі зашмальцаваная назва, яна падышла за дзве хвіліны да прызначанага незнаёмцам тэрміну. Распрануўшыся ў гардэробе, разгублена прыпынілася на ўваходзе ў залу: хто з нешматлікіх наведвальнікаў прызначыў ёй сустрэчу? І амаль што адразу да яе падскочыў вяртлявы малады чалавек у фірменным адзенні:
– Прабачце, вы – Таццяна Аляксееўна? Вас чакаюць… Дазвольце, я вас правяду…
– Куды? – здзівілася Таццяна – і, здаецца, упершыню ўсярэдзіне варухнулася нешта падобнае на страх: адкуль яна ведае, хто гэты незнаёмы чалавек, што прызначыў ёй сустрэчу, што яму трэба ад яе, куды і чаго яна прыйшла? Па меншай меры неабдумана ісці адной на такія вось спатканні, нічога папярэдне не высветліўшы, не сабраўшы хоць якую інфармацыю, з невядомым чалавекам, якому раптам спатрэбілася яе фірма.
Напэўна, гэтая занепакоенасць адбілася на твары, таму што малады чалавек прыязна ўсміхнуўся і крануў яе за локаць:
– Вы не хвалюйцеся, усё ў парадку. У нас у падвальным памяшканні ёсць спецыяльны зал для VIP-персон, дзе сур’ёзныя людзі могуць праводзіць дзелавыя перамовы, не баючыся чужых вушэй і вачэй. Там вас і чакае ваш візаві.
"Зрэшты, якая ўжо мне розніца – у сённяшнім маім стане? Што мне губляць, усё страціўшы?” – супакойвала сама сябе Таццяна, спускаючыся ў падвал па крутой вінтавой лесвіцы, якую асвятлілі тоўстыя свечкі – парафін, што сплываў з іх разамлелых бакоў, утвараў дзівосныя сталакцітавыя нарасты, нібы ў глыбокай пячоры. "Арыгінальная ідэя аздаблення інтэр’еру, асабліва падвальнага”, – адзначыла яна між іншым, стараючыся не думаць пра тое, хто і што чакае яе там, у падвале.
– Вам туды, – малады чалавек паказаў рукою ўглыб пустыннай залы, дзе за асветленай мяккім святлом лямпы сталом віднелася адзінокая постаць важнага мужчыны – больш у зале нікога не было, і шпарка затупацеў абцасамі ўверх па лесвіцы. Таццяне захацелася кінуцца ўслед за ім, як мага хутчэй пакінуць гэтае ледзь асветленае памяшканне: куды яе заманілі, што ад яе хочуць?! Яна стрымала сябе ледзь не сілком: трэба ж урэшце даведацца, што адбываецца…
Чалавек за столікам узняў галаву:
– Праходзьце, калі ласка, Таццяна Аляксееўна, я вас чакаю. Не бойцеся, я не кусаюся… І не маю ні найменшага намеру прычыніць вам нейкую шкоду.
– А чаму вы вырашылі, што я вас баюся? – узлавалася сама на сябе Таня: трэба трымаць сябе ў руках. І адначасова імкнучыся ўспомніць, дзе і калі яна чула гэты прыгожы барытон? Здаецца, зусім нядаўна…
– Што, ізноў не пазналі? – насустрач узняўся высокі, крыху паўнаваты сівагаловы мужчына – і Таццяну нібы токам працяла: перад ёй стаяў Саша, яе першае каханне, Васеў бацька… З якім яна гаварыла зусім нядаўна, на пахаванні сына. Якому забараніла пасля пахавання нават набліжацца да яе. А ён, ён… У яе перахапіла дыханне ад крыўды і абурэння. Яму, аказваецца, мала было яе сораму і болю, якія ён прычыніў ёй у маладосці – ён вырашыў зноў вярнуцца ў яе жыццё. І як вярнуцца! У яго хапіла нахабства адабраць яе справу, пакінуць яе сям’ю без сродкаў для існавання. Ды яшчэ запрасіць сюды на перамовы, каб убачыць яе, прыніжаную, зняважаную, каб пацешыцца сваёй перамогай, паздзекавацца, зрабіць як мага больш балюча. Ах ты, нягоднік! Ды я табе зараз… Зараз я…
Што яна зробіць зараз свайму крыўдзіцелю, разгневаная Таццяна прыдумаць не паспела.
– Ну, я бачу, што пазналі, – усміхнуўся Саша – напэўна, яе пачуцці, як і звычайна, былі красамоўна напісаны на твары. – Праходзьце, сядайце, калі ласка. Даць мне аплявуху вы яшчэ паспееце – куды спяшацца? А пагаварыць нам у любым выпадку патрэбна. Вы згодны са мной?
– Не згодна! – плюхнулася Таццяна ў крэсла: яе проста не трымалі ногі. – Нам няма пра што гаварыць! Калі ты памятаеш, я забараніла табе нават набліжацца да мяне, не тое, што размовы размаўляць! – ёй было не да этыкету, не да тактоўнага "выкання”, ёй хацелася ўчапіцца ў твар гэтаму дагледжанаму нахабніку, які сядзеў насупраць, і выдраць гэтыя некалі любімыя, так падобныя на Васевы, вочы, што глядзелі на яе з непрыхаванай іроніяй.
Саша ахвотна падтрымаў яе пераход на "ты”.
– Ну, наколькі я памятаю, мне было забаронена набліжацца да цябе тады, у самы чорны для нас абодвух дзень. І ты не хацела мяне бачыць і чуць менавіта ў якасці бацькі твайго сына. А зараз у нас узнікла іншая тэма для размовы. Думаю, табе ўжо паведамілі, што з нядаўняга часу я з’яўляюся ўладальнікам фірмы, на якой ты працуеш дырэктарам? Так што пагаварыць нам ёсць аб чым.
– Я спецыяльна прызначыў гэтую сустрэчу на нейтральнай тэрыторыі, каб твае эмоцыі ніхто не бачыў – прадбачыў, што яны будуць менавіта такімі, у нечым – некантралюемымі, – дадаў ён пасля паўзы.
"Можа, ён чакае, каб я падзякавала яму за такую прадбачлівасць і тактоўнасць?! Але ж і нягоднік!” – Таццяна ледзь стрымлівала гнеў.
– Ну, скажам, дырэктарам фірмы "Элегант” я працую апошні дзень, магчыма, нават гадзіны, – каб не крычаць, яна амаль што шаптала. – Я зараз жа паеду ў офіс і напішу заяву на звальненне. Ці, можа, зрабіць гэта прама тут? Дык лёгка! І ўсё, тэмы для нашых далейшых размоў будуць вычарпаны. Ва ўсякім разе, на бліжэйшы час. Але я думаю, мы яшчэ сустрэнемся. Хачу, каб ты ведаў: я збіраюся адсудзіць у цябе калі не ўсю фірму, то сваю палову – абавязкова. Ты не мог не ведаць, набываючы яе, што мой кампаньён, які яе прадаваў, з’яўляецца не адзіным яе ўласнікам. І я нават здагадваюся, навошта яна табе спатрэбілася. Так што мы яшчэ сустрэнемся! А пакуль – да пабачэння! – Таццяна ўскочыла і памкнулася да выхаду.
Саша перахапіў яе, узяў за руку – мякка, але разам з тым моцна і рашуча.
– Таня, не гарачыся! – загаварыў ён прымірэнча. – Нам сапраўды трэба пагаварыць. Спакойна, без злосці, без крыку, без абраз, без спаборніцтва, хто каго ўкусіць больш балюча. Пра многае, не толькі пра фірму. Пагэтаму я цябе вельмі прашу: ўдзялі мне гадзіну свайго часу. Выслухай. Можаш нічога не гаварыць ці гаварыць усё, што захочаш, але выслухай. Зрэшты, нават падсуднаму, перш чым вынесці прыгавор, даюць апошняе слова. Няўжо ты больш жорсткая, чым суддзі і пракуроры?
Здаецца, ён нешта зачапіў у яе душы. Таццяна павольна, нібы вагаючыся, села ў крэсла. Скептычна падперла шчаку рукою:
– Ну, добра. Хай будзе гадзіна… Дык што ты хацеў мне сказаць? Я згодна выслухаць усё…
Адразу ж, нібы па сігналу, аднекуль узнік той самы вяртлявы хлопец: разаслаў абрус, паставіў прыборы, прынёс бутэльку дарагога віна і два бакалы, фрукты, запаліў свечкі.
– Ты прабач – я ўзяў на сябе смеласць зрабіць заказ, – нібы апраўдваючыся, развёўшы рукамі, прамовіў Саша. – Густаў тваіх сённяшніх, праўда, не ведаю, таму выбіраў па свайму.
– Гэта лішняе, – махнула рукою Таццяна. – Алкаголь я зараз не ўжываю, есці не хачу. Зрэшты, калі табе так хочацца, можаш заказаць каву. І бутэльку негазаванай вады, калі ласка.
Пакуль афіцыянт прыносіў яе заказ, яны маўчалі. Таццяна спадцішка разглядвала Сашу. Сівізны для яго гадоў мнагавата – зрэшты, гэта яму да твару. І чаму гэта Наташка вырашыла, што ён – з ваенных? Паўнаваты ён для вайскоўца, нават былога. Хоць, магчыма, яна і мае рацыю: нешта такое ёсць – у паставе, у рухах… Але ж вучыўся ён у радыётэхнічным... "Зрэшты, якая табе розніца, колькі сівізны ў яго валасах, і кім ён быў усе гэтыя гады? – зноў зазлавалася яна сама на сябе. – Ваенны, сівы, тоўсты – табе якая справа?”
Саша ўзяў бутэльку – Таццяна рашуча адставіла свой бакал, гнеўна бліснуўшы вачамі: я ж папярэджвала! Тады ён наліў сабе і асушыў бакал амаль што залпам.
– Ну вось, запрасіў на размову, можна сказаць, падманам заманіў, столькі хацеў сказаць – а зараз не ведаю, што сказаць, з чаго пачаць, – прамармытаў нібы сам сабе.
– Мне неяк усё роўна, з чаго ты пачнеш і чым закончыш, – паціснула плячамі Таццяна і наліла сабе ў шклянку вады. – Толькі, калі можна, пачынай ужо – хоць з чаго… У мяне мала часу, я спяшаюся…
– Ды нікуды ты не спяшаешся, – сумна ўсміхнуўся Саша. – Няма табе куды спяшацца, я ж ведаю. Я цяпер усё пра цябе ведаю…
– Бач ты, які дасведчаны! – яна саркастычна хмыкнула. – Чаму ж раней такім не быў? Нават аб тым, што ў цябе сын расце, не ведаў…
– Ну вось з гэтага давай і пачнем, – рашуча ўзняў на яе вочы Саша. – З той нашай вясны…
– Не з нашай – з тваёй вясны, – паправіла яго Таццяна. – У мяне тая вясна была ўжо без цябе…
– Ну, добра, хай будзе – з маёй… – уздыхнуў Саша і яшчэ наліў віна. – Толькі, калі ласка, не перабівай мяне. Потым скажаш усё, што захочаш…
Яна хацела зноў сказаць нешта з’едлівае, але стрымалася: добра, хай гаворыць, што хоча, яна знойдзе ў сабе сілы памаўчаць. Урэшце ж, некалі, хоць больш як праз дваццаць гадоў, трэба даведацца, што тады здарылася. Хоць бы дзеля цікаўнасці…
– Тады, як вярнуўся ва ўніверсітэт пасля тых нашых з табой зімовых канікулаў… Я як на крылах лятаў. Усе заўважылі, што са мной нешта здарылася, сталі дапытвацца, што ды як. Ну, я і расказаў сябрам, што каханая мяне чакае – самая лепшая ў свеце дзяўчына. І летам, як толькі абараню дыплом, мы пажэнімся. Сталі яны з мяне пасмейвацца – па-добраму, па-сяброўску: "жанацік”, маўляў, і ўсё такое… А як даведаліся, што вяселля, як такога, не будзе, і пагуляць ім не давядзецца – няма каму ладзіць для нас пышныя святы, сталі прыставаць: давай, маўляў, хоць хлапечнік зробім, выправім цябе ў дарослае жыццё, як належыць. Ну, хлапечнік дык хлапечнік, што ж тут дрэннага? – падумалася тады. Каб ведаць, чым гэта скончыцца…
– Забурыліся на дачу да аднаго з нашых, мясцовых. Нешта пілі, песні ля вогнішча спявалі, ноччу купацца на возера хадзілі. Словам, весяліліся па поўнай.
Саша зрабіў паўзу, яшчэ адпіў віна.
– Заканчэння вечарынкі я ўжо не памятаў. Калі і як дзяўчаты на нашым хлапечніку з’явіліся – таксама. Ранкам прачынаюся – побач у ложку дзяўчына голая ляжыць, дачка рэктара, вучылася ў нашай групе, – вінавата апусціў галаву Саша.
Таццяна прыслухалася да сябе: што робіцца там, у душы? Недзе глыбока, на самым донцы, варухнуўся слабы адгалосак таго колішняга невыноснага болю, з-за якога яна некалі не хацела жыць… А зараз – нібы каток лёгенька драпнуў. "Вось ужо і сапраўды – час усё лечыць”, – уздыхнула непрыметна Таццяна.
Ды, Саша, здаецца, за ёй не назіраў – ціха, манатонна гаварыў, нібы сам пра сябе, не зважаючы, слухаюць яго ці не, можа ўпершыню спрабуючы ўголас прамовіць тое, што ўсе гэтыя гады ляжала на душы важкім каменем:
– Яна і раней да мяне заляцалася, з першага курса. Не ведаю, чым такім я яе зачапіў – звычайны вясковы хлопец, за ёй не такія ўвіваліся. А яна па мне сохла, праходу не давала. Ды я рабіў выгляд, што не разумею яе празрыстых намёкаў. Канешне, трэба было адразу шчыра з ёй пагаварыць, усё растлумачыць: што паміж намі нічога не можа быць, што кахаю іншую, але не хацелася крыўдзіць дзяўчыну. А тут… Мусіць, яна даведалася, што я збіраюся жаніцца. Ну і вырашыла пайсці ў рашучае наступленне. На гэты раз абышлося без намёкаў. Тым ранкам дзяўчына прамым тэкстам і даволі рашуча заявіла: альбо ты на мне жэнішся, альбо я падаю ў міліцыю заяву аб тым, што ты мяне сёння ноччу згвалтаваў. А каб весялей баланда хлябалася, яшчэ і сяброў тваіх у кампанію гвалтаўнікоў запішу, за "групавуху” больш дадуць. Адмазвайцеся потым, калі зможаце. Нават калі ад турмы неяк адкруцішся, што наўрад ці, то з універсітэта вылеціш, як корак з бутэлькі – гучна і далёка.
Такая вось у мяне ўзнікла перспектыва: напярэдадні дзяржаўных экзаменаў, адвучыўшыся пяць гадоў, застацца без дыплома, без прафесіі і без будучыні. І гэта ў лепшым выпадку, а ў горшым – трапіць за краты…
– Бедны, бедны маленькі дурненькі хлопчык, – не вытрымала, здзекліва ўсміхнулася Таццяна. – У ложак яго сілком зацягнулі, у загс пад прымусам завялі…
– Ты ж абяцала памаўчаць, – узняў вочы Саша і паглядзеў на яе з такім невыказным болем, што Таццяна асеклася. – Хоць пра дурненькага – гэта праўда. Блефавала Віялета, мэты сваёй дамагаючыся, не было ў тую ноч паміж намі нічога. У яе ўвогуле нікога да мяне не было, строіла толькі з сябе… Гэта ўжо потым, пасля вяселля высветлілася. Але было ўжо позна.
Бутэлька віна неўпрыкмет апусцела. Саша заказаў яшчэ адну, зноў наліў бакал. Пасля паўзы прадоўжыў:
– Пасля абароны дыплома цесць прапаноўваў мне ў нашым універсітэце застацца, выкладчыкам. Ды мне так агідна гэта ўсё было. А найперш я сам сабе быў агідны… Хацелася цябе ўбачыць хоць на хвілінку, усё растлумачыць. Але што сказаць? Што я слабак, нягоднік, баязлівец, здрадзіў свайму каханню, дзяўчыне, якую любіў больш за ўсіх у свеце? Навошта? Каб ты плюнула мне ў твар? Ці пашкадавала? Але лепш бы ўжо плюнула… Неяк сустрэў школьнага сябра, той на Сахаліне служыў. Нам, кажа, радыёэлекроншчыкі патрабуюцца, ніхто ў такую глухамань ехаць не хоча. А для мяне – сама тое: падалей ад людзей, ад цябе, ад сябе… Ну я і напісаў рапарт. Віялеце гэта, канешне, не спадабалася – ды хто яе пытаў? Сталі мы матацца па гарнізонах… Людзі стараліся, каб куды бліжэй да горада, ці яшчэ лепш – у сталіцу, а я – куды падалей. Зразумела, што доўга Віялета такога жыцця не вытрымала, падала на развод. А я і рады быў. Тым больш, што нішто нас не трымала, дзяцей у нас не было. Ды і быць не магло: я пасля першай шлюбнай ночы, калі зразумеў, як мяне падманулі, проста фізічна не мог да яе дакрануцца, мяне трэсла ад агіды і злосці... Потым, як разышліся, яна вярнулася да бацькоў, выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок – кажа, што шчаслівая. Ну і слава богу!
– А пра сына, Таня, я праўда не ведаў, – узняў нарэшце на яе вочы Саша. – Ты ж не напісала мне тады нічога. Я толькі праз некалькі гадоў, як да цёткі прыехаў, даведаўся, што ў цябе дзіця расце. Але адкуль я мог ведаць, што гэта мой сын? Зайшоў да тваёй маці, спытаўся пра твой адрас ці тэлефон – яна не дала. Свой пакінуў на ўсякі выпадак, доўга чакаў званка, спадзяваўся – ні гуку… Я разумею, што я моцна вінаваты перад табой, але калі б я ведаў тады…
– То што, пагадзіўся б у турму сесці? – горка ўсміхнулася Таццяна. – Хопіць, Саша, не будзем пра былое – яно даўно быллём парасло. Мне ўжо даўно ўсё адбалела. Сёння я табе нават удзячна…
– За што? – здзіўлена ўскінуў ён бровы.
– Найперш – за Васю. Цудоўны ў нас з табой быў сынок, таму што ад вялікага кахання нарадзіўся. Ведаеш, чаму я яго Васільком назвала? У памяць аб тых валошках, што цвілі ў жыце, калі ты мне ў каханні прызнаўся… Шкада, што ты яго не ведаў. Але за гэта табе не мяне – сябе вінаваціць трэба. Я хіба што ў тым вінаватая, што не зберагла сына, але і ў гэтым ты не маеш права мяне абвінавачваць. Тут я сама сабе суддзя...
Таццяна зглытнула даўкі камяк, што падступіў да горла, і прадоўжыла:
– А яшчэ я ўдзячна табе за тое, што навучыў мяне быць моцнай, спадзявацца ў жыцці толькі на сябе. Без тваёй здрады я наўрад ці змагла б стаць такой, якой стала. Навука, канешне, дарагой аказалася, але надзвычай карыснай…
– Ты прабач мяне, Таня… – накрыў Саша яе руку сваёй і пранізліва паглядзеў у вочы, запаланіў душу амаль такім жа, як некалі, толькі крыху палінялым валошкавым святлом.
Яна вызвалілася:
– Не трэба, Саша. Будзем лічыць, што я цябе даўно прабачыла. Тым больш, што маё прабачэнне ці непрабачэнне ўжо не мае ніякага значэння: у мяне – сваё жыццё, у цябе – сваё. Ты лепш скажы, навошта табе спатрэбілася мая фірма? Ты вырашыў адпомсціць мне такім чынам? Але за што? Які твой інтарэс, у якія гульні ты гуляеш і па чыім сцэнарыі? – задала яна нарэшце пытанні, якія сёння турбавалі яе найбольш.
– Ну што ж, давай пагаворым пра фірму, – Саша зноў наліў сабе віна. – Але ўсё ж лепш пра ўсё па парадку, каб зразумела было, што з чаго вынікае.
– Я ўжо казаў, што на самай справе да Васевай смерці не ведаў, што гэта мой сын, – прадоўжыў Саша свой маналог пасля хвіліннага маўчання. – І, ведаеш, пры ўсім маім спачуванні да твайго гора быў вельмі раззлаваны на цябе. Хто даў табе права пазбаўляць сына бацькі? Так, я нягоднік, але я – бацька! Калі б ты сказала мне аб гэтым раней, можа б, усё зусім па іншаму павярнулася – і тваё жыццё, і маё.
– Саша, давай не будзем пачынаць спачатку. Ты сам павярнуў нашы жыцці ў тыя рэчышчы, па якіх яны затым пацяклі…
– Ты – таксама! – даволі рэзка кінуў ён.
Але праз момант узяў сябе ў рукі:
– Але хай будзе па-твойму, не варта зараз абвінавачваць адзін аднаго, тым больш, што карысці ад гэтага ніякай. Дык вось, калі я даведаўся пра Васю, мне стала цікава: як вы жылі ўсе гэтыя гады? Як ты змагла адна вырасціць такога сына? Адкуль у цябе другое дзіця? Як ты жывеш зараз? І я стаў збіраць пра цябе інфармацыю – добра, што сябры ў адпаведных органах маюцца.
– Вось як? – здзівілася Таццяна. – І навошта табе спатрэбілася гэтая інфармацыя?
– Я ж кажу: хацелася даведацца пра цябе як мага больш…
– Ну і што ж ты даведаўся?
– Я ж ужо казаў – практычна ўсё. Пра мужа твайго, ад якога ты другога сына нарадзіла. Пра фірму. Пра кампаньёна. Пра сённяшняга твайго...
– І што гэта табе дало? – хмыкнула Таццяна.
– Не паверыш – вельмі шмат. Больш, чым ты можаш сабе ўявіць. У працэсе збору інфармацыі я даведаўся, што твой кампаньён цудоўна дурыць табе галаву, вядзе за тваёй спіной двайную гульню, забаўляецца "адкатамі” і клапоціцца найперш пра свой уласны дабрабыт. А пазней высветлілася, што ён актыўна шукае пакупніка на вашу фірму, не асабліва трымаючыся цаны: галоўнае для яго было, як я зразумеў, каб грошы паступілі ўсе і адразу, пажадана наяўнымі, і каб патэнцыяльны кліент не задаваў шмат пытанняў. Няцяжка было зразумець, што ты, прыгнечаная сваім горам, аб гэтым нічога не ведаеш. Спрабаваць данесці гэтую інфармацыю да цябе, як я зразумеў, было дарэмна – ты б не паверыла мне, нават калі я сказаў бы, што неба сіняе, а трава зялёная. Ды што там – ты б увогуле не стала мяне слухаць.
– Што праўда, то праўда, – пагадзілася Таццяна, успомніўшы свой нядаўні стан..
– Тады я вырашыў, што няма іншага выйсця, як купіць тваю фірму, пакуль яе не перахапіў хто іншы. Твой кампаньён, як я ўжо казаў, за цаной не стаяў, і ахвотнікі, думаю, знайшліся б.
– Цікава, адкуль у былых ваенных такія грошы? – недаверліва глянула Таццяна.
– Прабач, але гэта мая асабістая справа, – цвёрда адказаў Саша. – Скажу толькі, што тыя падазрэнні, што зараз свецяцца ў тваіх вачах, не маюць пад сабой ніякай падставы. Я не крымінальны аўтарытэт і свае грошы зарабіў сумленна. У свой час, пад час службы, мне нядрэнна плацілі – скажу без пахвальбы і без залішняй сціпласці, што спецыяліст я ў сваёй галіне класны, такіх – два-тры на ўвесь былы Саюз. А траціць грошы, як я ўжо казаў, не было на каго… Каб пра сына ведаў, хоць бы яму дапамагаў, а так…
– Ды хто б прыняў тваю дапамогу, – буркнула Таццяна. – Без цябе справіліся…
Саша, здаецца, не звярнуў на яе рэпліку ніякай увагі, працягваў:
– Пасля, як усё пачало бурыцца, на шчасце, правільна зразумеў, куды трэба ўлажыць тыя не вельмі вялікія зберажэнні, што меў – зараз яны на мяне паціху працуюць. Ну і сам не сяджу склаўшы рукі. Дзякуй богу, пакуль запатрабаваны і рукі мае, і галава. Так што чалавек я, Таня, не бедны, і купіць такую фірму, як твая, здолеў бы, нават не ўлазячы ў даўгі. Хаця, калі б спатрэбілася, пайшоў бы і на гэта.
– Радая за цябе, – хмыкнула Таццяна. – Але аднаго ніяк уцяміць не магу: навошта? На халеру табе, радыёэлектроншчыку, ды яшчэ, як ты кажаш, класнаму, спатрэбілася швейная вытворчасць? У сваёй справе ты, можа, і спецыяліст, але ў шавецка-кравецкай, падазраю, – поўны прафан.
– Затое ты ў ёй, як я даведаўся, – профі.
– І што? Спадзяешся, што, раз ты купіў з вантробамі ўсё, што я стварала па нітачцы, па кропельцы, зможаш наняць мяне да сябе ў парабчанкі? Каб я працавала на цябе і прымнажала твае капіталы – у знак нашага агульнага мінулага? Выбачай, але мушу расчараваць: не атрымаецца… Мне, вядома, вельмі дарагая мая справа – але ўсё ж не даражэй, чым уласны гонар. Ты ж павінен памятаць: мы, хутаранскія, хоць бедныя, але ганаровыя…
– Як жа, памятаю, – міжволі засмяяўся Саша, узгадаўшы іх вясковую мянушку. – Але ў парабчанкі наймаць цябе не збіраюся. У мяне іншая прапанова… Дакладней, нават дзве – узаемна выключаючыя адна другую…
– Вось як? – заінтрыгаваная Таццяна паглядзела на яго з цікаўнасцю. – І што ж гэта за прапановы?
Саша пакруціў у руках пусты бакал, нібы разважаючы, гаварыць ёй зараз усё, што хочацца сказаць, ці не? Але, мусіць, вырашыў, што іншай нагоды для такой шчырай размовы можа і не быць, і пачаў рашуча:
– Пачну з першай прапановы. Але спачатку дазволь задаць табе адно пытанне… Можа, не зусім тактоўнае, але вельмі важнае для мяне. Скажы, калі ласка, наколькі ў цябе сур’ёзныя адносіны з гэтым… Як яго… Юрыем Кашаваравым…
– А табе што за справа да маіх адносін з кім бы то ні было? – зноў нашашэрылася Таццяна: з’явіўся тут невядома хто, невядома адкуль – і будзе ёй допыт учыняць: з кім ды што?!!
Саша памаўчаў…
– Разумею, што недарэчна ўсё гэта – не той час, не тыя абставіны… Але па-іншаму, відаць, не выйдзе – трэба ўсё сказаць сёння і зараз… А то заўтра цябе, магчыма, ужо не выцягнеш на размову. Дык вось, Таццяна, я цалкам сур’ёзна хачу зрабіць табе прапанову, як гэта прынята гаварыць, рукі і сэрца. Калі прасцей, то прашу: выходзь за мяне замуж. Мы пазнаёміліся не ўчора, у нашым жыцці было многа рознага – і шчаслівых хвілін, і горкіх, і непаразуменняў, і страт. Але мы яшчэ, дзякаваць богу, у тым узросце, што можам выправіць усе памылкі і ўсё пачаць спачатку.
Таня глядзела на яго ва ўсе вочы. Можа, ёй гэта сніцца? Гэта сапраўды той Саша, яе самае першае і самае балючае каханне, з’явіўся, як прывід, з яе мінулага жыцця і прапануе ёй стаць яго жонкай? Зараз, калі ўжо няма іх Васілька, калі ў яе за плячамі груз пражытага і перажытага… Слёзы міжволі пацяклі з вачэй… Ён працягнуў руку, каб абняць яе, але Таццяна адсунулася.
– Не, Саша, – усміхнулася яна скрозь слёзы. – Занадта позна. Немагчыма двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку. Таго блакітнавокага юнака, якога я некалі кахала, даўно няма… І той наіўнай закаханай дзяўчынкі, што цалавалася з табой у жыце, – таксама. Я зараз іншая, ты нават не ўяўляеш, наколькі. Думаю, што і ты – таксама. І не варта варушыць попел, былому агню ўжо не разгарэцца.
– Значыць, ты яго ўсё-такі любіш, – прамармытаў Саша. – Ну што ж… Я падазраваў, што ты адкажаш менавіта так. Але я павінен быў спытаць – так, на ўсякі выпадак, каб пасля не прыдумляць таго, што магло б быць, калі б… Хопіць ужо з нас з табой недамоўленасці і неразумення. У такім разе другая прапанова, – сказаў ён ужо зусім іншым голасам, спакойным і дзелавітым. – Нават не прапанова – маё рашэнне, даўно абдуманае і прынятае. Я перапісваю на цябе фірму. Ты становішся яе адзіным і паўнапраўным уласнікам. Ну, а тое, заставацца табе пры тым яе дырэктарам ці наняць каго іншага, як закручваць амаль што разваленую тваім кампаньёнам вытворчасць – гэта ўжо твае асабістыя справы, ты з імі лепей разбярэшся. Для таго, каб выйсці з той тупіковай сітуацыі, у якой, я ведаю, прадпрыемства апынулася пасля "дальнабачнага” кіраўніцтва твайго кампаньёна, я інвестую ў яго развіццё пэўную суму – на першы час хопіць.
– Саша, я разумею: ты жартуеш, – засмяялася Таццяна. – Лічы, што я ацаніла тваё пачуццё гумару…
– Перадачу фірмы аформім заўтра ж, – працягваў ён, нібы і не чуў яе смеху, і Таццяна пачала здагадвацца, што гэта ўсур’ёз. І гэта яе ўзлавала: ён на самой справе лічыць, што можа распараджацца яе жыццём? Ці не зашмат ён пра сябе думае?
– Шаноўны ўладальнік заводаў, газет, параходаў! – пачала яна амаль афіцыйна, але з дрэнна схаваным здзекам і гневам. – Я не ведаю і ведаць не хачу, адкуль у вас такія грошы, – Таццяна зноў перайшла на "вы” – і гэта сведчыла пра крайнюю ступень яе раздражнення і гневу. – Але павінна вам сказаць, што ў падачках з барскага стала не маю патрэбы. Я таксама не самы горшы спецыяліст у сваёй галіне і змагу пракарміць сябе і сваіх дзяцей. Так што, як кажуць, дзякуй за ўвагу… – Таццяна паднялася з-за стала, ледзь стрымліваючыся, каб не заляпіць яму аплявуху.
– Таня, я не хацеў цябе пакрыўдзіць, – прымірэнча прамовіў Саша. – Вось ужо і сапраўды – ганарыстая хутаранка, – паспрабаваў ён перавесці ўсё ў жарт і крануў яе за руку, прапаноўваючы сесці і прадоўжыць размову. Але Таццяна вырвала руку, гнеўна бліскаючы вачамі. Тады падняўся з-за стала і ён.
– Так, шаноўная пані дырэктар, як я разумею, размова наша скончылася. Але на развітанне ўсё ж нагадаю, што я як уласнік прадпрыемства маю поўнае і аднаасобнае права распараджацца сваёй уласнасцю. Так што заўтра фірма "Элегант” будзе перапісана на ваша імя. А што рабіць з ёй далей – ваша асабістая справа. Можаце перапрадаць некаму, як зрабіў ваш кампаньён. Абяцаю, што я яе больш набываць не буду. Можаце і надалей шыць сукенкі ды спадніцы на радасць айчынным ды еўрапейскім модніцам. Можаце нічога не рабіць і чакаць, пакуль яна абанкруціцца – да гэтага засталося зусім не шмат. Мне ўсё роўна…
Таццяна яго не слухала, яна павярнулася, каб хутчэй пайсці адсюль.
Ён ціха прамовіў ёй услед:
– Лічы, што гэта – маральная і матэрыяльная кампенсацыя за маю віну перад табой. І перад сынам… Разумею, што гэта не верне таго, што я не дадаў вам у жыцці. Але хоць так…