banner

Найвялікшая каштоўнасць – дзеці і ўнукі

26 Августа’14
1260
Найвялікшая каштоўнасць – дзеці і ўнукіДа Алены Аляксееўны Клімчук у Вердамічы збіралася даўно, некалькі гадоў запар. Ды ўсё неяк не выходзіла. І вось у нядзельку, нарэшце, выбралася.
Яна сустрэла мяне ветліва, хоць трошкі разгубілася, бо я ж не папярэдзіла яе, звалілася як снег на галаву. Ды нічога, гаспадынька запрасіла мяне ва ўтульны пакой, і мы пачалі размову.
Яна нарадзілася ў вёсцы Агароднікі. У бацькоў была яна і яшчэ старэйшы брат. Дружна жылі, згодна, але нядоўгім было тое шчасце. Алене толькі паўтара гадочка споўнілася, як не стала бацькі. Было яму ўсяго трыццаць гадоў, а маме – дваццаць восем. Працаваў шмат. Днём з бацькам дом будавалі на хутары, а ноччу коней пасвіў. Вось аднойчы лёг на сырую зямлю ды заснуў. Падхапіў запаленне лёгкіх, нядоўга хварэў і памёр.
Засталася маці з двумя дзеткамі на руках. Тады дзед, які на тую пару аўдавеў, перайшоў жыць да нявесткі з дзяцьмі, каб дапамагаць іх гадаваць.
У дзеда залатыя рукі былі. Ён дамы будаваў, ды такія, што залюбуешся. Перабраліся на хутар. Дом быў пабудаваны на дзве палавіны. У адной яны жылі, а ў другой бацькаў брат з сям’ёй.
Там іх застала вайна. Цяжка было і страшна. У першыя ж дні павінны былі ўцякаць з дому і хавацца. А там немцы пачалі гаспадарыць. Кухню сваю паставілі. Парэзалі ўсіх свіней, авец, курэй. Дзякуй Богу, хоць карову пакінулі. І гэта дзякуючы дзеду, які трошкі мог гаварыць па-нямецку.
У лесе з’явіліся партызаны, дык дзед пачаў ім есці насіць. Бог бараніў, што ніхто не прадаў, а так усіх бы пастралялі.
Скончылася вайна, Аленка ў школу пайшла, вучылася добра, амаль на адны пяцёркі. Скончыла сямігодку, пайшла працаваць на спіртзавод таксіроўшчыцай. Выпісвала квітанцыі на бульбу, якую прывозілі людзі і гаспадаркі. Гэта была сезонная работа, але Алену, паглядзеўшы, як спраўна працуе дзяўчына, пакінулі надалей.
Неўзабаве ў жыцці Алены здарылася тое, што звычайна здараецца з маладымі дзяўчатамі: яна закахалася. Ды не ў абы каго, а ў самага прыгожага хлопца на ўсё наваколле. Ён, вядома ж, першым палажыў вока на спраўную дзяўчыну, пачаў аказваць знакі ўвагі. І маладое сэрцайка хутка адклікнулася на гэтыя знакі, на цёплыя позіркі, на ласкавыя словы.
Вяселле гулялі на хутары. А потым прывёў Іосіф маладую жонку да сваёй маці. Жылі там нядоўга, неўзабаве даў ім спіртзавод жыллё, куды яны забралі і свякроў.
А тым часам пачалі будаваць свой дом. Перасяліліся ў яго праз пяць гадоў. На тую пару было ўжо двое дзетак у іх – Анатоль і Леначка.
У новай хаце з’явілася на свет яшчэ адна дачушка – Галя.
Іосіф добрым быў мужам, ніколі не абразіў, не павысіў голас на жонку, шкадаваў яе, цаніў, ва ўсім раіўся. Рукі меў залатыя, бывала, за што ні возьмецца, зробіць на славу.
Завялі яны гаспадарку, сваіх пчолак мелі, стараліся, каб дзеткі ні ў чым не мелі патрэбы, да працы іх прывучалі з малых гадоў. У школе дзеці вучыліся добра. На бацькоўскія сходы хадзіць было адно задавальненне.
Адзін за другім павырасталі і сынок, і дачушкі. Вучыцца пайшлі, атрымалі адукацыю, уладкаваліся на працу, а там і сем’і свае стварылі. На жаль, бацька не паспеў унукамі пацешыцца. Толькі дачушку Леначку замуж аддаў. У 85-м яго не стала. Нібы чорная хмара засланіла ўвесь свет Алене Аляксееўне, як пахавала мужа. Так балюча было, так крыўдна, што засталася адна.
Выручала праца. Шмат гадоў аддала Алена Аляксееўна грамадскаму харчаванню. Старалася больш працаваць, каб не было часу на горкія думкі, каб адагнаць ад сябе сум.
Дзеткі, вядома ж, не забывалі, прыязджалі, званілі, але ўсё ж хата без Іосіфа стала пустой і халоднай.
А потым яшчэ адно страшэннае гора прыйшло ў яе дом. Памерла дачка Алена. Трыццаць тры гады ўсяго і пражыла. Пакінула дзевяцігадовага сыночка Андрэйку.
Забрала яго да сябе малодшая Галя. У яе і гадаваўся разам з другімі дзецьмі. Зараз Андрэйка вырас, сам ужо мае сям’ю і маленькую дачушку Вараньку. Павырасталі і Галіны дзеці.
Добрая сям’я ў Анатоля. Старэйшыя двое сыноў дарослыя, малодшанькая прыгажунька Марынка таксама ўжо вучыцца, атрымлівае вышэйшую адукацыю. Алена Аляксееўна вельмі цэніць сваю нявестку, зяця. А ўжо пра ўнукаў і размовы няма.
Усе гэта і з’яўляецца для бабулі Алены найвялікшай каштоўнасцю, бясцэнным скарбам.
Яна цешыцца кожнаму званку ад дзяцей і ўнукаў, кожнай вестачцы, а як чакае іх прыезду, як шчасліва свецяцца яе вочы, калі дом напаўняецца роднымі галасамі.
Аднак гады бяруць сваё. Усё цяжэй стала хадзіць. Здароўе ўжо не тое, што было. Зараз ёй дапамагае сацыяльны работнік Зінаіда Мікалаеўна Лукша. Алена Аляксееўна вельмі ўдзячная гэтай добрай жанчыне, з якой можна і пагаварыць, і падзяліцца ўсім, што на душы.
А яшчэ яна вельмі любіць кветкі. У яе агародчыку іх столькі, што вочы разбягаюцца. Вяргіні і півоні, аксаміткі і касачы, і яшчэ шмат іншых кветак. Яны цешаць вока гаспадынькі, а яна даглядае, як можа, свае кветачкі.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Я – рыбачка, ты – рыбак...