
Сёння гаворка пойдзе пра Свіслацкі раённы Дом рамёстваў. Ужо адна назва гаворыць аб тым, што ў яго сценах адбываецца нешта незвычайнае, дзівоснае. І людзі тут працуюць асаблівыя. Дык давайце прыадчынім дзверы гэтага дома і пазнаёмімся з насельнікамі.
Вось ідзе насустрач дырэктар Дома рамёстваў Наталля Пучкіна, ветліва ўсміхаецца і запрашае ў памяшканне, дзе сабраны сапраўдныя цуды з саломкі, гліны, дрэва, звычайнай газетнай паперы вышываныя і тканыя вырабы, словам, усё, што здольны зрабіць таленавітыя рукі.
– Наш Дом рамёстваў, – пачынае размову Наталля Іванаўна, – працуе ўжо адзінаццаць гадоў. За гэты час нам удалося шмат чаго зрабіць, і сёння нас ведаюць далёка за межамі не толькі раёна і вобласці, а нават Беларусі.
А пачыналася ўсё з малога. Разам з Аленай Паддубнай і Лінай Саўко мы скончылі факультэт "Народная творчасць” ва ўніверсітэце культуры. У кожнай з нас была свая спецыялізацыя. Я займалася распісваннем, Алена – саломапляценнем, а Ліна – бацікам. Матэрыяльнай базы, лічы, што не было. Насілі што маглі з хаты, прыдумвалі, фантазіравалі, стваралі. Потым у нас з’явіўся ўласны спецрахунак, справа пайшла значна лепш.

Потым Яўген стварыў гурток, і да яго пацягнуліся дзеці. З якой асалодай ён разам з імі ствараў гліняныя цуды: свістулькі, цацкі, посуд.
На жаль, Жэня паехаў ад нас у другі раён, але перад гэтым навучыў сваёй справе Віталія Аніську. Гэты таленавіты хлопец не раз прыходзіў да Яўгена, глядзеў, як ён працуе за ганчарным кругам, як у яго руках нараджаюцца гаршкі і гаршчочкі.
Зараз Віталій сам займаецца ганчарствам, і атрымліваецца гэта ў яго цудоўна.
Паехалі ад нас Алена і Ліна, а на змену ім прыйшлі Ірына Іванаўна Фунт (саломапляценне), Зоя Яўгеньеўна Радзівонік (сучасныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці). Аксана Васілька, наш малодшы навуковы супрацоўнік, займаецца вырабам беларускіх лялек, якія карыстаюцца вялікім попытам. Уладзімір Уладзіміравіч Марчук працуе з дрэвам. Наталля Уладзіміраўна Галась вядзе гурткі, у якіх вучыць асновам дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей, моладзь. Гэта вельмі таленавітыя людзі, любяць сваю справу і адданыя ёй усім сэрцам.
Развіццю традыцыйных рамёстваў садзейнічае Сакольніцкі Дом рамёстваў. Яго дырэктар Жана Сыраежка адрадзіла поясапляценне, займаецца таксама вырабам вязаных лялек.
Пры Доме рамёстваў ужо на працягу сямі гадоў працуе клуб "Таямніцы бабуліных куфраў”, які сабраў самых таленавітых майстроў Свіслаччыны. Не магу не назваць Святаслава Мікалаевіча Лешчука з Дабраволі, Наталлю Уладзіміраўну Паплаўскую са Свіслачы. На іх заўсёды можна разлічваць, ні адно свята не абыходзілася без іх вырабаў.

Усё, што ствараецца нашымі майстрамі, несумненна, знойдзе месца на Свіслацкім кірмашы. Госці змогуць пабачыць і набыць новыя прыгожыя свіслацкія сувеніры на добрую памяць аб свяце.
На снимках: Дырэктар Свіслацкага раённага Дома рамёстваў Н. Пучкіна; Майстар Дома рамёстваў В. Аніська; А. Васілька, І. Фунт, У. Марчук, Н. Галась на пасяджэнні клуба «Таямніцы бабуліных куфраў».
Ядвіга КОБРЫНЕЦ