Традыцыйна лета для бібліятэкараў Свіслаччыны – самая гарачая і адказная пара. Супрацоўнікі бібліятэк сур’ёзна падыходзяць да арганізацыі адпачынку дзяцей, каб заняць іх вольны час цікавымі і карыснымі мерапрыемствамі. Сёлетні год не стаў выключэннем. Бібліятэкі Свіслацкай ЦБС прымаюць удзел у рэспубліканскай акцыі "Лета з добрай кнігай”.
З мэтай арганізацыі летняга чытання дзяцей і падлеткаў на працягу ўсіх летніх канікул у бібліятэках раёна значная ўвага надаецца арганізацыі разгорнутых кніжных выстаў і тэматычных палічак "Лета, кніга – назаўжды”, "Кніжная ўсмешка лета”, "Лета – лепшых кніг пара”, "Летам разам з кніжкай”. Выставы "Новинки под зонтом” (Свіслацкая дзіцячая бібліятэка), "Кніжны дождж” (Поразаўская БЦК) выклікалі ў наведвальнікаў цікавасць сваёй арыгінальнасцю і незвычайнасцю. Штогод у бібліятэках складаюцца рэкамендацыйныя спісы літаратуры для пазакласнага чытання, праводзяцца гутаркі аб самых цікавых кнігах, аб’яўляюцца конкурсы на лепшага чытача.
"Што за лета без кнігі, сонца і света?” – пад такой назвай стартаваў сёлетні конкурс летняга чытання ў бібліятэках раёна. Па ўмовах конкурсу неабходна часта наведваць бібліятэку, прымаць актыўны ўдзел у разнастайных мерапрыемствах.
Летнія канікулы распачаліся цудоўнымі, вясёлымі святамі да Міжнароднага дня абароны дзяцей. У гэты святочны дзень бібліятэкі Свіслаччыны сумесна з клубнымі ўстановамі прапанавалі сваім маленькім чытачам шматлікія забаўляльна-пазнавальныя праграмы і конкурсы, святы дзяцінства "Сонейка смяецца, ззяе – дзетак усіх на свяце вітае”(Свіслацкая ДБ), "Цудоўная краіна дзяцінства” (Ханявіцкая БЦК), "У госці да лета” (Нязбодзіцкая БЦК) і інш. У правядзенні святочных праграм прымалі ўдзел казачныя героі, з якімі ўсе мерапрыемствы праходзяць займальна і весела.
Дзіцячая бібліятэка плённа працуе з летнімі аздараўленчымі лагерамі горада і раёна. Сёлета прайшоў шэраг цікавых мерапрыемстваў: спектакль "Мне з сябрамі добра жыць”, інфармацыйна-пазнавальны конкурс "Повсюду: в лесу на полянке ты встретишь Бианки” (да 120-годдзя з дня нараджэння пісьменніка), інфармацыйная віктарына «Мир чародейства и колдовства» (па кнігах Дж. Роўлінг).
Чытачы-дзеці Навадворскай БЦК сустрэлі летнія канікулы ў створаным дзіцячым пакоі. Яскравы інтэр’ер з вядомымі казачнымі героямі сустракае наведвальнікаў бібліятэкі. Іх увазе прапанаваны маляўнічыя і незвычайныя кніжкі, якія размясціліся на разгорнутых кніжных паліцах. Дзеці аздараўленчага лагера, дзіцячага садка з задавальненнем прымаюць удзел у літаратурных віктарынах "Любімыя героі беларускіх казак”, адпраўляюцца ў казачныя падарожжы "Чароўны свет казкі”, экалагічныя экскурсіі "Поўная загадак і цудаў прырода”.
У дні летніх канікул для чытачоў-дзяцей Поразаўскай БЦК стала прыемнай навіной адноўленая для іх зала. Набытая сучасная дзіцячая мэбля стварае ўтульнасць у дзіцячым пакоі і спрыяе арганізацыі іх вольнага часу. Юныя чытачы з задавальненнем прынялі ўдзел у правядзенні дня экалагічнай кнігі "Прырода – найцікавейшая кніга”, гульні-падарожжа "Ёсць на свеце добры Бай” (да 95-годдзя з дня нараджэння А. Дзеружынскага). З прадстаўленых на аглядзе-рэкламе "Нам кнігі здаровымі быць памагаюць” і кніжнай панараме "Лета – лепшых кніг пара” выданняў дзеці даведаліся пра справы і клопаты, радасці і трывогі сваіх аднагодкаў, пра вялікую сілу сяброўства, дабрыні, спагады, шчодрасці.
Паважаныя сябры, чытачы-дзеці! У Краіне дзяцінства летнія канікулы ў самым разгары. Тут вас чакаюць добрыя справы, вясёлы адпачынак, займальныя падарожжы. Акрамя гэтага, летнія канікулы – выдатная магчымасць развіць творчыя здольнасці, расшырыць свой кругагляд, з карысцю правесці вольны час, прыняўшы непасрэдны ўдзел у бібліятэчных мерапрыемствах, пазнаёміцца з цікавымі выданнямі. Запрашаем юных чытачоў наведаць бібліятэкі нашага раёна.
Алена ШПАК,
загадчыца аддзела
бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай ЦРБ