banner

Успаміны маці

17 Июля’14
1943
Успаміны маціЦікавым сведкам баявых дзеянняў на тэрыторыі раёна i вызвалення яго ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў для мяне стала мая родная мaцi Ядвіга Іосіфаўна, якая нядрэнна памятае тыя дні. Вось яе ўспаміны з некаторымі, праўда, скарачэннямі.
– У ліпені 44-га мне было 13. Цяпер добра памятаю, што было гэта ў пятніцу. Як i звычайна, мaцi мне сабрала сякога-такога харчу, з якім я i рушыла ў лес, дзе хаваліся ад немцаў у зямлянцы разам з дзядзькам мае старэйшыя сёстры i брат. За Сакольнікамі па дарозе на Каланую акупанты зрабілі прымітыўны шлагбаум, перагарадзілі  яе доўгай жэрдкай. Не звяртаючы ўвагі на перашкоду, я пералезла пад жэрдкай i хацела крочыць далей. Але тут мяне спыніў гучны голас нямецкага салдата. Ён нешта крычаў на сваёй мове, але зразумець яго было цяжка. Да нас падышоў яшчэ адзін ваенны, які загаварыў па-польску. Ён спытаў у мяне, адкуль я i куды іду. Я хоць была i невялікая, але ўжо добра разумела, што казаць немцам праўду ў маім становішчы нельга. Я адказала, што сама з гэтай вёскі i іду на хутар да цёткі. Размаўляўшы са мной салдат пераводзіў сказанае таму, хто мяне спыніў. Фашыст нечакана наставіў на мяне аўтамат i, відаць, ужо сабраўся страляць. Але той, які гаварыў на польскай мове, пачаў супярэчыць яму. А потым звярнуўся да мяне: «Ідзі, дзіця, не бойся!» 
Я пайшла дарогай далей. На полі за Сакольнікамі стаяла нейкая адступаючая варожая механізаваная часць. Асабліва шмат тут было цяжкіх танкаў.
Праз нейкі час тут з’явіліся савецкія самалёты. Яны абрушылі агонь на фашысцкіх салдатаў i тэхніку. Немцы ў адказ стралялі з гармат. На дапамогу iм хутка прыйшлі таксама самалёты. Я ўпершыню тады на свае вочы бачыла паветраны бой. Адзін з нашых самалётаў быў падбіты над Mixалкамi.
Пераначаваўшы ў лесе ў зямлянцы i прыхапіўшы з сабой пасудзіну з малаком (хавалі ў лесе i карову), я вярталася знаёмай дарогай дамоў. Побач са мной ішла сястра мaцi цётка Юля. Нас нагнала павозка, на якой стаяў кулямёт i сядзела некалькі чырвонаармейцаў. Яны запыталі, ці ёсць у вёсцы немцы. Мы адказалі, што ўчора былі, а сёння – не ведаем. У размове байцы расказалі, што яны – гэта разведка, а асноўныя часці яшчэ на падыходзе. Цётка Юля накіравалася да свайго хутара, а я так i дайшла да вёскі побач з павозкай. Праўда, салдаты неаднаразова прапаноўвалі падвезці, але я баялася i кожны раз адмаўлялася.
У Сакольніках немцаў ужо не было. Разведчыкі адкінулі шлагбаум i паехалі далей.
Калі я з’явілася, мне расказалі, што ўчора па вёсцы ездзіў фашысцкі матацыкліст, якi збіраўся падпаліць яе. Людзі, як толькі маглі, упрошвалі яго не рабіць гэта. Не паскупіліся i на падарункі. Неслі малако, яйкі i іншую спажыву. У баку Поразава ўжо гарэлі хаты. Невядома, чым бы ўсё скончылася, але, на шчасце, матацыкліст быў за вёскай забіты чаргой з савецкага самалёта. Мы потым бегалi глядзець. Ляжаў ён побач са сваёй тэхнікай. Куля папала прама ў лоб.
Прыход сваіх вызваліцеляў асабліва бурна віталі дзеці. Мы кідалі на танкі і машыны кветкі, жадалі нашым салдатам шчаслівага шляху, махалі рукамі. Зацікавіла нас тое, што байцы вялі з сабой нябачную у нашай мясцовасці жывёліну – асла.
Па-суседску з нашай хатай размясціўся палявы савецкі шпіталь. Байцам на "кукурузніку” даставілі пошту. Самалёт прызямліўся недалёка ад вёскі на полі. Мы кінуліся да яго. У гэты час недзе над Юшкавічамі загрукатала нямецкая дальнабойная артылерыя. Лётчыкі пачалі крычаць, каб мы хутчэй хаваліся. Снарады лягалі побач, але ніводзін з іх у цэль так і не трапіў. 
У той дзень, а была гэта субота, баі ішлі недзе ля Юшкавічаў.  Вялася страляніна там і на наступны дзень. А потым паступова ўсё пачало сціхаць. 
Вайна мне запамяталася як нешта чорнае і страшнае. Немцам мы стараліся не паказвацца на вочы, хаваліся. Не дай Бог, каб такое паўтарылася зноў.
Генадзь ГІЛЬ

Предыдущая статья

Остался жив