banner

Скрыжаванні

05 Июля’14
2015

– І ведаеш, я хачу адпомсціць табе за ўсе тыя здзекі і пакуты, што вытрымаў па тваёй міласці! – пасля паўзы сказаў ён ужо амаль спакойным, роўным голасам. –  За тваю здраду. І я гэта зраблю! Дакладней, ужо зрабіў, ха-ха-ха!!! – рассмяяўся Валодзя ёй у твар. – Занадта доўга ты залізвала свае душэўныя раны, недаравальна доўга! Я нават не разлічваў, што ты мне такі падарунак зробіш. Думаў, будуць праблемы. Мы з Галечкай, вядома, справіліся б, здолелі б абвесці цябе, да непрыстойнасці даверлівую, вакол пальца, але ўсё лепш без іх, праўда? Але ты так дарэчы расхварэлася, і мы ўсё паспелі зрабіць, што называецца, без шуму і пылу. Так што цяпер, дарагая, няхай цябе цяпер твой Кашавараў корміць, ха-ха-ха!!! А ў мяне, дзякуй богу, нарэшце, упершыню ў жыцці, з’явілася жанчына, якая мяне па-сапраўднаму кахае і якую кахаю я! І колькі мне адпушчана, столькі я хачу пражыць на поўную катушку, у сваё задавальненне!
– Ты кідаеш Аню? – здзіўлена спытала Таццяна, нібы гэта было галоўнае, што яе сёння здзівіла.
– Так, я кідаю Аню. І без усялякага шкадавання – яна мне ўжо во дзе! – Валодзя секануў рабром далоні па горлу. – За першы год жыцця абрыдла, а я гэтую лямку цягнуў больш за два дзесяцігоддзі… Даўно б кінуў, калі б было для каго, каб ты ў мой бок хоць раз паглядзела… А цяпер вось – з’явілася…
Дзверы ў кабінет прыадчыніліся, і салодзенькі галасок бухгалтаркі правуркатаў:
– Уладзімір Сямёнавіч, вы хутка? Машына ўжо чакае… 
– Так, дарагая. Зараз іду, – адказаў Валодзя. – А вы, Таццяна Аляксееўна, здаецца, хацелі пазнаёміцца з бухгалтарскімі дакументамі? То яны тут, на стале, калі ласка… Ну, з таго, што ёсць, вядома. Нам з Галачкай не асабліва хапала часу ўлягаць у работу… І жаданні былі зусім іншыя…
За спіной хіхікнулі. Валодзя дэманстратыўна памахаў Таццяне рукой і, падхапіўшы сумкі, памкнуўся да выхаду. Гучна ляпнулі дзверы. 
Таццяна, усё яшчэ дрэнна ўсведамляючы, што адбылося, нерухома сядзела, абхапіўшы галаву рукамі.
* * *
Яна не ведала, колькі часу прасядзела ў здранцвенні ў Валодзевым кабінеце, пакуль не прыадчыніліся дзверы і Наташа, сакратарка, не выгукнула з палёгкай:
– Ой, Таццяна Аляксееўна, вы тут?! А я вас усюды шукаю! Вас усе пытаюць, казалі, што вы ў офісе – а вас нідзе няма...
– А хто мяне шукаў? – узняла галаву Таццяна.
– Юрый Аляксандравіч заходзіў некалькі разоў, пытаўся, дзе вы. Нерваваўся, казаў, што вам тэрмінова трэба пагаварыць… І палякі два разы тэлефанавалі, абяцалі пазваніць яшчэ, нешта там у іх з нашым заказам няўвязка. Вой, зноў званок, пэўна, гэта яны! Пачакайце хвіліначку, я пераключу на гэты кабінет.
Таццяна не паспела сказаць, што не трэба пераключаць, што не будзе яна ні з кім размаўляць –  тэлефон ужо патрабавальна цілілікаў. Падыходзячы да апарата, яна ўжо ведала, што ёй скажуць былыя партнёры, і што яны амаль дакладна – былыя… Вось толькі, заўсёды такая знаходлівая, не ведала, што ім адказаць…
– Алё, пані Таццяна, –  пачула яна ў трубцы знаёмы голас Анджэя. – Вітаю вас! Вы ўжо выйшлі на працу? Я чуў, што ў вас здарылася вялікае няшчасце – прыміце нашы самыя шчырыя спачуванні.
– Дзякуй…
–  Вы доўга хварэлі… Як цяпер ваша здароўе? 
– Дзякуй, усё ў парадку, –  Таццяна ліхаманкава думала, што адказаць палякам, калі яны закончаць свецкую размову і пяройдуць да сур’ёзных тэм.
– Пані Таццяна, мне вельмі шкада, што я вымушаны вас у такую цяжкую хвіліну турбаваць размовамі пра нашы справы, але ў мяне няма іншага выйсця. Мне сказалі, што пана Вальдэмара няма на месцы і невядома калі будзе, а справа не церпіць прамаруджвання.
– Я вас слухаю, – асуджана прамовіла Таццяна.
– Пані Таццяна, вы мяне прабачце, але я не ведаю, што сталася з вашай фірмай! У нас ніколі не было найменшых прэтэнзій ні да якасці матэрыялаў, з якіх вы выконвалі нашы заказы, ні да тэрмінаў, ні да прафесійнасці вашых працаўнікоў. Але тое, што вы адгрузілі на гэты раз – гэта проста, як вы кажаце, не лезе ні ў якія дзверы. Пры ўсёй павазе да вас і пры маім спачуванні вашаму гору мы не можам прыняць гэты заказ. Мы не знойдзем збыту для яго не толькі ў Германіі, але і ў польскай правінцыі. У Еўропе такога ўжо не носяць, –  не стрымаўся, каб не падкусіць, Анджэй.
"Такога ўжо і ў нас не носяць,” –  моўчкі скрыгатнула зубамі Таццяна. Але стрымалася – не расказваць жа зараз партнёрам пра свае праблемы. 
Анджэй яшчэ доўга расказваў ёй пра ўсе нюансы дапушчанага браку, пра панесеныя імі страты, падманутыя надзеі, перасыпаючы ўсё гэта запэўніваннямі ў безумоўнай павазе і пачцівасці да яе асабіста і іх фірмы ўвогуле. І ўрэшце закончыў тым, чаго Таццяна баялася больш за ўсё:
– Усю партыю мы сёння ж адпраўляем назад.
– Так, –  машынальна адказала Таня. – Адпраўляйце…
– Але вы разумееце, што ўсе страты ад гэтага браку лягуць на ваша прадпрыемства?
– Разумею, не маленькая…
– І, акрамя таго, мы выставім вам свае прэтэнзіі... Мы павінны абараняць свае інтарэсы.
– Так, выстаўляйце…
Пасля паўзы пан Анджэй устрывожана спытаў:
– Пані Таццяна, з вамі ўсё ў парадку? Мне не падабаецца ваш голас. У вас нешта здарылася?
– Не хвалюйцеся, пан Анджэй, у мяне ўсё ў парадку – як заўсёды... Так, мы дапусцілі брак – ужо не важна, па якой прычыне і хто вінаваты. І будзем за гэта адказваць. Адпраўляйце заказ назад, выстаўляйце прэтэнзіі – будзем разбірацца. 
Анджэй яшчэ нешта гаварыў, прабачаўся, але яна ўжо націснула кнопку адбою – не было ні сіл, ні жадання заставацца ветлівай і выхаванай.
Чамусьці моцна закружылася галава. "Кава – мне зараз проста неабходны кубак моцнай кавы. Трэба супакоіцца і ўсё абдумаць: што зараз рабіць, як жыць? Сапраўды – як жыць, калі здра-джваюць лепшыя сябры? Каму зараз верыць? Юра!.. Абавязкова трэба пагаварыць з Юрам. Ён нешта параіць, дапаможа, падтрымае. Але найперш трэба выпіць кавы...”
Яна паднялася, каб папрасіць Наташу зрабіць кавы, і раптам усё паплыло, перад вачамі закружылася – і яе праглынула чорная варонка…
Калі расплюшчыла вочы, над ёй стаялі заплаканая сакратарка і паўнаватая жанчына ў белым халаце.
– Жанчына, што з вамі? Вы мяне чуеце? –  трос яе за плячо белы халат. 
– Так, чую. Са мной усё ў парадку…
– Я бачу, у якім парадку… У вас нічога не баліць? Вы нічога не пашкодзілі, калі падалі? 
– А я падала? Не, здаецца, нічога… Галава толькі моцна кружыцца…
– Таццяна Аляксееўна нядаўна перажыла моцны стрэс, –  гучным шэптам паведаміла жанчыне ў белым халаце Наташка. – У яе сын загінуў…
Белы халат пашчупала яе пульс, змерыла ціск.
– Я б параіла вам паехаць з намі ў бальніцу, прайсці абследаванне…
Чамусьці ёй стала абыякава: бальніца дык бальніца. Абследаванне –  хай сабе… Што ёй яшчэ рабіць, чым заняцца –  без пяці хвілін беспрацоўнаму дырэктару практычна неіснуючай фірмы…
* * *
Яе вадзілі па нейкіх кабінетах, бралі кроў на аналіз, слухалі сэрца, мералі ціск, рабілі кардыяграму, праводзілі ультрагукавое абследаванне… Яна паслухмяна выконвала тое, што ёй казалі: распраніцеся… уздыхніце-не дыхайце… кладзіцеся на кушэтку… Адказвала на нейкія пытанні пра сваё самаадчуванне. А сама думала аб адным: як жа Валодзя так мог абысціся з ёй, з Аняй, з фірмай, з імі ўсімі? Выходзіць, яна зусім не разбіраецца ў людзях… І што ж цяпер рабіць? 
– Ну што там, доктар? –  не вытрымала нарэшце яна. – Жыць буду?
– Абавязкова! Даўно даказана, што калі пацыент хоча жыць, то медыцына бяссільная, –  ён падтрымаў яе жартаўлівы тон. – Ёсць падазрэнне, што нават шчасліва. Праўда, гэта ўжо больш ад вас, чым ад нас залежыць…
– Нешта я не зусім вас разумею…
– Ну са здароўем у вас усё ў парадку. Гемаглабін нізкаваты, але гэта не смяротна: станеце харчавацца нармальна – і ўсё ўсталюецца. А харчавацца вам трэба добра і правільна, у вашым становішчы гэта абавязкова.
– У якім такім маім становішчы? – спалохалася Таццяна: што за хваробу такую знайшлі ў яе гэтыя эскулапы?
– Вы так глядзіце на мяне, быццам не ведаеце, што ў вас дванаццаць тыдняў цяжарнасці…
– Дванаццаць тыдняў? У мяне? Адкуль? – падскочыла Таццяна, як апараная.
– Ну, даражэнькая, вам гэта лепш ведаць, –  развёў рукамі доктар. – Вы так здзіўлены, нібы вам пятнаццаць гадоў і вы не ведаеце, адкуль бяруцца дзеці і як дыягнастуецца цяжарнасць…
Таццяне стала няёмка – ну сапраўды, што яна, як дзяўчынка…
– Прабачце, – прамармытала яна. – Гэта так, эмоцыі. Я пайду?
– Так, можаце ісці, – кіўнуў галавой доктар.  І кінуў наўздагон:
– Але вам трэба тэрмінова вырашаць гэтае пытанне. Альбо станавіцца на ўлік у жаночай кансультацыі і праходзіць дэталёвае абследаванне – усё ж у вас, прабачце, узрост… Альбо прымаць радыкальныя меры.
У калідоры яна прысела на мулкую банкетку і прыхінулася да сцяны. Так, сапраўды, гэта было тры месяцы назад: гадавіна іх з Юрам сумеснага жыцця, рэстаран у вясковым стылі, крамбамбуля, бясконца доўгая і шчаслівая ноч… І тэлефонны званок на золку, які ўсё перакрэсліў… І затым дні і тыдні на канапе пад пледам, калі яна не ўсведамляла, ноч за акном ці дзень, не памятала, ела яна сёння ці не, не звяртала ўвагі, мылася ўчора ці пазаўчора.
"Дорага ж мне абыходзіцца мая дэпрэсія… Фірму страціла, цяжарнасць правароніла. Цяпер ужо, напэўна, і рабіць нешта позна? Ці яшчэ можна паспрабаваць?” – падумала яна. 
І раптам зразумела, што ёй не хочацца нічога рабіць. 
"Дзеўка, ты, мусіць, зусім звар’яцела – у тваім узросце раджаць! Гэта ўжо проста непрыстойна! Дзеці дарослыя, магла б ужо ўнукаў мець, а тут… Сорамна! Яшчэ, напэўна, можна пашукаць знаёмых, нешта зрабіць…” – пераконвала сама сябе.
І ўжо ведала, што не стане шукаць ніякіх знаёмых, не будзе нічога рабіць. "Гэта Бог пасылае мне дзіцятка –  сына, якога адабраў у тую самую ноч, –  раптам сышло на яе азарэнне. – Так, гэта да мяне вяртаецца мой сынок!” – падумала яна,  і на душы  адразу стала цёпла і радасна. 
Чамусьці яна была ўпэўнена, што там, у яе ўлонні, расце, развіваецца менавіта сын – інакш і быць не можа! І ён абавязкова  будзе падобны на свайго старэйшага брата. Яна дасць яму іншае імя, каб падмануць злых і зайздрослівых багоў – потым прыдумае, якое. Але ён, несумненна, будзе такім, як Вася – прыгожым, разумным, вясёлым. І абавязкова – шчаслівым! 
Яна паклала руку на жывот і ўсміхнулася: "Я з табой, мой родны… Я цябе нікому не аддам…”
"Трэба Юру сказаць. Ён, напэўна, узрадуецца…” – падумала Таццяна. 
І ўспомніла, што сёння бачыла Юру толькі ранкам, калі выходзіла на работу. Устрывожылася: чаму яны больш не сустрэліся? Ну, яна была занятая – цэх, размова з Валодзем… А ён – чаму ён не пацікавіўся, што яна высветліла пра справы фірмы? Праўда, Наташка казала, што ён заходзіў некалькі разоў у офіс, шукаў яе, хацеў аб нечым пагаварыць – але чаму ж не знайшоў?
 Тады яна падумала, што Юра хацеў распытацца пра яе размову з Валодзем ці сам нешта даведаўся пра апошнія навіны на фірме – такія весткі разыходзяцца хутка. А цяпер занепакоілася: можа, у яго што-небудзь здарылася? Трэба хутчэй ехаць дахаты, пра ўсё яму расказаць, параіцца. Радасцю падзяліцца. У іх будзе сын… Гэта ж трэба! Ну вось і вырашылася само па сабе пытанне аб тым, ісці ў загс ці не: не можа ж сын расці безбацькавічам! 
Юра быў дома. "Дзіўна, што так рана,” –  падумала Таццяна, калі ён сустрэў яе ў прыхожцы, дапамог зняць паліто, чмокнуў у шчаку…
– Таня, мне табе трэба нешта сказаць… –  выпаліў ён замест традыцыйнага вітання.
– Мне табе таксама, –  усміхнулася Таццяна. – І вельмі шмат…
– Ну, пачынай, а то ў мяне мала часу.
– Што, прама тут, у калідоры? Давай хоць парог пераступім. І куды ты так спяшаешся? – спытала Таня, праходзячы ў пакой – і асеклася: пасярод яго стаяў раскрыты чамадан, у якім ляжалі Юравы сарочкі, па крэслах былі раскіданы іншыя яго рэчы.
Унутры ўсё пахаладзела.
– Ты некуды збіраешся?
– Так, Таня, збіраюся. Менавіта аб гэтым я хацеў табе сказаць…
– Надоўга?
– Не ведаю. Як атрымаецца..
– Але што здарылася? 
– Бяда…
– Яшчэ адна? Божа, колькі ж можна! –  у роспачы ўпала яна ў крэсла.
– Ты не хвалюйся, усё не так страшна. Але… Сёння ранкам мне патэлефанавалі… Адзін мой сябар юнацтва. У Зоі, былой маёй жонкі, знайшлі рак. Апошняя, чацвёртая стадыя. Зрабілі аперацыю, але прагнозы ўрачоў несуцяшальныя. Яна адна, зусім адна. Бацькі памерлі… Братоў і сясцёр у яе не было. Мужоў сваіх шматлікіх яна паразгубляла. Побач – толькі сын. Мой сын, Вадзім. Але падлетку даглядаць за хворай бездапаможнай маці… Мне здаецца, дзіцяці гэта не па сілах. І ўвогуле –  жыць яму аднаму ў пустой кватэры, вырашаць нейкія бытавыя пытанні, ды яшчэ з такім грузам, вельмі цяжка. І за што ім жыць? Баюся, каб ён не нарабіў чаго-небудзь непапраўнага з-за нявопытнасці і ад бездапаможнасці. Я вырашыў, што мне трэба паехаць да іх. Не магу я кінуць сына аднаго ў такой сітуацыі… Ты прабач, што я прыняў гэтае рашэнне, не параіўшыся з табой, але ўсё так імкліва закруцілася. Вестка гэтая, а цябе нідзе не было… 
Таццяна доўга маўчала.
– Ты яе ўсё яшчэ кахаеш? –спытала нарэшце.
Юра горка ўсміхнуўся:
– Я б мог сказаць, што я яе ненавіджу – яна зламала маё жыццё, прычыніла столькі болю маме, адабрала ў мяне сына… Але нянавісць – занадта моцнае пачуццё, яна яго не заслугоўвае. Напэўна, я яе проста шкадую – як можна пашкадаваць хворага бездапаможнага чалавека. А найбольш, вядома, я турбуюся пра сына. 
– Так, Юра, ты павінен ехаць… – памаўчаўшы, нарэшце вымавіла Таццяна словы, якія ніяк не хацелі вымаўляцца. – Гэта твой сын і гэта – яго маці, ты павінен ім дапамагчы.
– Ты не пакрыўдзілася? – падхапіўся ён. – Ты сапраўды разумееш мяне?
– Канешне, разумею, –  апусціла яна галаву і падумала пра сябе: "Мяне б хто зразумеў…”
– Я ведаў, што ты самая лепшая жанчына ў свеце! Ты не думай, я ненадоўга, як толькі там усё наладзіцца, я адразу ж вярнуся! Я буду тэлефанаваць – часта-часта… Ты як сябе адчуваеш? Справішся тут адна, без мяне? – тараторыў ён, запіхваючы ў чамадан сарочкі, джынсы, шкарпэткі… 
– Вядома, спраўлюся – спраўлялася ж усё жыццё…
– Пачакай, –  ён раптам спыніўся. – Ты ж таксама хацела мне нешта паведаміць?
– Ды так, дробязь, – сумна ўсміхнулася Таццяна. – Потым раскажу, калі вернешся. Гэта не тэрмінова. Ты збірайся, на цягнік спознішся. Я пайду бутэрброды табе ў дарогу зраблю і кавы. Дарэчы, ты не памятаеш, дзе наш тэрмас? І грошы вазьмі – напэўна ж, спатрэбяцца.
– Дзякуй, Танечка, – падышоў ён ззаду і пяшчотна абняў.
Яна трымалася з апошніх сіл, каб не загаласіць...
* * *
Калі за Юрам зачыніліся дзверы, Таня зайшла ў спальню, зняможана ўпала на ложак і дала волю слязам, якія душылі яе ўвесь гэты час, пакуль яна дапамагала яму збірацца. "Божачкі, што ж за планіда ў мяне такая… Я зноў цяжарная – і зноў адна! Божа, ты здзекуешся нада мной? Ці проста выпрабоўваеш на трываласць? Колькі ўжо можна, як усё гэта вытрымаць? Столькі ўсяго разам: смерць Васі, страта фірмы, цяжарнасць, ад’езд Юры… Чаму менавіта зараз, калі ён патрэбен больш за ўсё? Як, ну як мне выкараскацца з усяго гэтага? Божа, дапамажы, падкажы…”
Плакала яна доўга. Затым, знясіленая, заснула. 
Ранкам, прачнуўшыся з цяжарам на сэрцы, вырашыла, што падымацца не будзе. Навошта – карміць няма каго, на працу спяшацца няма патрэбы, гаварыць няма з кім. І нават сорам няма перад кім адчуваць…
І раптам успомніла сваю шматтыднёвую дэпрэсію і яе наступствы – і рашуча  адкінула коўдру: "Ну не, даражэнькая! Больш ты сабе такога дазволіць не можаш! Занадта дорага гэта каштуе!” 
Пашыбавала ў ванну, прыняла кантрастны душ. Затым зрабіла моцную каву. І тут высветлілася, што скончыўся цукар. "Ну вось, яшчэ і гэта! Кава без цукру – горш можа быць толькі цукар без кавы! Хоць бы якая цукерка лядашчая дзе завалілася,” – перабірала Таццяна вазачкі і разеткі на стале. Раздражнёна пераставіла падалей старую фарфоравую цукерачніцу, каб не блыталася пад рукамі, не разбілася незнарок – ёй даўно не карысталіся, але бераглі, як памяць пра бабулю. І раптам там, у сярэдзіне, нешта жаласна бразнула. Таня зняла накрыўку і ўбачыла на дне пярсцёнак. Той самы, які Юра падарыў ёй тады, у рэстаране, калі яны пілі крамбамбулю… Сапраўды, пасля размовы з Сашам у дзень пахавання сына яна зняла яго і палажыла сюды – лічыла, што шчасце яе скончылася… "Сапраўды скончылася?” – ці то спытала, ці то сказала сама сабе, пакручваючы ў руках Юрын падарунак. І нечакана для сябе надзела на сярэдні палец правай рукі – як тады, у рэстаране. 
– Ты некалі пераконваў мяне, што мы павінны быць разам, нягледзячы ні на што, – уголас звярнулася яна да Юры. – Ну, значыць, будзем разам…
Таццяна моршчылася, адпіваючы дробнымі глыткамі несалодкую, а таму нясмачную каву, і прымушала сябе, як яна гаварыла ў такіх выпадках, "уключыць мазгі”. 
– Параіцца няма з кім, – разважала яна ўслых. –  Юра паехаў – і невядома, колькі часу прабудзе там, і нават – ці вернецца ён зусім, трэба быць гатовай і да гэтага… Ён кажа, што не любіць тую жанчыну, але ўсё роўна, яна – маці яго сына, і яна – цяжка хворая. Ён не кіне яе ў такім стане, дзеля сына не кіне. Значыць, будзем лічыць, што Юры ў нас няма. Пакуль ці зусім – пакажа час. Я магу нейкім чынам паўплываць на гэтую сітуацыю? – спытала Таня сама сябе. І сама сабе адказала: 
– Не, не магу – не маю на гэта ні маральнага, ні юрыдычнага права. Я не жонка яму і не магу ўплываць на яго рашэнні. А калі б была жонкай, то што змянілася б? Вядома, я б магла сказаць яму пра сваю цяжарнасць – і ён, напэўна, застаўся б. І пакутаваў бы, і рваўся паміж сынамі – гэтым, ненароджаным, і тым, якога вадзіў у заапарк і на каток, і іх мацяркамі. А я б пакутавала ад усведамлення сваёй віны і комплексу непаўнацэннасці, думаючы, што ён са мной не з-за мяне, а з-за дзіцяці. Не, не варта… Значыць, адсунем пакуль Юру ў дальні куток свядомасці: калі не можа дапамагчы, то няхай хоць не перашкаджае. Калі, вядома, атрымаецца, – уздыхнула Таццяна, разумеючы, што не атрымаецца – але ж паспрабаваць можна?
Яна хадзіла з кутка ў куток пустога пакоя і разважала ўслых – калі б яе ў гэтую хвіліну ўбачыў нехта чужы, падумаў бы, напэўна, што жанчына памяшалася. Але дзіўна – мозг, які адпачываў усе гэтыя месяцы дэпрэсіі, зараз уключыўся ў работу, дзейнічаў ясна і лагічна – пакуль яму не перашкаджала сэрца…
– Значыць, што мы маем? Я не магу паўплываць на сітуацыю з Юрам… А на што магу? Самае страшнае – смерць Васі, але гэта выправіць немагчыма. Гасподзь злітасцівіўся нада мной і пасылае яшчэ аднаго сына – трэба ўспрымаць гэта як яго падарунак. З ім, маленькім, нічога рабіць пакуль не трэба  – хай сабе расце і развіваецца… Табе там цёпленька і ўтульна, мой маленькі, я пастараюся цябе добра карміць і не загружаць сваімі праблемамі. Калі, вядома, змагу. Але ты, сыночак, таксама не падводзь сваю маму, паводзь сябе добра, – звярнулася яна да немаўляці і пагладзіла жывот. – Так, цяжарнасць дадасць клопатаў, але не зараз, пазней: трэба будзе стаць на ўлік, паклапаціцца пра фінансы… 
– Дарэчы, пра фінансы, – скіравала свае думкі ў практычнае рэчышча Таццяна. – Трэба зайсці ў "кліент-банк”, калі Валодзя не змяніў пароль, праверыць, што там засталося на рахунку фірмы.  Канешне, наўрад ці што засталося. А можа, ён усё ж не такі нягоднік, якім хацеў падацца падчас размовы? Не можа ж чалавек так змяніцца… Ці ўсё ж я яго проста не ведала? 
Таня ўключыла камп’ютар, зайшла ў інтэрнэт, праверыла банкаўскі рахунак сваёй фірмы. Цуда не здарылася – там круглелі голыя нулі… 
– А з улікам таго, што праз два тыдні трэба плаціць падаткі, праз тры – рахункі за электраэнергію, а праз месяц – зарплату людзям, што палякі вяртаюць заказ і, вядома ж, выставяць штрафныя санкцыі – сітуацыя крытычная, – хруснула пальцамі Таццяна. – І як я магу паўплываць на гэта? Хоць, зрэшты, чаму я павінна на гэта ўплываць? У фірмы ёсць новы ўласнік – няхай ён і турбуецца, як разбірацца з даўгамі, чым плаціць людзям зарплату. Хоць людзей, хутчэй за ўсё, проста звольняць… А ты  зараз з’яўляешся дырэктарам толькі юрыдычна, ды і тое – пакуль. Так што патурбуйся лепш аб тым, за што жыць будзеш і дзяцей падымаць, – сказала сама сабе Таня, адкрываючы праз інтэрнэт-банкінг уласны рахунак. – Пра якія там "пару кавалкаў” гаварыў Валодзя на развітанне? Колькі гэта ў яго грашовай сістэме?
На асабістым рахунку таксама было нягуста. "Пара кавалкаў”, якія ёй, былой кампаньёнцы, адшкадаваў "з барскага пляча” былы сябар, з якім некалі ўкладвалі ў гэтую фірму роўныя долі, складала крыху больш яе месячнай зарплаты.  
– Ну, на месяц хопіць. Калі эканоміць, можна расцягнуць на два… А што рабіць далей? Той невялікі запас, што сабралі з Юрам за апошні год, аддала яму – там, пэўна ж, спатрэбяцца. А як жыць самой? І цяжарнасць гэтая такая несвоечасовая, – падумала – і спалохалася сваіх думак.  – Але ж праз нейкіх паўгода спатрэбіцца прыданае малышу, і каштуе яно нятанна. А з улікам таго, што працаваць яна нейкі час не зможа – нават калі будзе дзе… Ох, сынок, прабач, але ж ты так несвоечасова, – зноў пагладзіла яна мяккі, незаўважны пакуль ні для каго домік свайго дзіцяці. 
– Ну дык і на што ж з усяго, што звалілася за апошні дзень, можна рэальна паўплываць? – задала сабе амаль што рытарычнае пытанне Таццяна. – Хіба што на цяжарнасць – але гэтага рабіць нельга, немагчыма. А ў астатнім, выходзіць, практычна – ні на што? Хіба толькі паспрабаваць разабрацца з фірмай. Падаць у суд на Валодзю? У фірмы – два ўласнікі, як маглі засведчыць дагавор куплі-продажу з подпісам толькі аднаго? Так, у яго была генеральная даверанасць, але ўсё ж… Але судовыя разбіральніцтвы таксама патрабуюць грошай, і немалых… І яшчэ невядома, чым закончыцца працэс, нават калі ўдасца дамагчыся, каб ён пачаўся. Тым больш, што Валодзя нешта празрыста намякаў, што хоча пажыць прыгожа і не ў гэтай краіне. Напэўна, ён са сваёй разумнай бухгалтаркай паклапаціліся, каб знайсці іх было не вельмі проста, і былыя кампаньёны ды суддзі з адвакатамі не перашкаджалі ім траціць украдзеныя ў яе грошы. Так, юрыдычнае пытанне падзелу ўласнасці таксама пакінем на потым, гэта не сённяшняга дня справа. 
– А сёння... Што можна зрабіць сёння? – задумалася Таццяна. 
І ўрэшце вырашыла:
– Сёння трэба паспрабаваць высветліць, хто ж купіў нашу фірму, які рызыкант рашыўся на гэта, ведаючы – не мог жа ён гэтага не ведаць, калі ўкладваў немалыя грошы – што ў прадпрыемства два ўласнікі, і задаволіўшыся подпісам толькі аднаго? Трэба сустрэцца з гэтым чалавекам і ўсё высветліць.  Усё ж я пакуль яшчэ хоць дэ-юрэ, але дырэктар. Не лішне было б пацікавіцца і яго планамі наконт будучыні фірмы. А ўжо потым будаваць свае ўласныя: шукаць работу, шукаць грошы…
Яна ўжо ўзялася за тэлефон, каб пазваніць свайму знаёмаму з камітэта эканомікі, які ўсё пра ўсіх ведаў у іх сферы, каб вывудзіць хоць якую інфармацыю. Але не паспела: тэлефон завуркатаў мелодыяй пра прыроду, у якой не бывае дрэннага надвор’я – і дысплей высвеціў імя Наташкі, сакратаркі:
– Ой, Таццяна Аляксееўна, у нас тут такое! – затараторыла дзяўчына, забыўшыся павітацца. – Уладзімір Сямёнавіч як паехаў учора ранкам з Галінай Пятроўнай у банк – гэта ж яшчэ пры вас было! – дык больш на працы так і не з’яўляўся. І вы не прыйшлі… Ой, прабачце, як ваша здароўе? – здаецца, Наташка толькі зараз успомніла, што ўчора дырэктара з работы забралі на "хуткай”. 
– Усе ў парадку, – адказала Таццяна. – Дык я не зразумела. Што там у вас?
– Ну вось, у офісе няма ні вас, ні Уладзіміра Сямёнавіча, і ніхто не ведае, дзе вы і што. Чуткі розныя папаўзлі – быццам нашу фірму прадалі. А сёння, хвілін дваццаць назад, дзядзечка нейкі прыйшоў – сімпатычны такі, з высакароднай сівізной. І выпраўка, як у ваеннага. І сказаў – уяўляеце?!! – што зараз ён з’яўляецца ўласнікам нашай фірмы! І што ён хацеў бы сустрэцца з дырэктарам. Папрасіў патэлефанаваць вам і запрасіць на сустрэчу. Я хацела было правесці яго ў кабінет Уладзі­міра Сямёнавіча і кавы зрабіць,  каб ён пачакаў, пакуль вы прыйдзеце, а потым падумала: а раптам ён махляр які? Ды ён нібыта думкі прачытаў: папрасіў прызначыць вам сустрэчу ў кафэ "Лаванда”, на 13 гадзін. І пайшоў. Вось…  Таццяна Аляксееўна, вы толькі не злуйцеся, я вам перадала, як гэты чалавек сказаў. Дарэчы, вельмі сімпатычны мужчына, – дадала ад сябе са стоеным прыдыханнем улюблівая Наташка.


Ніна Рыбік.

Предыдущая статья

Каждый день вспоминаю войну