Пасля кожнай цікавай вандроўкі мой блакнот поўніцца новымі адрасамі і тэлефонамі, а ў фотаапараце – мноства яркіх момантаў на памяць.
І юбілейны, Х фестываль нацыянальных культур у Гродне – не выключэнне: вельмі багаты на сустрэчы і знаёмствы. Сёлетні фестываль мне ёсць з чым параўнаць. Я была на першым у 1996 годзе і амаль на ўсіх, што тут праходзілі. Ды і, дарэчы кажучы, з калектывам народнага тэатра-студыі "Карагод” мы аб’ездзілі ўсю Гродзенскую вобласць, былі на рознага ўзроўню мерапрыемствах.
З гульнёвай праграмай "Вясковая ідылія” – яркай і каларытнай – з задавальненнем выступілі на "Беларускім падворку”. І дарослым, і дзецям хацелася весяліцца, спяваць і танцаваць. Вакальныя калектывы з натхненнем выконвалі нашы любыя мілагучныя беларускія песні. Хто ведаў – падпяваў, хто не – не шкадаваў далоняў...
А потым з маёй гродзенскай сяброўкай Таццянай – індывідуальным прадпрымальнікам – мы паспяшаліся па фестывальным Гродне. Шырока віраваў натоўп жыхароў і гасцей горада. На нацыянальных падворках гасцінна сустракалі ўсіх і здзіўлялі як маглі нацыянальнымі строямі, кухняй, гульнямі, конкурсамі. Уразілі ўкраін-цы ярка вышытай калекцыяй рушнікоў. Тут праходзіла "смачнае” свята варэнікаў. На жаль, нам варэнікаў ужо не прыйшлося пасмакаваць.
– Колькі жыву ў Гродне, не была на такіх фэстах. Неяк не хапала часу, – прызнаецца Таццяна. – Ніколі не думала, што так шмат цікавага можна ўбачыць.
Канешне, усё абысці і агледзець мы не здолелі. Ды і на ўсіх 19 падворках, што разгарнуліся ў фестывальныя дні, мы і не збіраліся гасцяваць. Зразумела, кожны з прадстаўнікоў 35 нацыянальнасцей прыехалі сюды, каб сустрэцца з роднымі і блізкімі, а самае галоўнае, каб паказаць тое, што павінен зберагчы кожны з нас – культуру і традыцыі.
У даліне Гараднічанкі каля доміка Элізы Ажэшкі сабраліся славутыя ў сваёй справе кавалі. Яны ўпершыню з’ехаліся на фестываль за некалькі дзён, правялі свой пленэр і арганізавалі свята-выставу "Жалезны кужаль”. А мы з задавальненнем дзівіліся іх уменню і па-майстэрску выкананымі філіграннымі вырабамі... з жалеза. Многія з іх вырабаў пасля фестывалю ўпрыгожаць вуліцы Гродна.
Не змаглі мы абысці выставу майстроў "пэчворка” "На фестивальных перекрестках”, якая адкрылася ў абласным метадычным цэнтры на вуліцы Ажэшкі. Таленавітыя людзі з Прыбалтыкі, Расіі, Беларусі прадставілі сваё мастацтва. Ад такога хараства нельга было адарваць вачэй. Яркія фарбы восені, лірычныя вясновыя пейзажы, мягкія зімовыя матывы, тэмы кахання, сяброўства, мацярынства...
Зазірнулі ў Музей гісторыі і рэлігіі, што на вуліцы Замкавай. Там працавала выстава аўтарскай лялькі "Госпожа кукла”. Прыгожа, прафесійна. Вока затрымлівалася на кожнай ляльцы, а іх дэманстравалася звыш 50 з Беларусі і Літвы.
А вось з гродзенскімі "лялечнікамі” мы знаёміліся ў "Горадзе майстроў”. І здзіўляліся, здзіўляліся, здзіўляліся... Такой колькасці і якасці вырабаў не даводзілася бачыць ніколі! З задавальненнем хочацца адзначыць, які таленавіты наш народ: ганчарства, лозапляценнее, вышыўка, вязанне... І не пералічыць. А колькі спакусы, каб набыць той ці іншы сувенір на памяць!
На фестывалі зноў сустрэлася з калегамі-культработнікамі з Воранава, Зэльвы, Мастоў. Было пра што пагаманіць, што абмеркаваць, а святочная атмасфера надавала асаблівы настрой.
Дзякуй фестывалю за знаёмства з Алай з Навагрудка, з Ларысай з Гродна, з Жанай з Мастоў – народнымі майстрамі. Гутарка з імі атрымалася змястоўнай і цікавай.
Зусім не хацелася ад’язджаць. Здавалася, так і вандраваў бы бясконца, зазіраючы ў розныя цікавыя куточкі...
Хто хацеў атрымаць свята – атрымаў, набыць сувенір – набыў, знайсці сябра – знайшоў. І я ў тым ліку.
Марыя САМАЛЕВІЧ,
в. Грынкі