banner

Скрыжаванні

16 Мая’14
2076

Таццяна нервова пакусвала вусны, не ведаючы, як рэагаваць на падобныя навіны, не жадаючы верыць, што ўсё на самой справе так, як расказвае Юра, і прыкідваючы, што ж можна зрабіць у гэтай сітуацыі.
А Юра працягваў:
– Затое ў нас, як ты памятаеш, з’явілася новая бухгалтарка…
– Ну а тут што дрэннага? – стала злавацца Таццяна. –  Люда пайшла ў дэкрэтны водпуск. А гэтая дзяўчына разумная, з вышэйшай адукацыяй, з вопытам работы…
– Я б сказаў – вельмі разумная. І вельмі прыгожая… Уладзімір Сямёнавіч зараз з яе кабінета не выходзіць…
– Фу, Юра, не апускайся да бабскіх плётак –  гэта непрыстойна, –  паморшчылася Таццяна.
– Каб жа справа была толькі ў плётках, гэта можна было б перажыць,– прамармытаў Юрый. – Але на самой справе – давай пра больш важнае. Пра аснову нашага дабрабыту – дагавор з палякамі. Дык вось, Таня, я не здзіўлюся, калі апошні адшыты намі заказ яны забракуюць. І нават інакш: здзіўлюся, калі не забракуюць…
– Чаму гэта?
– Таму што Уладзімір Сямёнавіч закупіў тканіну, з якой і нашы базарнікі ўжо мадэлі не бяруць. Яе кроіць немагчыма –  яна сыплецца… Я ўжо не кажу пра тое, як швачкі мучыліся з гэтым заказам, як па тры разы кожную адзінку прасавалі – а яны ўсё роўна, як з чамадана… А тут – палякі, з іх патрабаваннямі да якасці. А заплацілі за гэтую тканіну, між іншым, у паўтара разы больш, чым за папярэднюю партыю, якасць якой была –  ты памятаеш якая, палякі толькі языкамі цокалі.
– Але чаму Валодзя дапускае такія праколы? –  няўцямна глядзела на Юру Таццяна. – Ён жа мае вопыт. Тым больш, што ў нас ужо даўно адпрацаваныя пастаўшчыкі…
– …З якімі мы амаль з усімі разарвалі адносіны, – перабіў Юрый. – Заплаціўшы пры гэтым салідную няўстойку. Затое з’явіліся новыя партнёры –  без імені, без рэпутацыі, якія на рынку – тыдзень без году. І мы купілі ў іх тое, што я табе казаў, і па той цане, пра якую я гаварыў. 
– Але чаму? Да ранейшых пастаўшчыкоў не было ніякіх прэтэнзій: салідныя фірмы, прыстойныя людзі… 
– Я таксама не раз і не два задаваў сабе гэтыя пытанні, перш чым пераадрасаваў іх табе. І Уладзіміру Сямёнавічу задаваў.
– А ён што? – глянула Таня з надзеяй. 
– А ён сказаў мне не лезці не ў сваю справу і лепш сачыць за тым, каб станкі спраўна працавалі. Ды яшчэ клапаціцца як след пра маладую жонку – пра цябе, значыць. Каб яна не перапрацоўвалася і заўсёды добра выглядала – размова была якраз перад гэтай бядой…
– Няўжо Валодзя не здолеў разабрацца – ні ў людзях, ні ў сыравіне?
– Баюся, Таня, што Валодзя цудоўна ва ўсім разабраўся… І новы бухгалтар яму ў гэтым дапамагла…
– Нічога не разумею… 
– Ты адна не разумееш. Затое ўсе, хто бачыў, якую машыну купіў сабе нядаўна Уладзімір Сямёнавіч, усё разумеюць. Ёсць такое чароўнае слова – "адкат”…
Таня памаўчала.
– Ты нічога не блытаеш, не згушчаеш фарбы? – паглядзела на Юрыя з надзеяй: хай бы ён зараз сказаў, што пажартаваў… Але вочы ў яго былі ўстрывожаныя і заклапочаныя:
– Таня, я не прашу цябе мне верыць, я прашу цябе пайсці на работу і самой ва ўсім разабрацца. У фінансах, з пастаўшчыкамі, з кадрамі… Бо тое, што робіцца, можа вельмі дрэнна скончыцца.  
Таня доўга маўчала, пакручваючы ў руках пусты кубак з-пад кавы – прыкмета таго, што яна напружана думае. Пасля сказала:
– Добра, Юра, заўтра я пайду на работу і ва ўсім разбяруся. Але прабач,  мне здаецца, што твае страхі моцна перабольшаны. Не можа Валодзя падманваць мяне, весці за маёй спіной двайную гульню. Ты нешта не так зразумеў, можа, не валодаеш усёй інфармацыяй. Я разбяруся, і мы з табой удваіх пасмяёмся з тваіх прыдумак. 
– Я б вельмі хацеў, каб было так, –  Юра першым падняўся з-за стала. –  А цяпер пайшлі спаць, –  рашуча прамовіў ён і, узяўшы яе за руку, павёў міма прыбранай ужо канапы ў спальню…
Назаўтра Таня прачнулася раненька. Ціхенька выслізнула са спальні, зайшла ў залу, узяла ў рукі фотаздымак Васі, перавязаны чорнай жалобнай стужкай.
– Ты прабач мяне, сынок, што я так расслабілася. Засмуціў ты мяне моцна, не чакала я ад цябе такога. Як жа ты мог мяне вось так пакінуць, га, сынок? Я ж табе не здрадзіла, як цяжка мне ні было. А ты вось як са мой абышоўся… Напэўна, у цябе не было іншага выйсця, так, родны мой? Але ты не думай, я на цябе не крыўдую. Я буду жыць так, як быцам ты і зараз са мной – проста далёка… Вельмі далёка… І ты на мяне не крыўдуй. Табе не будзе больш за мяне сорамна, сынок. Ты заўсёды гаварыў, што ганарышся мной – і зраблю ўсё, каб ты і надалей мог мной ганарыцца. Ты толькі, калі можаш, дапамажы мне крышачку, падтрымай. Хоць адтуль, здалёку… Мне твая падтрымка заўсёды была вельмі патрэбна, а зараз –  асабліва… 
Таня лёгенька дакранулася вуснамі да вожыка светлых валасоў, да ямачкі на шчацэ сына – адказам ёй быў халодны дотык шкла партрэта. Уздыхнуўшы, паставіла рамачку на стол і пайшла на кухню. Прыгатавала снеданне, зварыла каву, улажыла валасы, зрабіла макіяж… І ўжо збіралася садзіцца за стол, як у кухню ўвайшоў збянтэжаны Юра:
– Ты ўжо паднялася? Ох, прабач… Нешта я сёння праспаў… Заснуў, як праваліўся. Здаецца, толькі вочы змежыў, прачынаюся – а цябе няма… Я так спалохаўся. А ты што так рана падхапілася?
– Ну я ўжо выспалася –  за столькі часу… А зараз на работу пара. Там за маю адсутнасць, напэўна, шмат спраў накапілася. А ты ўчора казаў, што і праблем нямала… Ты снедай, а я пабягу. Дзень сёння, напэўна, будзе цяжкі… –  кінула яна, на хаду дапіваючы каву і выслізнула з кухні.
Юра паглядзеў ёй услед з захапленнем: перад ім была ранейшая Таццяна, нібы і не крывіла ў яе сэрцы незагойная рана, нібы і не было шматтыднёвай дэпрэсіі. На работу спяшалася прыгожая, крыху заклапочаная перад пачаткам працоўнага дня, упэўненая ў сабе жанчына – толькі чорныя кругі пад вачыма і зямлісты колер твару выдавалі, што перажыць ёй за гэты час давялося нямала.
Час быў ранні, рабочы дзень адміністрацыі яшчэ не пачаўся, і Таццяна вырашыла зайсці ў пашывачны цэх: тут пачыналі змену на гадзіну раней. Швачкі і сапраўды сядзелі за машынамі, але не працавалі.  Гарталі часопісы, перакідваючыся кароткімі фразамі. У паветры вісела відавочнае напружанне. Таццяна павіталася, акінула вачыма рабочыя месцы: знаёмыя твары можна было пералічыць на пальцах. Новенькія пераглянуліся з «бывалымі»: «Хто такая?».  Нястройна адказалі на прывітанне і сталі дэманстратыўна корпацца ў машынах. 
На кравецкім участку з перапалоханым выглядам разглядвала лякалы незнаёмая дзяўчына. У кабінеце мадэльера было пуста. Толькі ў каморцы майстра сядзела Міхайлаўна, на плячах якой ляжаў увесь вытворчы працэс, і нешта пісала. Таццяна з палёгкай уздыхнула: ну дзякуй богу, хоць з некім можна пагаварыць… 
– Дзень добры, Міхайлаўна, –  усміхнулася яна жанчыне. – Ну як вы тут без мяне? Як справы?
Майстар паглядзела ўважліва: усе ведалі пра гора дырэктара, пра тое, што яна пасля пахавання сына хварэе. А зараз як, паправілася? Здаецца… Выгляд так сабе. Але бывае і горшы… 
Сумна ўсміхнуўшыся, Міхай-лаўна паціснула плячыма:
– Ну як нашы справы? Можна сказаць, што ніяк…
– А што так? – узняла бровы Таццяна.
– Чарговы заказ палякам адправілі два дні назад. Цяпер чакаем наступнага – калі ён будзе, невядома…
–  А чаму так песімістычна? І чаму швачкі сядзяць у цэху, калі работы няма? Напэўна, лепш адпусціць іх дахаты? Дарэчы, Міхайлаўна, а чаму ў нас столькі новых людзей – павітацца няма з кім? – дырэктар цэлым залпам выпаліла пытанні, якія былі напісаны ў яе на твары.
– Ой, Аляксееўна, пра гэта вам лепш ва Уладзіміра Сямёнавіча спытаць, –  нявесела адмахнулася Міхайлаўна. – І аб тым, чаму людзі новыя і чаму трэба ў цэху сядзець, калі работы няма… У нас цяпер вельмі сур’ёзныя патрабаванні да працоўнай дысцыпліны, –  дадала яна саркастычна. Відаць, што новаўвядзенні ёй не падабаліся. 
– За спазненне на пяць хвілін пазбаўляюць прэміі, на паўгадзіны – звальняюць па артыкулу, і няважна, ёсць работа ці няма…
– То, напэўна ж, за перапрацоўку прэмію дабаўляюць? – паспрабавала далікатна разабрацца ў новых нюансах правілаў унутранага распарадку Таццяна.
– А перапрацоўкі ў нас быць не павінна! –  сумна ўсміхнулася майстар. –  Уладзімір Сямёнавіч сказаў, што пасля змены і ў выхадныя мы працуем таму, што дрэнна выконваем свае абавязкі падчас працоўнай змены, не ўмеем арганізаваць свой рабочы час і таму нам не дабаўляць за гэта прэмію трэба, а здымаць яе. Дзяўчаты, калі адшывалі апошні заказ, без выхадных працавалі, дапазна, а разлік атрымалі амаль напалову меншы, чым тры месяцы назад, калі былі і выхадныя, і адгулы. Таму і звальняюцца лепшыя швачкі, кваліфікаваныя майстры цяпер усюды патрэбныя. 
Таццяна маўчала, не ведаючы, што сказаць майстру: рабіць паспешлівыя вывады, а тым больш нешта абяцаць, не разабраўшыся, не хацелася. А жанчына яўна чакала калі не спачування, то хоць разумення.
– А вы назусім вярнуліся, Таццяна Аляксееўна, ці так, праведаць нас? – парушыла маўчанне Міхайлаўна. 
І, не дачакаўшыся адказу, дадала з непрыхаваным сумам:
– Вяртайцеся, калі ласка… Я разумею – вам зараз цяжка. Але нам так дрэнна без вас… Скажу шчыра: я сама ўжо колькі разоў заяву пісаць пачынала… Таму толькі і не звольнілася, што вас чакала. Сумленне не дазволіла кінуць вас у такі момант. А ўвогуле складаная ў нас зараз сітуацыя. Я нават не ведаю, як можна было за лічаныя месяцы дабіць "да ручкі” наладжаную вытворчасць… І не ўяўляю, як зараз з гэтага можна выблытацца, хіба толькі вы што прыдумаеце? Вы паглядзіце, з якой тканіны мы палякам апошні заказ адшылі, –  прынесла яна з падсобкі кавалак сінтэтычнай анучы незразумелай расфарбоўкі. – Калі яны яго не забракуюць, то гэта будзе проста цудам. А калі забракуюць, то не ўяўляю, куды мы зможам гэта падзець. Прадаць такое немагчыма нават у нас на базары, хоць мы і стараліся пашыць якасна, і надаць таварны выгляд, наколькі гэта было магчыма. 
Таццяна пакруціла ў руках кавалак тканіны... Выходзіць, Юра меў рацыю? Але ж не з рабочымі абмяркоўваць гэта.
– Не панікуй, Міхайлаўна, усё будзе добра! – пастаралася яна ўсміхнуцца як мага больш бадзёра. – І людзям скажы, каб не кідаліся ў роспач. А сёння яны могуць адпачываць. І заўтра, калі трэба будзе, мы вас паклічам, няма чаго вартаваць станкі ў цэху ды мужам костачкі перамываць. У хаце кожную сем’і чакаюць, дзеці – хай парадуюць блізкіх…
У офіс Таццяна падымалася ў самым змрочным настроі. Выходзіць, усё, аб чым гаварыў учора Юрый, – не перабольшванне, не нагнятанне сітуацыі, як яна спадзявалася, і становішча на самой справе вельмі сур’ёзнае. Што ж тады здарылася за гэтыя няпоўныя тры месяцы? Чаму Валодзя, вопытны і разумны кіраўнік, дапусціў столькі "ляпаў”? Юра нешта празрыста намякаў на новую бухгалтарку… Але пры чым тут бухгалтарка? Нават калі б ён кінуўся ў нейкую любоўную авантуру – ад Валодзі ў гэтым сэнсе ўсяго можна чакаць – то пры чым тут вытворчасць?
Перш за ўсё Таццяна вырашыла зайсці да галоўнага бухгалтара. Пастукалася, прыадчыніла дзверы, павіталася – іх новы бухгалтар, якую яны прынялі на работу незадоўга да трагедыі з Васем, маладая, яркая бландзінка, няспешна фарбавала вусны перад люстэркам і не звяртала на дырэктара ніякай увагі. Таццяна сумелася: не пазнала, ці што? Няўжо яна зараз так дрэнна выглядае?..
Дзяўчына закончыла працэс, палюбавалася на сябе ў люстэрка, усміхнулася і нарэшце паглядзела ў яе бок:
– Добры дзень, Таццяна Аляксееўна! З выхадам вас…
Было бачна, што бухгалтарка ўсім сваім выглядам і паводзінамі імкнецца зняважыць яе. Але чаму? Гэтага Таццяна зразумець не магла. І вырашыла пакуль не абвастраць абстаноўку – будзе яшчэ час і нагода паставіць гэтую пстрычку на месца.
– Дзякуй, Галіна Пятроўна, – суха адказала яна на своеасаблівае прывітанне. – Так, я з сённяшняга дня вяртаюся да выканання сваіх абавязкаў дырэктара фірмы "Элегант” і хачу паглядзець бухгалтарскія дакументы за апошнія тры месяцы. Падрыхтуйце іх, калі ласка, і прынясіце да мяне ў кабінет – я буду ў сябе.
– Але гэта немагчыма, –  чароўна ўсміхнулася бухгалтар.
– Чаму гэта? – застыла на паўкроку Таццяна, якая ўжо прыадчыніла дзверы, каб як мага хутчэй пакінуць гэты "салон прыгажосці”, стылізаваны пад рабочы кабінет: у яе не было ніякага жадання далей назіраць за крыўляннем гэтай дзівы. 
– Таму што ўсе дакументы зараз знаходзяцца ва Уладзіміра Сямёнавіча… Ен забраў іх на подпіс… 
– Што, адразу за тры месяцы? – недаверліва хмыкнула Таццяна.
– Так, за ўсе тры месяцы. Вы ж не падпісалі за гэты час ніводнай паперкі, хоць і атрымлівалі спраўна зарплату. На шчасце, Уладзімір Сямёнавіч таксама мае права подпісу. Вось ён ім і скарыстаўся… –   у прытарна-салодкім голасе бухгалтаркі гучаў яўны здзек, але Таццяна не магла зразумець яго прычыну. 
"Добра, зараз ва ўсім разбяруся, – думала яна, шпарка шыбуючы па калідоры. – Зараз Валодзя мне растлумачыць, што тут адбываецца. Хто тут кім кіруе, хто чым займаецца, хто над чым працуе…”
Яна без стуку, рыўком адчыніла дзверы ў кабінет свайго намесніка і бліжэйшага паплечніка –  не прыняты ў іх былі такія фармальнасці. Яны разам некалі стваралі гэтую фірму і зараз сумесна ёй кіравалі, чыста фармальна падзяліўшы абавязкі: менавіта Валодзя пажадаў, каб яна лічылася дырэктарам, а ён – яе намеснікам, хоць усе правы, у тым ліку і юрыдычныя, у іх былі аднолькавыя. І зарплату яны таксама атрымлівалі аднолькавую – гэта было рашэнне Таццяны.
У кабінеце панаваў вэрхал: стол завалены паперамі, на крэслах ляжалі папкі і стаялі нейкія сумкі, дзверцы шафы расчынены. Валодзя стаяў ля акна і размаўляў па тэлефоне. Азірнуўшыся на стук дзвярэй, ён паспешліва прамовіў:
– Ужо тут. Канешне, усё скажу. Я потым перазваню…
"Бухгалтарка,” – здагадалася Таццяна, у чарговы раз канстатуючы, што ўсё, аб чым учора гаварыў Юрый, – праўда.
– Прывітанне, Танечка, – кінуўшы тэлефон на стол, шырока раскрыў абдымкі Валодзя. – Ну як ты, крыху ачуняла? Вырашыла выйсці на работу? Магла б яшчэ пабыць дома – табе цяпер так цяжка…
У гэтых спачувальных словах ёй пачуўся той жа непрыхаваны здзек, які яна адчула ў словах бухгалтаркі. І таму зрабіла выгляд, што не пачула гэтага фальшывага спачування, а задала галоўнае пытанне, што гарачай хваляй уздымалася ў грудзях, ціснула, рвалася вонкі, патрабавала адказу:
– Валодзя, растлумач мне, калі ласка, што адбываецца?
– У сэнсе? – здзіўлена ўскінуў ён бровы.
– Што адбываецца на фірме? Чаму ты парваў адносіны з нашымі ранейшымі пастаўшчыкамі тканіны і закупіў для польскага заказу такую туфту? Чаму ты звольніў лепшага ў горадзе мадэльера, лепшую закройшчыцу, лепшых швачак? З кім і з чым мы будзем працаваць? Як мы будзем з такімі кадрамі і з такой сыравінай выконваць заказы і развівацца?
Валодзя скінуў маску прытворнага спачування і, склаўшы рукі на грудзях, іранічна слухаў яе абураныя пытанні.
– Усё? Ці яшчэ нешта хочаш спытаць? А ты, я гляджу, дарма часу не губляла – цудоўна ведаеш пра нашы справы. А казалі ж: хварэе, не можа перажыць сваё гора… Ах, прабач, я ж зусім забыўся, што ў цябе ёсць цудоўны асабісты інфарматар, гэткі засланы казачок…
– Валодзя, маё гора – гэта маё гора, не чапай яго, калі ласка. І Юру не чапай. Я была ў цэху, размаўляла з людзьмі, бачыла тую тканіну, якую ты закупіў. Хацела яшчэ даведацца, па якой цане, але бухгалтар чамусьці не дала мне дакументы, сказала, што яны зараз у цябе. Дык магу я, як дырэктар, ведаць, што адбываецца? Чаму ты, чалавек вопытны і дальнабачны, дапускаеш такія праколы і ставіш пад пагрозу будучыню нашай фірмы?
– А што гэта ты раптам успомніла аб сваёй дырэктарскай пасадзе? Тры месяцы валялася на канапе, і цябе не цікавіла, як мы працуем, што купляем і па якой цане – а цяпер раптам успомніла, што ты начальнік, прыбегла і пачала ўсіх строіць? Пазнавата, Таццяна Аляксееўна… Прабачце, шаноўная, але вы ўжо не дырэктар. Хоць не, пакуль яшчэ дырэктар – але ўжо не ўласнік гэтай фірмы, –  спрабуючы схаваць самазадаволеную ўсмешку, вылажыў Валодзя галоўны козыр – і пераможна назіраў за эфектам, які зрабіла гэтая навіна, за яе разгубленасцю.
– Як гэта? –  аслупянела Таццяна. – А хто ж тады я?
– Вы, шаноўная, – ніхто, і прозвішча ваша – ніяк, –  здзекліва засмяяўся Валодзя. –  Па той простай прычыне, што фірмы нашай з сённяшняга дня не існуе. Дакладней, яна існуе, але мы не з’яўляемся яе ўласнікамі. 
Тані падалося, што зямля сыходзіць у яе з-пад ног. Ці яна сніць дурны сон? Што такое ён вярзе? Як гэта яна – не ўласніца фірмы? Яна, якая пачынала яе з першага рулона тканіны, з яшчэ мамінай машынкі "Зінгер”, яна, якая не дадавала свайго часу і грошай дзецям, бо днявала і начавала на фірме? Хто ж мог пазбавіць яе гэтага права? Хто ён, той уласнік, які так нахабна прысвоіў яе працу, яе час, здароўе, сілы, яе жыццё? І як ён мог гэта зрабіць?
Валодзя нават не спрабаваў схаваць свайго задавальнення ад яе здзіўлення і, як добры акцёр, вытрымліваў паўзу, чакаючы наступных пытанняў. Але Таццяна не магла прамовіць ні слова –  яна проста глядзела ва ўсе вочы на сябра, нібы не разумела, пра што ідзе гаворка.
Урэшце Валодзя не вытрымаў:
– Дарагая мая былая кампаньёнка, шаноўная Таццяна Аляксееўна! З вялікім жалем і смуткам вымушаны вам паведаміць, што ўчора натарыус засведчыў падпісаны мной дагавор аб продажы фірмы "Элегант” аднаму нябеднаму чалавеку, якога моцна зацікавіла наша вытворчасць. Вы ж, напэўна, памятаеце, што мы з вамі маем аднолькавыя правы на юрыдычнае засведчанне любой здзелкі? Так што ўсе вашы прэтэнзіі – па кадрах, пастаўшчыках, спажыўцах і гэтак далей – ужо не да мяне. Праўда, я сумняваюся, што новы ўласнік захоча адказваць на іх – хутчэй пераадрасуе іх вам, як дырэктару фірмы. Зрэшты, наколькі я зразумеў, у яго свае планы наконт нашага былога прадпрыемства. Фармальна вы ўсё яшчэ з’яўляецеся дырэктарам гэтай фірмы і адказваеце за ўсё, што тут адбываецца. Але я ўжо звольніўся з пасады вашага намесніка і не маю ніякага дачынення да ўсяго гэтага. Што называецца – умываю рукі!
Таня глядзела на Валодзю – сябра юнацтва, калегу, з якім яны столькі гадоў ішлі разам, поплеч, рабілі адну справу, ад якога ў яе ніколі не было сакрэтаў, калі не лічыць асабістых, сардэчных спраў, і яна была ўпэўнена, што і ў яго ад яе таксама –  і не магла паверыць, што гэтыя словы, гэтым здзеклівым тонам гаворыць ён. Ён, напэўна, жартуе… Мусіць, яны з Юрам дамовіліся такім чынам, метадам шокавай тэрапіі, вывесці яе з дэпрэсіі. Але ж яна ўжо ў парадку – чаму ж ён працягвае гэты недарэчны розыгрыш?..
– Што, не чакала? –  пераможна ўсміхаўся Валодзя. –  Можна сказаць, што сюрпрыз атрымаўся! Быў бы яшчэ лепшы, каб ты не надумалася сёння прыйсці на работу. Але так, можа, нават і лепш: не ад чужога чалавека даведалася – ад сябра, і ніякіх сумненняў не застанецца.
– Валодзя, ты сур’ёзна? – усё яшчэ не магла паверыць таму, што адбываецца, Таццяна. – Ці ты так недарэчна жартуеш?
– Больш чым сур’ёзна, – Валодзя перастаў усміхацца. – Я вырашыў, што ўжо напрацаваўся за сваё жыццё, час і адпачыць. Грошай ад продажу фірмы хопіць, каб пажыць прыгожа. І не ў гэтай занюханай правінцыі, і не ў гэтай доўбанай краіне. Ёсць месцы нашмат прыгажэйшыя і цікавейшыя. Ды і з бізнесам там развярнуцца прасцей, –  здаецца, ён забыўся, што перад ім – Таццяна, і марыў услых. Ды ўрэшце злавіў на сабе яе позірк, у якім усё яшчэ не было нічога, акрамя недаверу і неразумення.
– Ты не перажывай, я распарадзіўся кінуць табе на картачку пару кавалкаў – нашых, вядома, не "зялёных”. На першы час табе на хлеб з маслам хопіць. А потым знойдзеш сабе якую-небудзь справу – ты ж у нас працаваць любіш, так што з голаду не памрэш. Хіба што дырэктарам ужо не будзеш –  ну дык навучышся падпарадкоўвацца, не ўсё ж камандаваць! Для выканання загадаў у цябе каханы Юрачка застаецца, ён гатовы перад табой на задніх лапках стаяць і, як верны кабель, тапачкі ў зубах прыносіць. Ну і пра дабрабыт каханай павінен паклапаціцца – не ўсё ж табе яго ўтрымліваць… Зрэшты, ты, калі захочаш, то і для дваіх зарабіць здолееш, цягавітая кабылка…
Таня прапусціла неспра-вядлівыя і здзеклівыя словы ў адрас Юрыя. Валодзя заўсёды адносіўся да яго непрыязна. Яна не магла зразумець іншага, галоўнага…
– Але чаму, Валодзя? Што здарылася за гэтыя тры месяцы? Што з табою сталася – цябе нібы падмянілі… Я цябе не пазнаю…
Валодзя змоўк – і па твары яго прабег змрочны цень. Ён адвярнуўся і доўга маўчаў. Нарэшце загаварыў, усё яшчэ пазіраючы ў акно, але ўжо зусім іншым голасам, не здзеклівым, а з нейкім стоеным унутраным болем:
– Можна падумаць, што ты ўвогуле можаш мяне пазнаць… Нібы ты ведала мяне сапраўднага, нібы калі-небудзь хацела ведаць, хто ён такі, гэты Валодзька Піваварчык, твой сябар, аднакурснік. Нібы табе да яго калі-небудзь была справа – да таго, што ў яго на душы, што ён думае, адчувае, каго ён кахае, – голас у Валодзі задрыжаў. Ён нервова прыкурыў і замоўк. Маўчала і Таццяна, не могучы зразумець, у чым ён яе абвінавачвае. Не дакурыўшы і палову цыгарэты, Валодзя злосна скамячыў яе ў попельніцы і павярнуўся:
– Скажаш, ты не ведала, што я кахаў цябе ўсе гэтыя гады? Толькі сляпы гэтага не бачыў…
– Валодзя, ну што ты такое кажаш… –  роспачна ўскінула рукі Таццяна. –  Калі мы пазнаёміліся, у мяне ўжо быў сын. А потым і ў цябе з’явілася сям’я… Якое каханне, ты аб чым?
– Ах, сям’я… А то ты не ведаеш, як у мяне з’явілася сям’я! – ужо амаль  крычаў Валодзя ёй у твар. – Я прыйшоў на тую вечарынку толькі таму, што сяброўка твая, Анечка, сказала, што там абавязкова будзеш ты! А ты пасядзела паўгадзінкі – і дахаты – нашто ж табе аднакурснікі?! Са злосці на цябе і на сябе, што ніяк не магу да цябе даступіцца, напіўся. Ранкам прачнуўся – побач Анечка. А праз месяц яна паведаміла, што цяжарная… Вось так і ўзнікла мая сям’я. Праўда, праз тыдзень пасля вяселля я даведаўся, што ніякай цяжарнасці няма, а яшчэ праз пяць гадоў – што яе не можа быць ніколі. Але ж ты да таго часу знайшла ўжо гэтага алкаголіка, Андрэйкавага бацьку… Калі яго не стала, думаў: ну зараз  я перахаплю цябе, пакуль зноў хто-небудзь не апярэдзіў. Справу гэтую прапанаваў табе адкрыць, думаў: будзем штодня разам і ты ўрэшце ўбачыш, пераканаешся, што я ўмею быць верным, адданым, клапатлівым, што я – адзіны, хто цябе кахае па-сапраўднаму, хто зможа забяспечыць будучыню табе і тваім сынам. А ты ў мой бок і не глядзела. Для цябе я быў заўсёды добрым сябрам – і ўсё! Нібы ты не ведаеш, што не можа быць ніякага сяброўства паміж мужчынам і жанчынай! 
– Валодзя, але ты ніколі не тое, што не сказаў –  нават зразумець не даў, што ў цябе да мяне нейкія асаблівыя пачуцці, – недаўменна паціснула плячыма Таццяна.
– І гаварыў, і даваў зразумець. Але не кожны можа пачуць і не кожны здольны зразумець. Ты на мяне заўсёды глядзела як на пустое месца. Табе, вялікай начальніцы, нават у галаву не прыходзіла, што нейкі там Валодзька Піваварчык, які па ўяўнаму залёту ажаніўся з тваёй сяброўкай, здольны на высокія пачуцці, што ён здольны кахаць усё жыццё, перажываць, мучыцца! Я вырашыў: буду цябе чакаць, колькі заўгодна, хоць усё жыццё. Некалі ж ты павінна ўсё ўбачыць, усё зразумець. А ты… Ты падабрала ў нейкай падваротні гэтага Кашаварава! – твар у яго аж перасмыкнуўся ад злосці і пагарды.
– Ну чым, скажы, чым ён лепшы за мяне? – Валодзя падбег да яе, балюча сціснуў за плечы, страсянуў. – Чаму, скажы, яго можна пакахаць, а мяне – не? Нейкі бомж з цёмным мінулым, без граша ў кішэні для цябе аказаўся даражэй, чым я, які ўсё жыццё, як верны сабака, на дыванку ля тваіх ног: слухаюся, гаспадыня, чаго жадаеце, спадарыня дырэктар?!!
– Валодзя, ты вярзеш абы-што! – не вытрымала ўрэшце Таццяна граду несправядлівых зняваг. – Калі гэта я сябе так паводзіла? Мы  з табой заўсёды былі раўнапраўнымі партнёрамі,  і адносілася я да цябе як да сябра і да партнёра. Пра твае пачуцці – калі ты, вядома, не напрыдумваў іх зараз – я нічога не ведала. Але калі б нават і ведала – так ты маеш рацыю, узаемнасцю б не адказала. Гэта вашы з Аняй справы, як вы жаніліся і хто каго падманваў, але я б сям’ю бурыць не стала. Ведаю, які гэта боль…
– Ну, канешне, ты ж у нас –  узор чэснасці і прыстойнасці, –  зноў змяніў тон на ранейшы, іранічна-здзеклівы, Валодзя. – З цябе, пэўна, іконы хутка пісаць будуць… А я вось –  не такі. Я – несумленны і непрыстойны. 

 Ніна Рыбік.


Предыдущая статья

Яблоко с жучком