banner

Вайной зруйнаванае юнацтва

11 Мая’14
1588
Вайной зруйнаванае юнацтваЗінаіда Міхайлаўна Сахарчук нарадзілася і вырасла ў Грынках. У шматдзетнай сям’і яна была сярэдняй дачушкай. Змалку вучылася працаваць, дапамагала бацькам, і год па году расцвітала, як макаў цвет. Вось ужо і занявесцілася, і хлопцы сталі заглядвацца на красуню з доўгай касой. А тут вайна. Цяжкім кованым ботам прайшлася па юнацтве, засланіла чорным дымам усе мары дзявочыя… 
У страху жылі, кожны дзень мог стаць астатнім, але трымаліся адзін аднаго і жылі. А потым…
– Солтыс прынес мне паперу і сказаў: "Збірайся”, – дзеліцца ўспамінамі Зінаіда Міхайлаўна. – Мы з мамай плакалі, бо было вельмі страшна. Мне – пакідаць родны дом і ехаць на чужыну, ёй – адпускаць сваё дзіця. Але слязьмі нічога не зменіш, не паправіш, павінна была сабраць сякія-такія пажыткі, чаго трошкі паесці і паехала. Са мной з малога сяла былі яшчэ Іван Рагачэўскі і Іван Болбат. Павезлі нас спачатку ў Свіслач, затым у Ваўкавыск, а пасля ў Гродна. Там загналі ў баракі, і мы там сядзелі некалькі дзён. Шмат нас там было, з розных куточкаў назвозілі. Потым загрузілі ў цялячыя вагоны і павезлі, як скаціну, ў Германію. Не памятаю зараз, у які горад мы прыехалі. Памятаю толькі, як стаялі напалоханыя, а "купцы” хадзілі каля нас і выбіралі сабе работнікаў. Выбралі і мяне. Трапіла я ў сям’ю, дзе былі мужык, жонка, двое дзяцей і дзед з бабай. 
Не магу сказаць, што вельмі збыткавалі з мяне, але працаваць даводзілася многа. Дванаццаць кароў было ў той гаспадарцы, 2 цялушкі. Я даіла кароў, выкідала гной і раскідала яго на полі. Агарод быў вялікі, я палола грады, глядзела, каб ні зялінкі не было. 
Вельмі цяжка было, што тут гаварыць, але я маладая была, спраўлялася, хоць і спіна гудзела, і рукі балелі. Кармілі нас някепска, грэх скардзіцца. Але ўсё роўна воўкам глядзелі, і я баялася не так ступіць, не так зрабіць.
Паўтара года там працавала, пакуль нашы не вызвалілі. Прыехала дадому без дакументаў. Прыйшлося ехаць у Ваўкавыск, там  адзначылі, што вярнулася з Германіі, і ўсё.
У 1950 годзе замуж пайшла. Нарадзілася ў нас чацвёра дзетак. На вялікі жаль, двое сыноў ужо пакінулі мяне назаўсёды. Засталіся дзве дачушкі. Вось адна са мной жыве цяпер. Нядаўна я сваё 90-годдзе адзначыла. Прыязджала другая дачка, унукі, праўнукі. Поўная хата гасцей была. Вось так і жыву.
Зінаіда Міхайлаўна ўсміхаецца, і ля вачэй разбягаюцца маршчынкі-праменьчыкі. Твар ад гэтага адразу робіцца маладзейшым, нібы і не было тых дзевяці дзесяцігоддзяў і горкіх-горкіх успамінаў аб зруйнаваным вайною юнацтве. 
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Ядвігі КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Вперед, юные инспектора!