banner

«Залатая восень» жыцця

05 Ноября’13
1790
«Залатая восень»  жыццяЛюбая пара года для Лiдзii Андрэеўны Акудовiч па-свойму любiмая. Але ўсё ж такi восень-чараўнiца больш ёй падабаецца. Асаблiва цяпер, калi ёсць час яшчэ i яшчэ раз пераглядзець ды пералiстаць у памяцi перажытае. Яна лiчыць, што i ў яе жыцці наступіла залатая восень.
Напрыканцы жнiўня вялiкi ўтульны дом Лiдзii Андрэеўны поўнiўся гасцямi – гаспадыня адзначала свой юбiлей, 80 гадоў. Яна, не хаваючы слёз радасці, была ўдзячна лёсу, што выгадавала добрых дзяцей, дачакалася ўнукаў, праўнукаў, «купалася» ў iх увазе, пяшчоце i дзякавала Бога, што сёння ёсць i сiлы, i здароўе, каб яшчэ жыць і радавацца поспехам сваіх родных.
Маленькая Лiда вырасла, бадай, не зведаўшы, што такое дзяцiнства. Чацвёра дзяцей падымала сям’я Андрэя Андрэевiча i Ганны Васiльеўны Радзiвон. У 1941 годзе яе бацьку расстралялi немцы. У хаце Лідзіі Андрэеўны на відным месцы вiсiць яго фатаграфiя. Прыгожы, малады – такiм ён застаўся ў памяцi Лiды назаўсёды. Не пакідаюць яе цяжкiя ўспамiны пра галодныя ваенныя i пасляваенныя гады, калі прыходзілася многа працаваць, каб выжыць. І таму Ліда палічыла вялікім шчасцем для сябе, калі яе пазвалі замуж. Добры, працавіты хлопец Уладзімір Акудовіч прывёў сваю шаснаццацігадовую жонку ў бацькоўскую хату. Свякроў Агаф’я Андрэеўна і свёкар Іван Антонавіч прынялі маладую нявестку як родную дачку. Менавіта дзякуючы ім у спакойнай сямейнай атмасферы гадаваліся іх пяцёра дзяцей. Маладая сям’я мела магчымасць у вольны час пабегчы на танцы ў мясцовы клуб ці ў кіно.
З мужам жылі добра, душа ў душу – і так усе 58 гадоў. На жаль, сёння побач з Лідзіяй Андрэеўнай няма Уладзіміра Іванавіча – не дажыў да юбілею сваёй любай жонкі.
«Залатая восень»  жыццяЛідзія Андрэеўна з малога была прывучана старанна і добрасумленна працаваць. 17 гадоў яна шчыравала на ферме цялятніцай. Яе паважалі калегі, у прыклад ставіла кіраўніцтва калгаса. Яна неаднаразова выбіралася дэпутатам Дабравольскага, затым Нязбодзіцкага сельскіх Саветаў, двойчы – дэпутатам раённага Савета.
У 50 гадоў Лідзія Андрэеўна пайшла на пенсію, але ў хаце не засядзелася – запрасілі папрацаваць у калгасную сталоўку. Праз пяць гадоў, калі балячкі настойліва сталі напамінаць пра сябе, вырашыла: пара на адпачынак.
З усіх падарункаў і ўзнагарод больш за ўсе ёй дарагі ордэн Маці. Сёння яна ганарыцца сваімі пяццю дзецьмі. У кожнага свае клопаты, але дарогу ў бацькоўску хату ніхто з іх не забывае. Кожны з іх прыкладае свае намаганні, каб тут заўсёды было ўтульна. З ранняй вясны і да першага снегу цвітуць розныя кветкі каля хаты дбайнай гаспадыні. Тут і ліліі, і півоні, чаруюць вока вяргіні ды астры, усміхаюцца яркія бархатцы ды цешаць сэрца сціплыя хрызантэмы.
 «У дварочку, як у вяночку» – так можна сказаць пра двары  многіх жыхароў нашых вёсачак. Таму і былі запрошаны з розных вёсак такія дбайныя гаспадары на святочную праграму да Дня сталых людзей «Жыццё пражыць – не поле перайсці».
Гучала шмат песень, падзяк і віншаванняў. Цёплыя, шчырыя словы адрасавала сабраўшымся за святочнымі сталамі старшыня Нязбодзіцкага сельскага Савета Марыя Фёдараўна Качко. Радаваў сабраўшыхся вакальны калектыў «Спадчына». Шмат гадоў прывабныя вясковыя жанчыны дораць свае мілагучныя песні мясцовым слухачам. А самі ўдзельнікі калектыву атрымоўваюць асалоду ад рэпетыцый, творчых сустрэч. Для кожнай з іх Марыя Фёдараўна знайшла цёплыя словы, а таксама  ўручыла падарункі.
«Залатая восень»  жыццяЦудоўныя кошычкі з кветкамі, зробленыя ўдзельнікамі гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Жар-птушка», атрымалі тыя гаспадары, чые сядзібы былі прызнаны самымі прыгожымі. У Раманаўцах гэта сям’я Любові Мікалаеўны і Аляксандра Міхайлавіча Байда, а таксама Лідзіі Мікалаеўны Фібік. У вёсцы Бязводнікі адна перад адной (а перш за ўсё  для душы) стараюцца суседкі – Алена Антонаўна Пракопік і Алена Мікалаеўна Калач. Дарэчы, шматдзетныя матулі. У вёсцы Каліноўская цешыць вока чысцінёй і парадкам двор Марыі Пятроўны Трахімік. Алена Міхайлаўна Барэль усё сваё жыццё аддала працы на ферме. Ёй заўсёды быў да душы парадак і чысціня. Менавіта так  жывуць і Лідзія Андрэеўна Акудовіч, і сям’я Івана Міхайлавіча і Яўгеніі Васільеўны Качаноўскіх. Усе яны з вёскі Грынкі.
Не забыліся арганізатары свята пра «залатое» вяселле Васіля Іосіфавіча і Веры Пятроўны Калач – жыхароў вёскі Глушкі. У далёкім лютым 1963 года яны злучылі свае лёсы і так ідуць па жыцці, узяўшыся за рукі, падстаўляючы адзін аднаму плячо. За мужам паехала маладая жонка на пяць гадоў у Германію. Потым на шэсць гадоў аселі на Далёкім Усходзе, а зараз вось абжыліся ў родных мясцінах. Усе пражытыя разам гады прайшлі ў любові і ўзаемнай павазе. У сямейнай цеплыні выраслі дзве дачкі. Зараз для іх і для трох унукаў заўсёды гасцінна адчынены дзверы бацькоўскай хаты.
Вясёлую святочную атмасферу на свяце ладзілі вакальны калектыў «Спадчына», дарылі свае песні Святлана Гінч, дуэт Марыі Казлоўскай і Лідзіі Трахімік. Гульні, пацехі, конкурсы з добрым настроем праводзіў народны тэатр-студыя гульні «Карагод».
І як бы добра ні было на свяце, надыходзіць час развітання. А на памяць, канешне, – фотаздымкі. Каб і праз гады ўспаміны аб свяце прыносілі асалоду.
Марыя САМАЛЕВІЧ,
вёска Грынкі

Предыдущая статья

В боях и походах