banner

Свята вёскі прайшло ў Вялікіх і Малых Масушынах

30 Июля’13
2697
Свята вёскі прайшло ў Вялікіх і Малых МасушынахСвята вёскі – гэта калі збіраюцца разам усе яе жыхары, каб успомніць мінулыя дні, каб пацешыцца поспехамі адзін аднаго, каб яшчэ раз упэўніцца ў тым, што няма ў свеце больш цудоўнага куточка, чым той, дзе ім пашчасціла нарадзіцца і вырасці.
Так было і на гэты раз. Ясным сонечным днём з’ехаліся на свята вёскі жыхары Вялікіх і Малых Масушынаў, на нейкі час забыліся пра вялікія і малыя справы, расхінулі наўсцяж свае душы і ўліліся ў святочны карагод.
З дзвюх вёсак былі сабраны вырабы народнай творчасці: дываны, рушнікі, сурвэткі, гліняны посуд, іншыя прылады хатняй гаспадаркі, якімі карысталіся ў даўнія часы. Усё гэта знайшло сваё месца на вялікай выставе, наладжанай работнікамі Навадворскага Дома культуры, арганізатарамі свята Зінаідай Грыцкевіч і Вольгай Кахновіч.
Бадай, не было ў той дзень ніводнага вяскоўца, які б не пачуў у свой адрас добрае слова. Дружна віталі людзей, якія пакінулі добры след у гісторыі вёскі, хто аддана працаваў на карысць роднага сяла, хто нарадзіў і выгадаваў добрых, сумленных дзяцей, хто дабіўся вялікіх поспехаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі.
Свята вёскі прайшло ў Вялікіх і Малых МасушынахСярод тых, каго ў той дзень ушаноўвалі, была найстарэйшая жыхарка вёскі Масушыны Ніна Паўлаўна Сычэўнік, якая тут нарадзілася і вырасла, прайшла свой нялёгкі жыццёвы шлях сумленна і без нараканняў. Цёплыя і шчырыя віншаванні пачулі ў свой адрас залатыя юбіляры Лявонцій Антонавіч і Алена Паўлаўна Карпукі. За паўвека сумеснага жыцця яны выгадавалі добрых дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Кветкі і падарунак юбіляры прымалі з рук старшыні сельскага выканаўчага камітэта Ула-дзіміра Васільевіча Здановіча.
Бурнымі апладысментамі віталі масушынцы яшчэ аднаго вяскоўца – Валянціна Саўко. А заслужыў ён такое ўшанаванне таму, што на сённяшні дзень з’яўляецца самым-самым… маленькім жыхаром вёскі. У яго яшчэ ўсё наперадзе: і першы крок, і першае слова, і першае каханне, і першы пацалунак, і першы працоўны дзень. А пакуль яму пажаданні расці здаровенькім і паслухмяным хлопчыкам на радасць маме і тату.
Свята вёскі прайшло ў Вялікіх і Малых МасушынахШчырыя словы прызнання прагучалі ў адрас ветэранаў вайны Міхаіла Міхайлавіча Сушко і Мікалая Мікалаевіча Куклы. Ім уручаюцца памятные сувеніры, для іх гучыць песня.
Наогул у той дзень песні гучалі для ўсіх і кожнага, хто прыйшоў на свята вёскі. Іх шчыра дарылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Дома культуры. Гэта Людміла Ляцкая, мнагадзетная мама, якая, нягледзячы на хатнюю занятасць, знаходзіць час для песні. Галасістыя спявачкі Ніна Казбярук, Ірына Мордан з дачкою Валянцінай, любіміца ўсяго Новага Двара, весялуха Лілія Андрушка, юныя артыстачкі Таццяна Ганчарэвіч і Сняжана Кобелева. Прыехаў на свята са Свіслачы ўсім вядомы спявак і музыкант Віктар Раманчук.
Такое ж свята і ў той жа дзень наладзілі дасціпныя культработнікі і ў вёсцы Навасёлкі.
Вяскоўцы былі вельмі ўдзячныя арганізатарам свята. Не часта яны ладзяцца ў вёсцы, бо яе жыхары больш прывыклі да працы, чым да гулянняў. Але, калі такая хвіліна настае, адпачываюць шчыра і весела. Як гэта было ў Масушынах і Навасёлках.  
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Но флотский дух по-прежнему живет