banner

Над Свіслаччу было зарыва

16 Июля’13
1538
Добры дзень, паважаная рэдакцыя!
З нагоды свята вызвалення роднай Свіслаччыны ад нямецкай акупацыі мне захацелася ўспомніць тыя падзеі, якія захаваліся ў маёй памяці.
Нарадзілася я ў невялічкай вёсачцы Жаркаўшчына, што ў Белавежскай пушчы. Было ў ёй усяго 15 двароў.
Сям’я наша была невялікай: бабуля, мама, тата, я і сястра Іра. Жылі мы ў старэнькай хаце, трымалі гаспадарку, мелі сваю зямлю. Мне было ўсяго пяць гадоў, як пачалася вайна. Я слаба памятаю, як гэта было. Мне мама расказвала, што пасля адступлення нашых войск, у лесе было шмат тэхнікі, снарадаў, забітых байцоў. Былі і параненыя. Нашы жанчыны іх перавязвалі. Двое байцоў хаваліся ў нашым склепе. Затым, з прыходам у вёску немцаў, яны пайшлі ў лес да партызан. У нашай вёсцы быў нямецкі штаб, які размяшчаўся ў памяшканні былога лясніцтва. Памятаю іх начальніка, які ездзіў на кані з нагайкай у руцэ, і дзве аўчаркі беглі побач. Ён быў вельмі жорсткі, мог за нішто ўдарыць і нават забіць. Захавалася ў памяці, як праз нашу вёску на машыне вязлі камсамольцаў Мішу Урбановіча і Пашу Васіленку з братам. Пасля допытаў і катаванняў іх павесілі на клёнах каля царквы. Тры дні не дазвалялі здымаць, потым родныя знялі і пахавалі на могілках.
У нас, Бог мілаваў, ніхто не пацярпеў. Нам трэба было кожны дзень здаваць малако. Прыходзіў салдат і назіраў, колькі мама надоіць малака, і потым усё забіраў. Забіраў і яйкі, і курэй.
Добра памятаю, як 16 ліпеня 1944 года стаялі на вуліцы мужчыны, жанчыны, дзеці і назіралі, як наш і нямецкі самалёты вялі перастрэлку. Чуліся выбухі, стрэлы, з’явілася вялікае зарыва ў накірунку Свіслачы. Тата схапіў бохан хлеба, узяў мяне і сястру, і мы пабеглі ў лес, дзе ўжо былі пабудаваны шалашы для жылля і для скаціны. Вечарам прыйшла мама, прывяла карову і каня. Усю ноч над лесам праляталі снарады, чуліся выбухі. Было вельмі страшна. А раніцай да нас  на конях прыехалі нашы разведчыкі. Колькі было радасці. Усе мы вярнуліся дадому. Немцы ўцяклі ноччу. Нічога не спалілі, не ўзарвалі. Хутка тату і іншых мужчын з вёскі забралі на фронт. Ён ваяваў на Беларускім фронце, якім камандаваў маршал Ракасоўскі. Быў кулямётчыкам. Два разы быў паранены і раз кантужаны. Прыслаў некалькі пісем, калі лячыўся ў шпіталі. Мама цешылася, чытаючы, што жывы, што папраўляецца.
Тата наш дайшоў да Берліна, а пасля вайны быў накіраваны ў Маньчжурыю. Вярнуўся ён дадому ў канцы 1945 года з узнагародамі. Меў два медалі "За Победу над Германией” і "За Победу над Японией”.
Пачалося мірнае жыццё. Тата ўладкаваўся лесніком, хоць быў малапісьменным. Гадоў 10 там працаваў. Я вучылася ў школе, дапамагала яму з пісьмом. Затым, калі стварыўся калгас, тата перайшоў туды.
У 1949 годзе мы перайшлі жыць у новую хату, там нарадзіўся наш брат Толік. Мы з сястрой вучыліся ў школе, падрастаў малодшы брат, здавалася, што ўсё будзе добра. Але пачаў хварэць тата. Напаміналі пра сябе былыя раны і кантузія. У 1975 годзе тата памёр. Яму было 67 гадоў. Пахаваны на могілках у Дабраволі.
 З павагай Валянціна Сцяпанаўна СІВАКОНЬ.

Предыдущая статья

Свыше 30 лет работает в районе врачом М. В. Павлюченя