
Па чырвонай дарожцы пад гучныя апладысменты накіроўваліся да сваіх месцаў разам з класнымі кіраўнікамі выпускнікі ўсіх адукацыйных устаноў раёна.

Звяртаючыся да выпускнікоў Свіслаччыны, іх настаўнікаў і бацькоў, кіраўнік раёна А. М. Таргонскі з гонарам падкрэсліў, што ў нашым раёне з кожным годам павялічваецца колькасць дзяцей з бліскучым, як золата, вынікам вучэбнай дзейнасці. Выпуск 2013 года папоўніў фонд раёна на 15 залатых медалёў.
– Паспяхова завершана экзаменацыйная кампанія. Шчыра віншую вас з вынікам першага важнага выпрабавання і жадаю паказаць такія ж добрыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, – даў наказ выпускнікам Алег Мечыслававіч. – Няхай веды, якімі вы авалодалі ў школе, дапамогуць вам у ажыццяўленні вызначаных планаў. Зусім хутка вы зробіце першыя крокі свайго самастойнага жыцця, перад вамі будуць адкрывацца новыя гарызонты. Будзьце рашучымі ў вырашэнні пастаўленых мэтаў, смела заяўляйце пра сябе, імкніцеся стаць першымі і лепшымі. Усе нашы перспектывы і надзеі звязаны з вамі. Мы спадзяёмся, што дыпламаванымі, граматнымі спецыялістамі, вы вернецеся на сваю малую радзіму.
Педагогам і бацькам Алег Мечыслававіч пажадаў, каб тыя хваляванні, якія не пакідалі іх усе адзінаццаць гадоў, перараслі ў радасны гонар за сваіх выпускнікоў і дзяцей. Стыпендыі і прэміі раённага выканаўчага камітэта з рук старшыні А. М. Таргонскага прымалі выпускнікі Аляксей Васіленка з Дабравольскага ДС СШ і Юлія Грунюшкіна з Вердаміцкага ДС СШ, іх настаўнікі Д. І. Трушко і А. М. Грунюшкін.
Свіслаччына сапраўды можа ганарыцца такімі маладымі людзьмі, як Святлана Кічкайла (гімназія № 1), Любоў Ваўкавыцкая (СШ № 2), Марына Клімчук (СШ № 2), Вікторыя Мамроўская (СШ № 2), Ірына Кітаеўская (СШ № 2), Вераніка Валанцей (СШ № 3), Кацярына Каранчук (СШ № 3), Максім Грыц (Ханявіцкая СШ), Алена Латыш (Ханявіцкая СШ), Ганна Патоцкая (Ханявіцкая СШ), Алена Радзіон (Поразаўская СШ), Алег Янушкевіч (Дабравольскі ДС СШ), Аляксей Васіленка (Дабравольскі ДС СШ), Юлія Грунюшкіна (Вердаміцкі ДС СШ), Вольга Анісеня (Корнадзьскі ДС СШ), якія скончылі школу з залатымі медалямі. Узнагароды ім уручыў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Б. Б. Кісялеўскі. Бацькі медалістаў атрымалі падзячныя лісты.
Са шчырымі пажаданнямі ў добры шлях звярнуўся да віноўнікаў урачыстасці ад імя ўсіх бацькоў П. С. Пянткоўскі. Ён выказаў словы падзякі паважаным настаўнікам, якія на працягу 11 гадоў былі побач не толькі з вучнямі, але і з бацькамі, разам хваляваліся перад кантрольнымі выпрабаваннямі, засмучаліся, калі нешта не атрымлівалася і, канешне ж, радаваліся ўзлётам і дасягненням дзяцей.
Цалкам адпавядаў агульнаму настрою выпускнікоў і прысутных міні-канцэрт Гродзенскай філармоніі. Віноўнікі ўрачыстасці не стрымлівалі сваіх эмоцый і весяліліся ад душы.
У гэты дзень не былі забыты і тыя, хто даў магчымасць нашаму пакаленню расці пад мірным небам і радававацца маляўнічым фарбам жыцця. Выпускнікі ўсклалі жывыя кветкі на брацкую магілу воінам-вызваліцелям.
Елена КЕДИК.
Фота Грыгора ШЫРАЕВА.
Фота Грыгора ШЫРАЕВА.
На здымке: ганаровыя госці свята з залатымі медалістамі; фрагменты свята.