banner

Ён жыў для людзей

04 Марта’13
1458
Ён жыў для людзей Ашалелы дождж пачаўся яшчэ з вечара. Пранізлівы вецер выў ва ўсе галасы. Вясна ці то спала, ці драмала. І толькі ў адной хаце ў акенцы цмяна паблісквала святло. На двары ля веснічак стаяла змокшая згорбленая жанчына. Яе вусны ціха шапталі адны і тыя ж словы: «Божа! Дапамажы…»
Роды ў дачкі пачаліся акурат пасля абеду. Першае ўнучаня чамусьці не спяшалася прыходзіць на свет. У дачкі ўжо не было аніякай сілы. У хаце чакалі, прагледзеўшы ўсе вочы, фельчара. Адна надзея на яго…
Трывога нарастала. Рукі не браліся ні за якую справу. І толькі надзея недзе слаба цяплілася ў сэрцы…
– Усё будзе добра, –  сказаў ціхім спакойным голасам, зняўшы дажджавік, малады фельчар. – Рыхтуйце цёплую ваду і бялізну…
Унучка ў сям’і Дзяцел нарадзілася разам з галасістымі пеўнямі ды з першымі промнямі яснага сонца. Ішоў 1949 год…
Якаву Кандратавічу Скуратовічу ў тую восеньскую раніцу не было калі адпачываць. Ён шпарка крочыў на ФАП, дзе яго ўжо чакалі першыя пацыенты.
У Грынкі маладога фельчара направілі адразу пасля дэмабілізацыі. Сам ён родам з Міншчыны, з беднай сялянскай сям’і. У 1938 годзе скончыў Бабруйскую фельчарскую школу. І адразу ж быў прызваны ў Чырвоную Армію.
А потым была вайна. З першых яе дзён Якаў Кандратавіч на службе. Удзельнічае ў абароне Масквы, у вызваленні Кліна, Валакаламска, Мажайска, у прарыве Ленінградскай блакады. У 1944 годзе гвардыі  лейтэнант медыцынскай службы ў складзе 3-га Беларускага фронту вызваляў родную Беларусь, штурмаваў Берлін, яму салютавала «злата» Прага. За баявые заслугі на франтах Вялікай Айчыннай вайны ён ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і васьмю медалямі.
Ён жыў для людзей …Раны, кроў, бінты… Спаць… Спаць… Спаць… І зноў атака, і зноў раненыя. Доўгія гады ўсё паўтаралася і паўтаралася. Цяпер толькі ноччу, у снах… Будзіў чыйсці стогн, крык. І сотні страт, сотні жыццяў на тваіх руках, і тысячы вернутых з таго свету…
Армія і вайна навучылі Якава Кандратавіча імгненна прымаць правільныя рашэнні і раптоўна знаходзіць выйсце з цяжкай сітуацыі, а таксама дысцыпліне, цвёрдасці. Дабрыня, спачуванне, разважлівасць заўсёды былі на першым месцы ў адносінах да людзей.
Цяжкія галодныя пасляваенныя гады вышкалілі яго характар. Адданасць працы, імкненне павышаць кваліфікацыю, прафесіяналізм – усё гэта пра Якава Кандратавіча.
У 1965 годзе адкрываецца новае памяшканне ФАПа з цудоўным на той час абсталяваннем, з выдатнымі ўмовамі працы. ФАП шырока выкарыстоўвае розныя формы санітарна-асветніцкай  прапаганды: лекцыі, бяседы, бюлетэні. Насельніцтва актыўна і з задавальненнем удзельнічае ў конкурсах санітарных дружын, у арганізацыі санітарных пастоў.
1977 год стаў адметным у жыцці калектыву Грынкаўскага ФАПа. Абласны аддзел аховы здароўя ўзнагароджвае яго знакам «Лепшы ФАП вобласці», і тут, у Грынках, праходзіць рэспубліканскі семінар загадчыкаў ФАПаў. Аб вопыце работы гранкаўцаў расказвае рэспубліканскі часопіс «Здравоохранение Беларуси».
Да ваенных узнагарод далучыліся мірныя: ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медаль «За бездакорную працу», а таксама знакі «Выдатнік аховы здароўя», «Выдатнік санітарнай абароны», мноства грамат Міністэрства аховы здароўя БССР, абласнога аддзела аховы здароўя  і абкама прафсаюза медыцынскіх работнікаў.
Насельніцтва вельмі паважала сельскага доктара. 14 разоў ён абіраўся дэпутатам сельскага Савета, неаднаразова – раённага. Усе яго намаганні былі дзеля таго, каб жыхары былі здаровыя, каб хваробы не перашкаджалі ім атрымліваць асалоду ад жыцця і радасць ад працы.
Ён жыў для людзей Яшчэ ў  1942 годзе малады лейтэнант быў прыняты ў рады Камуністычнай партыі і застаўся сапраўдным камуністам да апошніх сваіх дзён. Дзесяць гадоў запар Якаў Кандратавіч узначальваў бюро пярвічнай партыйнай арганізацыі калгаса імя К. Каліноўскага. Ён быў уважлівым і справядлівым да кожнага, з кім яго зводзіла жыццё. Ніколі не лічыўся ні з часам, ні з асабістымі абставінамі.
Як ніхто, яго разумела і падтрымлівала жонка – Любоў Маркаўна, з якой у згодзе, павазе і любові яны пражылі 46 гадоў.
Яна прыехала ў Грынкі маладой настаўніцай у тым жа далёкім 1949-м. А ў 1951-м выйшла замуж за Якава. Нарадзіла дзвюх дачушак. Галіна, як і маці, абрала настаўніцкі шлях, Тамара, як бацька, стала ўрачом.
38 гадоў яго працы – самаадданай, самаахвярнай – перараслі ў безадказную дапамогу людзям да самага апошняга дня. Да яго ішлі і ішлі: каб зрабіць укол, атрымаць кансультацыю або проста пачуць добрую параду. З ім раіліся і давяралі свае сямейныя сакрэты. Не мог ні ў чым адмовіць людзям фельчар, быў для ўсіх, як кажуць, хуткай дапамогай.
Якава Кандратавіча не стала ясным вераснёўскім днём. Яго даўно няма сярод нас, але жыхары навакольных вёсак заўсёды ўспамінаюць яго з павагай і цеплынёй. Ён быў сапраўдным сельскім інтэлігентам, справядлівым, добразычлівым і сціплым. Таму так хочацца, каб яго імя ведалі нашы дзеці і ўнукі.
У чэрвені нашы Грынкі будуць адзначаць 425-ю гадавіну з дня першага ўпамінку ў летапісах. З такой нагоды мы будзем ладзіць свята. І падчас святкавання хочам ушанаваць імя гэтага цудоўнага чалавека, які ўсё жыццё рабіў толькі дабро і пражыў яго для людзей. Плануем устанавіць ля будынка, дзе размешчаны клуб і ФАП, памятны знак.
На звычайным камяні з нашых палёў будуць напісаны такія словы: «На цудоўнай грынкаўскай зямлі жыў і працаваў выдатны чалавек – Якаў Кандратавіч Скуратовіч (1917-1997)».
Мы будзем вельмі ўдзячныя ўсім добрым людзям за маральную і матэрыяльную падтрымку ў гэтай добрай справе.
Марыя САМАЛЕВІЧ,
в. Грынкі

Предыдущая статья

Право на пособие