banner

Стравы на хуткую руку

01 Февраля’13
1420
Стравы на хуткую руку"І кошка гаспадыня, калі мукі поўна скрыня”. Як добра і трапна прыкмецілі нашы продкі. Сапраўды, не трэба доўга мудрыць, калі закуплены поўныя торбы прадуктаў. Тады стаяць ля пліты – адна радасць.
А вы паспрабуйце, калі ў халадзільніку – "мыш павесілася”, а на парозе нечаканыя госці. Хто, можа, і разгубіўся б, але толькі не Раіса Мікалаеўна Качароўская.
"Добрым людзям і мы рады будзем!” – усміхнецца яна і праз паўгадзіны (пакуль госцейкі глядзяць фотаальбомы і мілуюцца яе цудоўнай калекцыяй хатніх кветак) ужо запрашае ласавацца.
Раіса Мікалаеўна – фантазёрка яшчэ тая. З нічога зробіць святочны стол. Асабліва аддае ўвагу прыгожаму афармленню стравы. За сваё жыццё прыйшлося і вяселлі ладзіць, і хрэсьбіны, і юбілеі. Яна клапатлівая маці для сына Аляксандра і дачушкі Кацярыны, ласкавая бабуля для ўнучанькі Ульяны, добрая і шчырая сяброўка. Нядаўна адсвяткавала свой юбілей і здзівіла гасцей безліччу новых страў.
Але… Госцейкі на парозе! У халадзільніку ўсё ж тое-сёе ёсць. Вельмі паважае Раіса Мікалаеўна розныя бутэрброды.

Бутэрброд "Лянівец”
Складальнікі: кавалачак "варонкі”, трошачкі сыру, звараная бульбіна, зубочак часнаку, сырое яйка, батон, зеляніна.
Каўбасу, сыр, бульбу нацерці на вялікую цёрку, дадаць пакрышаны часнок, убіць яйка, перамяшаць. Намазаць сумесь на лустачкі батона і запячы на патэльні тым бокам, які змазвалі, пасыпаць зелянінай.
Канешне, заўсёды, як з’яўляюцца госцейкі, успамінаем пра хатнія нарыхтоўкі. Іх гатуецца безліч. Але з цягам часу таму-сяму робіш перавагу. Вельмі любіць Раіса Мікалаеўна салянку са спаржавай фасоляй.
Салянка з фасоляй
Складальнікі: 3,5–4 кг фасолі, 0,5 кг капусты, 700 г морквы, 250 г цыбулі, 0,5 л таматнага соўсу, соль, цукар.
Фасолю адварыць у салёнай вадзе, гародніну падсмажыць на патэльні, залажыць усё ў каструлю, тушыць да гатоўнасці. Дадаць па 10 ч. л. солі і цукру, 10 грамаў воцату, 0,5 л таматнага соўсу, патушыць яшчэ 10 хвілін – і ў слоікі.
Мы ж з вамі добра ведаем, што "госцю рады двойчы: калі прыязджае і калі ад’язджае”. Дык вось, калі вашы госцейкі заначавалі ў вас, дык раніцай з гэтай салянкі на хуткую руку згатуеце цудоўны суп ("щи”).
У Раісы Мікалаеўны пакуль што зяця няма. Але ў каго ёсць, то ведаеце, што "толькі зяць на парог – цешча за яешню”. Гаспадыня прапануе амлет з каўбасою.
Амлет з каўбасою
Стравы на хуткую рукуСкладальнікі: каўбаса, яйкі, смятана, многа зеляніны.
Каўбасу падсмажыць і зрабіць зусім маленькі агеньчык. Размяшаць добра-добра яйкі, дадаць 2–3 лыжкі смятаны, падсаліць па смаку. Уліць у патэльню, не перамешваць. Абсыпаць багата зелянінай.
Ой, шчасце, знайшлася скумбрыя, купленая ўчора. Тут будзе шыкоўная страва.
Скумбрыя ў «шубе»
Складальнікі: 1,5 кг скумбрыі, многа цыбулі для марынаду, 1 л вады, 3 ст. л. солі, 3 ст. л. цукру, 3 ст. л. воцату.
Марынад закіпае – кідаем на 5 хвілін нарэзаную кавалкамі скумбрыю. Выкладваем на талерку і шчодра пасыпаем марынаванай цыбуляй. Цыбулю марынуем так: на 1 стакан вады – 0,5 ч. л. солі, 1 ч. л. сахара, 1 ст. л. воцату.
Добра, калі ў ліку гасцей дзеці. "Валі валом, а там разбяром”. Хата напоўніцца дзіцячым смехам, шчабятаннем. А якія яны памочнікі: разнясуць посуд, сурвэткі! І канешне, Раіса Мікалаеўна паласуе іх зусім просценькім дэсертам.
Дэсерт вітамінны
Стравы на хуткую рукуСкладальнікі: яблыкі, мандарыны, ягады, смятана, шакалад, цукар (усё на вока).
Свежыя яблыкі, мандарыны парэзаць невялікімі кавалкамі, дадаць любой ягады з маразільніка, заліць усё гэта ўзбітай смятанай з цукрам. Пасыпаць нацёртым шакаладам.
І канешне, "вянец” стала – хатняе віно. Пакаштуйце, і вы самі не адмовіцеся яго зрабіць, як прыйдзе восень.
Хатняе віно
Стравы на хуткую руку3 кг ягад (розных) размякчыць і заліць 3 л кіпячонай вады (астуджанай да 30 градусаў), размяшаць. Праз 4 дні працадзіць, дадаць сіроп: 1,5 л вады і 1,7 кг сахара закіпяціць, астудзіць. Усё размяшаць, разліць па слоікам, не даліваючы да краю 10–15 см. Віно гатова праз 57–60 дзён.
Стол накрыты. Усё атрымалася хутка, смачна і прыгожа. "Будзеш частаваць гасцей – будуць прыходзіць часцей”, – чаго і вам жадае Раіса Мікалаеўна Качароўская.
Марыя САМАЛЕВІЧ,
в. Грынкі.

Предыдущая статья

Календарь знаменательных дат Свислоччины на 2013 год