banner

Пачынаецца 81 год майго жыцця

30 Января’13
2009
Пачынаецца 81 год майго жыццяЛёгкім марозам, бялюткай-бялюткай коўдрай на стылай зямлі, пухкімі сняжынкамі – так распачаўся першы дзень новага года. А для Людмілы Паўлаўны Трахімік – як новы чысты лісток у вучнёўскім сшытку, дзе можна напісаць: "Пачынаецца 81 год майго жыцця”.
Колькі ж прыгожых літар, мудрагелістых слоў, складаных сказаў было напісана за 31 год працы настаўніцай! Колькі адзнак было пастаўлена, колькі выведзена ў людзі вучняў? Колькі, колькі, колькі?.. Гэта ўжо не ўрок беларускай мовы, а матэматыка…
І быў першы ўрок у школе, першы працоўны дзень – 1 верасня 1957 года. Маладая настаўніца адчыніла дзверы класа – дрыгацелі ногі, перасохла ў горле, вусны, здавалася, застылі на твары, а на яе глядзелі вялікія-вялікія вочы, шмат дзіцячых вачанят, поўных чакання і надзеі.
Усё атрымалася, бо за свае 24 гады яна ўжо мела добрую школу жыцця, было з каго браць прыклад, ад чаго адштурхоўвацца.
Пачынаецца 81 год майго жыццяБацька – Павел Сямёнавіч Лагвіновіч – атрымаў вышэйшую адукацыю настаўніка ў Мінску, працаваў у школах Брэстчыны. Ён самааддана адносіўся да працы настаўніка, лічыў, што кожны чалавек павінен мець адукацыю, быць выхаваным і культурным. Ён прайшоў усю вайну, быў паранены. Дамоў вярнуўся ў 45-м. Маці, вельмі мудрая і справядлівая жанчына, выхоўвала траіх дзяцей. У сям’і заўсёды былі лад і парадак.
Калі дачушкі Людміла і Галіна выраслі, то пайшлі бацькавым шляхам – сталі настаўніцамі.
Людміла Паўлаўна ўсе гады працы ў школе цалкам аддавала сябе любімай справе, з вялікім натхненнем і шчырай любоўю вучыла і выхоўвала дзяцей. Крэда яе жыцця – паважай заўсёды вучня, як асобу, будзь да яго справядлівым. У яе, невялічкую, тоненькую, з густам апранутую і заўсёды з прыгожай прычоскай, улюбляліся амаль усе вучні. Таму з такім задавальненнем кожную раніцу гэтая прывабная жанчына спяшалася ў родную школу. Калектыў настаўнікаў у той час быў вялікі, дружны і творчы. Такія ж маладыя, як і яна, самаадданыя працы аднадумцы Вольга Іванаўна Акудовіч, Ніна Іванаўна Дзідзенка, Ганна Пятроўна Лукашэвіч і многія іншыя. Шмат часу, выдумкі і энергіі аддавалася пазашкольнай рабоце, мастацкай самадзейнасці. Рэпетыцыі, паездкі з канцэртамі, спяктаклямі – усё было цікава і жадана: і праца, і сумесны адпачынак.
Неўзабаве маладая настаўніца выйшла замуж. Сям’я папоўнілася жаданымі дзеткамі – дачушкай і сынком. Людміла Паўлаўна вельмі ўдзячна лёсу, што на яе жыццёвым шляху траплялася многа добрых і шчырых людзей. Такім шчодрым на ласку і любоў чалавекам была і яе свякроў. Яна дапамагала ва ўсім: гадаваць дзетак, весці хатнюю гаспадарку, бо лічыла, што няма цяжэйшага хлеба за настаўніцкі.
Лёс не шкадаваў Людмілу Паўлаўну на выпрабаванні. Шмат сілы і здароўя адымала хвароба дачкі. Ды і свае балячкі пачалі настойліва напамінаць пра сябе. Нечакана трагічна загінуў сын Юра. Зусім яшчэ не зацягнулася рана ад страты дачкі і мужа. Але недзе бяруцца сілы дзеля таго, каб пацешыцца ўнукамі і праўнукамі. Падтрымаць роднага чалавека прыехала малодшая сястра Галіна. Зараз усе радасці і гора яны дзеляць папалам.
Усе свае беды і чорныя хвіліны Людміла Паўлаўна старалася разагнаць песняй. Калі не спявалася ўслых, то музыка заўсёды гучала ў яе сэрцы – грала мелодыяй скрыпкі, якую калісь штодзень браў у рукі бацька. Ён быў добрым музыкантам. А скрыпку – вельмі дарагую – прывёз яшчэ з вайны, з Германіі. Вечарамі, бывала, сям’я збіралася разам, і пад мелодыю скрыпкі ліліся і ліліся мілагучныя песні. Цяпер скрыпка захоўваецца ў пляменніцы Аксаны. Яна таксама музыкант, працуе ў Брэсцкай філармоніі. А ўнук Віктар – кіраўнік аркестра заслужанага аматарскага ансамбля танца "Радасць”, які вядомы не толькі ў Брэсце, але і ва многіх куточках свету. Вось, як кажуць, што скрыпка нарабіла…
Сёння Людміла Паўлаўна не шкадуе, што ніхто з яе ўнукаў не стаў настаўнікам. У кожнага свой шлях. Яна добра ведае – не месца ўпрыгожвае чалавека. Галоўнае – жыць годна на роднай зямлі, паважаць сябе і людзей і шчодра адорваць іх сардэчным цяплом.
У дзень юбілею ў Людмілы Паўлаўны быў вельмі ўзнёслы настрой. Здаецца, з такім задавальненнем, з такой радасцю яна ніколы не чакала гасцей. Хацелася гаварыць, гаварыць, гаварыць… Яна ўся свяцілася сваім унутраным сонцам і на вачах маладзела. І, канешне, ліліся песні. Песні яе дзяцінства, маладосці, песні, якія суправаджалі яе ўсё жыццё. А з песняй ляцелі і думкі, і сардэчная ўдзячнасць роднаму куточку на Брэстчыне, той любай зямельцы, дзе так шчасліва ўсё пачыналася…
Марыя САМАЛЕВІЧ,
в. Грынкі.
На здымках: у дзень юбілею з віншаваннямі завіталі да Л. П. Трахімік работнікі Грынкаўскага СДК; з любімым вучнем Жэняй Дзятлам. 1960 г.

Предыдущая статья

О завершении обмена удостоверений