banner

Дзевяноста зім дзеда Мікалая

23 Декабря’12
1906
Дзевяноста зім  дзеда Мікалая
У невялікай вёсачцы Хрустава, што на ўскрайку лесу, 90 гадоў таму нарадзіўся хлопчык. Быў ён чацвертым у сям’і. І сям’я тая не шыкавала: быў бы хлеб на стале, а ўжо да хлеба, як прыйдзецца. Змалку дзеці ведалі цану скарынцы таго хлеба, таму выраслі працавітымі, ніякай працы не цураліся, рукі самі яе знаходзілі, і ўсё, за што б ні браліся, у тых руках кіпела. Ва ўсё часы: і тады, калі гаспадары за сахой хадзілі ды з прыполу зерне сеялі, і зараз, калі ў полі гудуць велізарныя трактары ды камбайны, нічога важнейшага за сялянскую працу не было, бо менавіта дзякуючы рукам сельскага гаспадара мы штодзённа маем на стале хлеб, і не толькі.
З-за таго, што дзяцей было шмат, а грошай не хапала, Мікалай не меў магчымасці пайсці ў школу разам з аднагодкамі. Таму ў першы клас польскай школы пайшоў пераросткам і правучыўся ўсяго чатыры гады. У 39-м польская школа закрылася, і хлопца аддалі вучыцца на краўца. Але ж і тут не суджана было яму асвоіць навуку да канца. Пачалася вайна…
– У чэрвені 41-га, калі ў вёску пачалі наязджаць немцы, да суседзяў прыбіўся ранены рускі салдат, – дзеліцца ўспамінамі Мікалай Аляксандравіч. – Мы, юнакі, пайшлі паглядзець на яго. Ён сядзеў увесь акрываўлены, а калі ўбачыў праз акно, што на конях едуць немцы, схапіў вінтоўку і хацеў страляць. А мы ўсе да яго кінуліся, пачалі прасіць, каб не страляў, бо могуць усіх пабіць і вёску спаліць. Далі яму суседзі другое адзенне, а яго вопратку звязалі ў клуначак і аддалі мне, каб я вынес і выкінуў усё гэта разам з вінтоўкаю. А я, замест таго, каб куды далей аднесці той клунак, прынес яго на свой склеп. А тут немцы пачалі хадзіць па хатах, па хлявах ды рускіх салдат шукаць. Прыйшлі да нас і адразу знайшлі той клунак і вінтоўку. Схапілі мяне і вядуць на расстрэл. А я прашуся, кажу, што знайшоў на полі, калі каровы пасвіў, а мне не вераць. Вывелі за вёску на ўзгорачак, афіцэр выхапіў з кішэні рэвальвер і прама да лоба майго прыставіў. Я па сёння той халадок ад дула чую. Але Бог мяне ўратаваў тады. Суседзі прыйшлі, сказалі, што гэта не салдат, што свой хлопец, пастушок. І тады афіцэр схаваў рэвальвер, а мяне моцна ўдарыў па карку і адпусціў.
Потым мы яшчэ больш як тры гады ў страху жылі, а пасля, калі нарэшце скончылася тая вайна, я ажаніўся. Жонку маю звалі Феліміна. Добрай была, спагадлівай, працавітай, вось толькі век кароткі ёй Богам быў адмераны. Пяцёра дзетак яна мне нарадзіла. Старэйшы Франак – у Гродна, на заводзе працуе, малодшыя ўсе недалёка – у Свіслачы жывуць. Дачушка Аня шмат гадоў працавала на чыгунцы, сын Барыс – урач-уролаг, а Рычард працуе лесніком у Поразаўскім лясніцтве. Я там больш за 25 гадоў працаваў, кожную сцежачку ў лесе ведаю, кожнае дрэўца мне было любае,  вось  перадаў сыну свае лясныя ўладанні. Зараз ён па маіх слядах ходзіць. А малодшанькай нашай Валі ўжо на свеце няма. Калі мамы не стала, ёй усяго адзінаццаць гадкоў было. Ей, як і маці, век кароткі дастаўся. Што тут парадзіш. А ўнукаў, дакладней унучак, у нас адзінаццаць і ўжо 10 праўнукаў. Багаты дзед, нічога не скажаш! Усе выраслі добрымі, сумленнымі людзьмі, ні за каго не сорамна. Можна толькі цешыцца, гледзячы на дзяцей і ўнукаў. Дзякуй Богу за іх.
Шкада, што бабуля не бачыць. Хварэла яна цяжка...  
Цяжка мне было з дзецьмі, я нібы без рук застаўся. На што ні гляну – яе работа. Здавалася, што вось-вось адчыніць дзверы і прыйдзе. Не прыйшла…
А пакуль яшчэ жывая была, але ўжо адчувала, што няшмат засталося, часта гаварыла: "Бяры, Мікалай, Гэльку Саўкаву. Яна добрая, да яе дзеці будуць ездзіць”. Вось калі не стала маёй Феліміны, калі я трошкі справіўся са сваім горам, тады і прывёў сюды Гэлю, пабраліся мы з ёю. Яна згадзілася, нягледзячы на тое, што ў мяне пяцёра дзяцей. Старалася, як магла, замяніць ім маці, любіла, шкадавала. Вось ужо трыццаць тры гады разам жывём. І калі яны прабеглі, гадочкі тыя?
І праўда, хутка ляціць час. Учора Мікалаю Аляксандравічу Шульскаму споўнілася роўна 90 гадоў. Сколькі віншаванняў ён пачуў, сколькі цёплых і шчырых слоў сказалі яму дзеці, унукі, праўнукі, нявесткі, зяць, жонка. Ад гэтых шчырых віншаванняў дзядуля Мікалай, напэўна, памаладзеў гадоў на дваццаць, і калі будзе адзначаць свой юбілей (а яго святкаванне назначылі на 25 снежня), то яшчэ і песню заспявае, і бакал з добрым віном падыме за сваё здароўе разам з роднымі і блізкімі людзьмі. І няхай Бог узмацняе яго, каб, як мінімум, да ста гадоў дзед Мікола дажыў абавязкова.
Ядвига КОБРИНЕЦ.
Фото Григория ШИРЯЕВА.

Предыдущая статья

Нам хораша, калі мы разам