banner

Нам хораша, калі мы разам

22 Декабря’12
1838
Нам хораша, калі мы разам
З чаго пачынаецца сям’я? З той самай першай сустрэчы, калі Яна злавіла на сабе Яго позірк, калі раптам, невядома чаму, пачалі часцей біцца сэрцы і у душах стала светла-светла, нібы нехта запаліў там чароўныя ліхтарыкі. З першага дотыку рук, першага спаткання, першага нясмелага пацалунка, з ціхага "кахаю”, з адчування немажлівасці жыць адно без другога, з прапановы рукі і сэрца, з бялюткага вэлюму і залатых пярсцёнкаў, з урачыстага абяцання перад Богам вернасці і адданасці. З першай шлюбнай ночы, першага штуршка пад сэрцам, першага крыка дзіцятка, шчаслівых матуліных слёз і татавай неабдымнай радасці.

Сёння пойдзе аповед  пра сем’ю, дзе ўсё пачыналася проста і звыкла, можна сказаць, як ва ўсіх. Але той вялікі скарб, які называецца каханнем, Ён і Яна з цягам часу не толькі  здолелі зберагчы, але і папоўніць новымі каштоўнасцямі, адшліфаваць, зрабіць яшчэ больш прыгожым і дарагім.
Пра каго гаворка? Пра Віктара і Марыну Васіленка, а яшчэ пра іх любых і такіх прыгожых дзетак – Артура і Паўліка.
Ці шчаслівыя яны, пытаць не трэба. Гэтае шчасце свеціцца ў іх вачах, ва ўсмешках дзяцей. Яму ўтульна ў іх доме, яно, гэтае шчасце, адчувае сябе тут не госцем, а гаспадаром.  
– Мне сямнаццаць гадоў было, калі мы пазнаёміліся ў парку на дыскатэцы, –расказвае Марына. – Віктар мяне запрасіў на танец, але я не пайшла, бо тады ў мяне другі хлопец быў. Але ж Віктар не адступіўся. Пачаў да мяне ў вёску ездзіць, у Дуброву. Прыедуць з братам, сядуць і пад гітару песні пяюць. Вось тая гітара мяне і зачаравала. А яшчэ вершы, якія прысвячаў мне Віктар.
Я по тебе  тоскую днями,
И сердце душу нежно рвет,
Тебе звоню я временами,
И вот тогда душа поет…
Ён быў вельмі шчырым, адкрытым, добрым. Як у такога было не закахацца?! Але наперадзе ў мяне была вучоба, а ў яго – войска. Дзякуй Богу, я вучылася, а ён служыў у Гродне, і мы маглі часта бачыцца. У студзені 98-га ён вярнуўся, а ў жніўні мы пабраліся. Вось ужо чатырнаццаць гадкоў мінула, як мы разам. Жылі спачатку ў яго бацькоў, потым у маіх, а пазней купілі дом у Свіслачы. Падрастаюць дзеткі, дораць нам сваю пяшчоту, а мы стараемся зрабіць усё магчымае, каб яны адчувалі сябе шчаслівымі, каб ім не забракла нашай увагі, цеплыні і любові.
– Нам вельмі хораша, калі мы разам, – дапаўняе жонку Віктар. – Артур з Паўлікам больш любяць бавіць час дома, а не на вуліцы, альбо з сябрамі. Калі няма дома мяне, то ў іх знаходзяцца агульныя інтарэсы з мамай, а калі мамы няма, дык са мной. Мама наша працуе ў школе настаўніцай пачатковых класаў і вядзе факультатыў польскай мовы. Хлопчыкі добра размаўляюць па-польску. Артур не раз перамагаў у розных конкурсах, мае шмат дыпломаў і грамат, выдатна чытае вершы, асабліва любіць творы Адама Міцкевіча.  Паўлік таксама выдатна ведае мову. Наогул, у нас бываюць дні, калі мы ўсе размаўляем толькі па-польску.
Што датычыць сямейных традыцый, дык яны перадаліся нам ад бабуль. Яны нас з малых лет вялі да Бога, вучылі жыць па Яго запаведзям і самі былі шчыра веруючымі, дапамаглі нам усвоіць ісціну, што без Бога не да парога. І гэта, безумоўна, так. Цяпер таму ж мы вучым і сваіх дзяцей. Яны у нас добыя, адкрытыя, ветлівыя.
Да Божага Нараджэння рыхтуемся ўсе разам загадзя. У час адвэнту вечарамі пяём календы. Мама бярэ ў рукі акардэон – і ўсе разам спяваем. Самая любімая калядная песня – "Ціхая ноч”. На свята пад ёлачкай абавязкова павінны быць падарункі. Галоўны атрыбут Каляд – святочны стол з белым абрусам і дванаццацю поснымі стравамі. Напярэдадні абавязкова ідзём у касцёл да споведзі, а ў час святой вячэры дзелімся аплаткам і просім адзін у аднаго прабачэння за, няхай сабе і дробныя, крыўды, жадаем шчасця і Божага благаславення.  У такія хвіліны, больш як калі, адчуваецца радасць ад таго, што мы ўсе разам, што ў нас такія дзеткі, што ў доме пануюць згода і ўзаемаразуменне…
Зноў за акном зіма, снежань. А значыць, набліжаецца цудоўнае свята – Божае Нараджэнне. Яго чакаюць і дарослыя, і дзеці. І яно абавязкова прыйдзе да нас, як прыходзіць вось ужо больш як дзве тысячы год. Заззяе першай зорачкай у небе і напоўніць сэрцы самым светлым пачуццём радасці і надзеі. Сярод мільёнаў людзей, якія з нецярпеннем чакаюць, калі на цёмным аксаміце неба з’явіцца тая зорка, будзе і сям’я Васіленкаў.  Яны сядуць усе разам за стол, падзеляцца аплаткам, павячэраюць, а потым мама  возьме акардэон – і пальецца цудоўная мелодыя:
Ціхая ноч, дзіўная ноч,
Дрэмле ўсё дый не спіць.
А над жолабам Панна стаіць,
На Дзіцятка з усмешкай глядзіць.
Радасць у сэрцах гарыць,
Радасць у сэрцах гарыць...
Дык няхай яна, гэтая радасць, ніколі не згасае, няхай свеціцца Віфлеемскай зоркай і дорыць нам надзею.
Ядвига КОБРИНЕЦ.
Фото автора.

Предыдущая статья

«Прямая линия» председателя райисполкома