banner

Я толькі кропля ў тваіх крыніцах, Беларусь

05 Декабря’12
3981
Я толькі кропля ў тваіх крыніцах, Беларусь
Год кнігі прынёс шмат прыемных сустрэч з кнігай і аўтарамі не толькі чытачам бібліятэк, але і бібліятэкарам. Аб адной такой сустрэчы я і хацела б расказаць чытачам раёнкі.

У чэрвені, падчас кваліфікацыйных курсаў у Мінску, арганізатары наладзілі для нас сустрэчу з беларускай паэтэсай, празаікам, публіцыстам Вольгай Іпатавай. Калі я ўбачыла гэтую жанчыну ўпершыню, мне падалося, што жыццё яе праходзіць у цікавых, лёгкіх, бестурботных абставінах. Знешні выгляд увёў мяне і многіх маіх калег у зман. Прыгожая, цікавая, шляхетная, яна пакідае ўражанне жанчыны з нейкім звышшчаслівым лёсам.
 На самой справе ўсё было далёка не так: і лёгкасць, і бестурботнасць у жыцці Вольгі Іпатавай былі зароблены самаадданай працай і непахіснай вернасцю сваім перакананням.
Яна нарадзілася 1 студзеня 1945 года ў г. п. Мір Карэліцкага раёна. Маці памерла, калі Вользе споўнілася чатыры гадкі, і жыццё дзяўчынкі рэзка памянялася. Знікла атмасфера дабрыні і ласкавасці, а любімая дачушка праз нейкі час ператварылася ў непатрэбную падчарку.
Потым былі амаль шэсць гадоў знаходжання ў дзіцячым доме, якія не маглі не зрабіць адбітку на характары дзяўчыны. "Школа выжывання” загартавала характар і на ўсё жыццё дала не проста стойкасць, але нават непахіснасць. Колькі людзей такі пачатак жыцця проста зламаў бы, даў падставу скардзіцца на несправядлівасць лёсу і апраўдваць сваю няўдаласць ці бяздзейнасць! На жаль, такое выпрабаванне здольны перанесці далёка не кожны: і сярод тых, хто быў побач з Вольгай у дзіцячым доме, далёка не ўсе змаглі сябе захаваць.
Я толькі кропля ў тваіх крыніцах, БеларусьА яна не проста змагла: Вольга Іпатава атрымалася надзейнай, натуральнай, пры ўсёй паэтычнасці натуры.
Яшчэ падчас вучобы ў школе дзяўчынка пачала пісаць вершы. Пасля школы паступіла ў БДУ на аддзяленне рускай філалогіі. Потым была аспірантура пры Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве. Працавала настаўніцай на Віцебшчыне, таваразнаўцам у кнігагандлі, была на розных пасадах у сістэме камсамола, у газетах "Літаратура і мастацтва” і "Чырвоная змена”, на тэлебачанні ў Гродне і Мінску.
Дзе б ні працавала Вольга Міхайлаўна, якой канкрэтнай працай ні займалася б, яна жыла і жыве клопатамі пра культуру беларускай нацыі. Па сутнасці, гэта клопат пра нашу будучыню. І ён выразна "праглядвае” і ў творчасці пісьменніцы.
Дасягнуўшы значнага поспеху ў галіне паэтычнай творчасці, Вольга Іпатава ўжо з канца 70-х гадоў свае галоўныя намаганні скіроўвае на прозу, хоць і ад паэзіі канчаткова не адмаўляецца.
Ідзе час, а Вольгу Іпатаву ўсё больш і больш прываблівае айчынная гісторыя, яе выдатныя дзеячы. Адна за другой выходзяць аповесці "За морам Хвалынскім”, "Чорная княгіня”, "Агонь у жылах крэмню”, апавяданні "Набег”, "Святаслава”, "Давыд Гарадзенскі”, "Ваўкалакам абярнуся”.
Вядучая творчай сустрэчы нам зачытала, што занатаваў у сваім дзённіку Янка Брыль: "З Вольгі Іпатавай атрымалася салідная гістарычная пісьменніца. Проза яе – і "Вяшчун Гедзіміна”, і "Альгердава дзіда” пасля раней прачытанай і пахваленай "Залатой жрыцы Ашвінаў” – добра чытаюцца. Не для пустой прыемнасці, але і з розумам”.
Імкненне зрабіць веды пра беларускую гісторыю максімальна пашыранымі сярод самых розных чытацкіх катэгорый уплывае на сюжэты раманаў Вольгі Іпатавай. Інтрыга, неверагодныя прыгоды, яркія характары, моцныя пачуцці, вера нашых продкаў, нечаканыя сюжэтныя хады – усё гэта пашырае кола яе чытачоў. Мова раманаў Вольгі Іпатавай настолькі дасканалая, што стварае падманнае адчуванне лёгкасці, уласцівае толькі сапраўднай прозе. На мой погляд, толькі ёй удаецца пра складаныя гістарычныя падзеі расказаць проста і цікава.
Усіх, хто разважае пра жыццё, чалавечае шчасце, гістарычны лёс Радзімы, каго цікавяць гістарычныя раманы гэтай незвычайнай жанчыны, мы запрашаем у нашу бібліятэку. Мы жадаем, каб і вы адкрылі для сябе гэтага празаіка.
Загаловак артыкула, які ўзяты з верша В. Іпатавай, сапраўды паказвае, што яе ўклад у літаратурныя крыніцы робіць нашу Бацькаўшчыну па-сапраўднаму празрыстай і зразумелай нашчадкам.
Мы, удзельнікі той чэрвеньскай сустрэчы, ўдзячны Вользе Міхайлаўне, што пры ўсёй сваёй занятасці яна не адмовілася ад сустрэчы з намі. На памяць аб гэтай цікавай сустрэчы кожны мог набыць яе новы твор і атрымаць аўтограф (на здымках).
Тамара ЯНЦЭВІЧ,
загадчыца Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі.

Предыдущая статья

Таня, скорая на помощь