banner

Восеньскі падарунак – гала-канцэрт

05 Ноября’12
2009
Восеньскі падарунак – гала-канцэрт
У раённым Доме культуры адбыўся гала-канцэрт з удзелам лепшых калектываў і асобных выканаўцаў раёна. Праграма канцэрта склалася пасля аглядаў на месцах, якія прайшлі яшчэ вясною. Раённы, сельскія Дамы культуры і клубы загадзя рыхтавалі выступленні мясцовых артыстаў, стараліся падабраць цікавыя нумары, зрабіць яскравымі і змястоўнымі свае канцэрты. Раённая камісія адзін за другім наведвала ўстановы культуры і выбірала лепшых з лепшых на гала-канцэрт.
І вось у мінулую нядзелю ён з поспехам прайшоў на галоўнай сцэне раёна. Таленавітыя артысты  дарылі гледачам свае песні, музыку, танцы, гумар, і тыя атрымоўвалі вялікую асалоду ад канцэрта. Як заўсёды, з поспехам выступіў ветэранскі калектыў з Грынок "Спадчына”. Жанчынкі, якія даўно на заслужаным адпачынку, не ўмеюць сядзець без справы і свой вольны час, якога, дарэчы, на вёсцы няшмат нават у пенсіянераў, любяць бавіць у Доме культуры. Яны прымаюць удзел не толькі ў канцэртах, але і ва ўсіх цікавых мерапрыемствах, якіх супрацоўнікі ўстановы культуры ладзяць мноства. Вялікую асалоду можна было атрымаць і ад выступлення калектыва "Пушчанскія напевы” з Пацуяў. Цудоўныя галасы спявачак літаральна заварожвалі ўсіх, хто прыйшоў на канцэрт. Нельга было не заслухацца спевамі вакальнай групы раённага Дома культуры "Мілавіца” (кіраўнік Аляксандра Градава). Гэтыя дзяўчаты паспелі выступіць не толькі ў сваім раёне ды ў вобласці, але і за мяжой. Амаль кожны год іх запрашаюць у Польшчу на міжнародны фестываль "Ярмарка Зубра”.
На "ўра” ўспрымалі гледачы дзіцячыя танцавальныя калектывы "Усмешка” і "Мазаіка”, якімі кіруе таленавіты харэограф Аксана Балюк.  Сапраўднае задавальненне можна было атрымаць ад выступлення народнага тэатра "Памфлет” Тамары Саляхавай, уволю пасмяяцца над гумарыстычнымі замалёўкамі тэатра "Супер-Стар” з Занак.  
Сваё песеннае майстэрства дарылі Юрый Прасняк, Іосіф Дмухоўскі і Ганна Леванчук з Поразава, Дзіяна Лігер і Сняжана Кобелева з Новага Двара, Іна Сімаковіч з Нязбодзічаў, Алена і Анатоль Пісары з Ханявічаў, Яна Кулініч з Корнадзі, Андрэй Селюкевіч з Грынок, Вольга Цырыбка з Ціхаволі. Самая маленькая артыстачка з Ханявічаў Каця Крук таксама здолела заваражыць гледачоў сваім звонкім голасам.
Цудоўным, як заўсёды, было выступленне народнага ансамбля народных інструментаў "Вянок” з Поразава, якім ужо шмат гадоў кіруе таленавіты музыкант Генадзь Бутар.
Яскравую кропку ў праграме канцэрта паставіла Ніна Саўко, голасам якой нельга не захапляцца. Яна поўнасцю аддае сябе песні, і ад таго кожная гучыць па-свойму цудоўна, непаўторна. Дарэчы, у гэты ж день у Ніны быў дзень нараджэння, і начальнік аддзела культуры І. Э. Паўлючэня тут жа, на сцэне, павіншавала таленавітую спявачку.
Лепшыя выканаўцы атрымалі дыпломы, але галоўная ўзнагарода для любога артыста – гэта, вядома, моцныя і гарачыя апладысменты гледачоў. І яны не ленаваліся пляскаць у далоні, сустракаючы і праводзячы са сцэны кожнага выканаўцу.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.
На снимке: На сцэне ветэранскі калектыў «Спадчына».

Предыдущая статья

Игротека – для ребят утеха