Разам з усёй краінай Свіслаччына ўшанавала галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Канешне, цэнтр увагі быў накіраваны на сталіцу нашай Радзімы, горад-герой Мінск. Там адбыліся галоўныя ўрачыстасці з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. У сваім віншаванні суайчыннікам кіраўнік дзяржавы гаварыў аб няпростым шляху дзяржаўнага будаўніцтва, сацыяльнага і эканамічнага развіцця, які прайшла Беларусь і ў выніку заняла дастойнае месца ў эканамічнай супольнасці. Краіна захоўвае намечаныя тэмпы эканамічнага росту, забяспечвае сацыяльную абарону нашым грамадзянам, прадаўжае добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Прэзідэнт перакананы, што гэтыя заваяванні мы захаваем і ў далейшым. Гэта было падкрэслена ў выступленні А. Г. Лукашэнкі на парадзе войскаў Мінскага гарнізона, а таксама на ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі, прысвечаным галоўнаму святу краіны.
Грандыёзным спартыўна-маладзёжным шэсцем і святочным салютам адзначыў Мінск свята Незалежнасці. Кульмінацыяй урачыстасці ў Свіслачы таксама стаў яркі феерверк і сумеснае выкананне Гімна Рэспублікі Беларусь. Не памылюся, калі скажу, што гэтага моманту ў праграмме святкавання кожны свіслачанін чакае найбольш. Гэта вышэйшы пік у той вялікай гаме пачуццяў, якія кожны з нас перажывае ў гэты асаблівы дзень. Падчас прагляду праграмы мая суседка па трыбуне была ў захапленні ад песень, ад знаёмых з дзяцінства мелодый. Яна ледзь утрымлівалася, каб не кінуцца ў пляс пад родныя беларускія рытмы, а стан яе душы адлюстраваўся ў адной ёмістай фразе: “Усё ж прыгожая наша Беларусь! Нават паглядзець зараз наўкол, і гэта відавочна!”
Таму, вяртаючыся да моманту акцыі “Спяём Гімн разам”, трэба дадаць, што красамоўней розных слоў у момант яго выканання гаварылі вочы свіслачан. У іх чыталася і любоў да роднай старонкі, і гонар за свой народ, за ўсё створанае ім.
Шыкоўнымі карункамі распісаў неба феерверк. Яго залаціста-фіялетавая гама, у якую ўпляталіся колеры нацыянальных сімвалаў краіны, стала тым заключным аздабленнем насычанай і змястоўнай праграмы мерапрыемстваў, якія адбыліся ў Свіслачы пры шырокім удзеле жыхароў раёна, працоўных калектываў і ўдзельнікаў культурна-спартыўных мерапрыемстваў.
...Падчас мітынгу са словамі віншаванняў з нагоды Дня Незалежнасці звярнуўся да жыхароў раёна старшыня раённага выканаўчага камітэта А. М. Таргонскі. Цёпла прывітала свіслачан, адзначыўшы іх апошнія дасягненні, І. М. Кальянава, дачка Героя Савецкага Саюза М. П. Масонава, які загінуў пры вызваленні Свіслачы:
– Я бываю ў Свіслачы штогод. І ў кожны прыезд прыемна ўражваюць перамены ў абліччы горада, здзіўляе, як шмат вы паспяваеце зрабіць за кароткі адмежак часу. На гэты раз мы ўбачылі новую паліклініку, Школу мастацтваў, якая хутка будзе ўведзена ў строй.
Інэса Мікалаеўна падзякавала свіслачанам за захаванне памяці аб бацьку, выказала павагу ветэранам, адзначыла клопат дзяржаўных структур аб моладзі і пажадала ўсім міру і дабрабыту.
Усклаўшы кветкі да помніка загінуўшым воінам у цэнтры Свіслачы, а крыху раней да памятнага знака на месцы гібелі М. П. Масонава, святочная калона ў складзе кіраўніцтва раёна, ветэранаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў накіравалася ў гарадскі парк да месца правядзення свята “Ганаруся табой, родны край!”.
Натуральна, што ў Дзень Незалежнасці мы дэманструем свае дасягненні ў мірнай стваральнай працы. Менавіта такі накірунак мела сёлетняе свята.
Вялікае захапленне ў гледачоў (мяркую гэта па рэакцыі зноў жа сваіх суседзяў па трыбуне) выклікала святочнае шэсце працоўных калектываў раёна. Яго ўзначаліла калона ветэранаў працы, сярод якіх шаноўныя людзі раёна, якія добрасумленна і шчыра працавалі, а некаторыя працягваюць працаваць і зараз, на карысць раёна. Для іх гучаць словы ўдзячнасці і пажаданні здароўя, даўгалецця і дабрабыту.
Працягвае шэсце калона перадавікоў вытворчасці, якія рашэннем райвыканкама за высокія дасягненні ў працы па выніках 2011 года і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці занесены на раённую Дошку гонару. Лепшых прадстаўнікоў моладзі змяняюць педагогі, работнікі аграпрамысловага комплексу, будаўнікі, дарожнікі, працаўнікі лясной гаспадаркі і іншыя прадпрыемствы і ўстановы ўсіх галін народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы. Шчырыя апладысменты свіслачан суправаджаюць іх праход па ганаровай дарожцы. У гэтых апладысментах – непрыхаваны гонар за свой родны калектыў, радасць за яго поспехі (нехта ў ім працуе і сёння, а нехта ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але ад гэтага не менш прыемна бачыць сваіх калег і чуць пра іх дасягненні).
З асаблівай цеплынёй віталі трыбуны калону маладых і мнагадзетных сем’яў нашага раёна. Мамы з калясачкамі, са сваімі дзеткамі на руках сталі сапрўдным упрыгожаннем свята. Гэта ішла наша будучыня, наш гонар і наша багацце. Няхай гэтая калона павялічваецца з году ў год, няхай расце сямейны дабрабыт, святкуюцца наваселлі, здаровымі і шчаслівымі растуць нашы дзеці – такія пажаданні ім услед.
Здаецца, эмоцыі і так перапаўняюць, але арганізатары свята, аказваецца, яшчэ не раз сёння нас здзівяць. Напрыклад, шашачным турнірам з удзелам майстроў спорту па шашках Канстанціна Бараля, нашага земляка, дырэктара РУП ЖКГ, і госця з Гродна, чэмпіёна Расіі па гульнях у шашкі па перапісцы Васіля Навуміка. Партыю ім склалі аматары шашак рознага ўзросту, але пераважна школьнага. Цікава, што сярод іх вучні самых малодшых класаў. Вось яны і прыцягнулі да сябе ўвагу майстроў. І былі адзначаны каштоўнымі падарункамі за ўпартасць і настойлівасць у гульні. Гэта Артур Гжэшчык, вучань 5 класа гімназіі, Мікіта Гуштын, вучань 4 класа СШ № 3 г. Свіслач і трэццякласнік гімназіі Уладзіслаў Пясняк.
Падзіўляў размах фантазіі, якім быў насычаны конкурс на лепшае блюда беларускай нацыянальнай кухні “Смаката па-беларуску”. У ім прынялі ўдзел 15 працоўных калектываў, кожны з якіх дадаў у конкурс сваю адметнасць і каларыт. Заахвочвальнымі прызамі конкурсу ўзнагароджаны калектывы райвыканкама, РУП ЖКГ, УКП “Бытабслугоўвання”, ДЭУ-209, ААТ “Свіслацкая фабрыка лазовай мэблі”, раённага вузла паштовай сувязі, РКЦ № 3 ААТ “Белаграпрамбанк”, ЦБП № 419 ААБ “Беларусбанк”, падатковай інспекцыі, аддзела культуры райвыканкама.
П’едэстал гонару занялі: трэцяе месца – аддзел адукацыі райвыканкама і Свіслацкая ЦРБ; другое месца – упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і раён электрычных сетак; першае месца – філіял “Беларуснафта-Свіслач ГАЗ”.
Пераможцы конкурсу ўручаны тэлевізар, які калектыў вырашыў падарыць Свіслацкаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру з прытулкам. За другое і трэцяе месца пераможцы атрымалі мікрахвалевыя печы, якія пры нашай занятасці здольны саслужыць добрую службу, каб падсілкавацца падчас працы, як гаворыцца, без адрыву ад вытворчасці.
Як заўсёды, цікавую праграму падрыхтавалі падворкі сельскіх Саветаў. Сярод іх адзначаны Свіслацкі сельскі Савет, які ўзнагароджаны кававаркай і бібліятэчкай літаратуры па кулінарыі. Такімі ж бібліятэчкамі заахвочаны ўсе астатнія сельсаветы.
Шматлюдна было на спартыўнай пляцоўцы, дзе былі арганізаваны спаборніцтвы барцоў-выхаванцаў школы алімпійскага рэзерву, на танцавальнай пляцоўцы і, канешне ж, каля гандлёвых кропак нашага спажыўтаварыства. Вечарам адбыўся канцэрт прафесіянальнага калектыву “Сіняя птушка”.
Пэўна, кожны, хто пабываў на свяце, не змог не пранікнуцца гонарам за сваю Свіслаччыну, дзе працуюць такія таленавітыя людзі, за свае калектывы, за тое, што мы ўмеем так цікава адпачываць. Усё разам – гэта здабыткі нашай незалежнасці, якую нашаму пакаленню пашчасціла ўмацоўваць мірнай працай. Яе вынік – дасягненні у гонар роднага краю – і быў прадэманстраваны на гэтым свяце.
Ядвіга КУРЫЛА.
Грыгорый ШЫРАЕЎ (фота).