Вось так прыгожа, ярка і крэатыўна выказалі любоў да роднага горада ўдзельнікі флэшмобу «Я люблю Свіслач!». Прысвечаны ён быў Дню вызвалення Свіслаччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Ініцыятарамі масавай акцыі сталі спецыялісты і наведвальнікі аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў Свіслацкага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Да старэйшых сяброў з ахвотай далучыліся юныя выхаванцы дзіцячага аздараўленчага лагера «Сонейка», што дзейнічае на базе гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслачы.
Як і было задумана, усе разам выстраіліся на плошчы горада. Сэнсавым элементам жывога малюнка стала сэрца, што спакон вякоў сімвалізуе любоў. У цэнтры яго размясціўся сцяг горада Свіслачы з выявамі будынка былой гімназіі і зубра. Нацыянальнага каларыту дабавіла тое, што дарослыя ўдзельнікі флэшмобу былі апрануты ў адзенне з вышыванкай.
Прачытаць пасланне можна было з вышыні птушынага палёту. Выразна і прыгожа, праўда?
Кропкай у правядзенні флэшмобу стала сумеснае выкананне песні «Беларусь» з рэпертуару папулярнага беларускага спевака Аляксея Хлястова.
Наталля ТУРКО.
Фота Галіны КАРПАВАЙ.