banner

Усмешка ў хустачцы

13 Августа’17
1443

Усмешка ў хустачцы

 

Бабу Жэню я ведаю яшчэ з дзяцінства. Трэба сказаць, што яна амаль не змянілася за гэтыя гады – усё такая ж усмешлівая, добразычлівая і гаваркая. Не так даўно я наведала яе, і яна расказала пра сваё жыццё. Знаёмцеся – Яўгенія Пятроўна Качко з вёскі Нязбодзічы.

 

Мая субяседніца нарадзілася ў 1938 годзе. У яе жыцці, як і ў шмат каго з тых часоў, былі светлыя і чорныя поласы. Яўгенія Пятроўна вырасла сярод шматлікіх братоў і сясцёр: разам з ёй іх было восем. Дзяцінства жанчыны было невясёлым. Рана памёр бацька. Як гэта заўсёды было ў вёсцы, прыйшлося шмат працаваць. Адразу пасля дзесяці класаў школы Яўгенія Пятроўна паехала вучыцца ў горад Глыбокае. Там скончыла бухгалтарскія курсы.


Магла паехаць да брата ў Мінск і там застацца, але сэрца пацягнула дахаты, у свае родныя Зарэчаны, дзе яна нарадзілася. Сваю працу баба Жэня любіла, нават зараз заходзіць калі-нікалі ў кантору, каб пацікавіцца навінамі. “Заходжу – усе за камп’ютарамі. У мае часы так не было. Мы лічыльнікамі карысталіся, пазней лічыльнай машынай. Так, усё змянілася,” – успамінае жанчына.


Больш за сорак гадоў аддала Яўгенія Пятроўна сваёй працы. Працавала добрасумленна і ўсім спрабавала дапамагчы. “Тады людзі другія былі – больш адкрытыя, чым зараз. А цяпер кожны сядзіць у хаце і не жадае нікога ведаць. Кожны сам за сябе,” – гаворыць з сумам жанчына. Яўгенія Пятроўна многа расказвае пра дзяцей. А яны ў яе цудоўныя. Тры клапатлівыя сыны ніколі не забываюць матулю. Доўгачаканымі былі яны: не адзін год Яўгенія Пятроўна з мужам чакалі дзяцей. Як гавораць, для кожнага з нас у Бога свой план. І баба Жэня шчаслівая. Самы старэйшы сын Уладзімір – індывідуальны прадпрымальнік, Віктар працуе ў Міністэрстве фінансаў, Генадзь, як і брат, мае сваю фірму, працуе так, што і ў газетах пра яго пішуць... Сыны прыязджаюць да маці часта. І лазню пабудавалі, і ваду правялі, хутка збіраюцца перакласці стары дах на хаце ды падправіць падмурак.


На пенсіі Яўгенія Пятроўна не сумуе, любіць наведваць знаёмых, ходзіць сама ў магазін і ў бібліятэку (а гэта шлях няблізкі!), любіць глядзець тэлевізар і чытаць розныя часопісы і кнігі, асабліва царкоўныя. Век звекаваць – не пальцам паківаць. Цяжкае жыццё было ў бабы Жэні. Але не стала яна з-за гэтага жорсткай, усё такая ж шчырая і вясёлая, сапраўдная “ўсмешка ў хустачцы”.

 

Ганна ВАРОНКА,
студэнтка I курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Фото носит иллюстративный характер.

Предыдущая статья

Удача пришла в Новый Двор