Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ставіць перад сабой шэраг высакародных задач. Асаблівае месца ў сваёй дзейнасці арганізацыя адводзіць прапагандзе моды на здаровы лад жыцця, а ў ёй – прафілактыцы ў маладзёжным асяроддзі наркатычнай залежнасці.
Як у гэтым напрамку ў першым паўгоддзі працаваў Свіслацкі раённы камітэт ГА БРСМ, мы спыталі ў першага сакратара райкама Марыны Рудомінай.
– Супрацьстаянне наркаманіі не аднаразовая акцыя, а пастаянная мэтанакіраваная работа ўсіх зацікаўленых структур, арганізацый, аб’яднанняў, грамадскасці. З якой ініцыятывай у вырашэнні існуючай праблемы выступае саюз моладзі?
– Разам з класічнымі метадамі фарміравання здаровага ладу жыцця (турыстычныя злёты і спартыўныя спаборніцтвы) мы шукаем і новыя метады ўздзеяння на моладзь. Адной з інтэрактыўных форм работы, якія прымяняе райкам ГА БРСМ пры правядзенні мерапрыемстваў па прадухіленні распаўсюджвання наркатычных сродкаў з’яўляецца правядзенне адкрытых дыялогаў, у тым ліку і з удзелам прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Так, у чэрвені адбыўся адкрыты дыялог з праглядам кінафільмаў, яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы гарадскіх школ, якія наведвалі працоўныя лагеры. Не губляюць сваёй актуальнасці антынаркатычныя акцыі. Да прыкладу, у рамках акцый «Стоп – спайс!», «Спыніся! За кайфам – бездань», «ВЕК без наркотыкаў» актывісты саюза моладзі распаўсюджвалі сярод жыхароў раёна буклеты і лістоўкі адпаведнага зместу. Дарэчы, сумесна з РАУС распрацоўваюцца інфармацыйныя матэрыялы на тэму наркаманіі, яны размяшчаюцца ў групе «вКонтакте» і на іншых пляцоўках РК ГА БРСМ.
– Асаблівай увагі патрабуюць «цяжкія» падлеткі...
– Безумоўна. У маі хлопцы, якія знаходзяцца на розных відах уліку, былі запрошаны ў Вялікую Бераставіцу, дзе прайшоў занальны этап квэст-гульні «Будзь прыкладам!». Так званыя цяжкія падлеткі ёсць і сярод тых, хто выказаў жаданне працаўладкавацца падчас летніх канікул. Мы падтрымліваем іх імкненне, бо занятасць – гэта таксама прафілактыка асацыяльных паводзін.
Наталля ТУРКО.
На здымку: у час адкрытага дыялогу «Правы і абавязкі непаўналетніх».