47 гадоў Вячаслаў Дзмітрыевіч Свірыд займаецца спортам, з іх 37 — прафесійна. А пачалося ўсё ў 1963 годзе. Яшчэ вучнем займаўся баскетболам. Гулялі ў той час у спартыўнай зале былой Свіслацкай гімназіі. У гэтым жа годзе адкрываецца спартыўная школа, і Вячаслаў Дзмітрыевіч у ліку першых запісваецца на аддзяленне па валейболе. У школе захапляецца лыжным спортам, лёгка даюцца скачкі ў вышыню. У 1971 годзе прызываецца ў армію, дзе таксама не забывае спорт. Адслужыўшы, ён ідзе ў Гродзенскі тэхнікум фізкультуры. Пасля вучобы вяртаецца на радзіму і пачынае сваю працоўную дзейнасць на пасадзе загадчыка спортзбудаванняў у добраахвотным сельскім спартыўным таварыстве «Ураджай». Потым узначальвае новаўтворанае дабравольнае фізкультурна-спартыўнае таварыства прафсаюзаў. Даводзіцца працаваць і інструктарам-метадыстам па рабоце з насельніцтвам у РУП ЖКГ. Затым А. А. Валынчык запрашае Вячаслава Дзмітрыевіча на працу ў спартыўную школу, у якой ён паспяхова працуе па сённяшні дзень.
Вучэбна-выхаваўчая работа з дзецьмі, работа з бацькамі выхаванцаў, кантроль за выкананнем планаў, судзейства — гэта толькі некаторыя абавязкі, з якімі даводзіцца сутыкацца ў сваёй рабоце Вячаславу Дзмітрыевічу штодзень. А работа ў яго спорыцца, бо зладжана і добрасумленна працуе ўвесь калектыў, якому і вопыту, і прафесіяналізму не займаць.
Алена КЕДІК.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.