banner

Добрых спраў — шмат

09 Июля’08
3394

З 8 мая па 8 чэрвеня ў рэспубліцы праходзіў месячнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) пад дэвізам «Беларускі Чырвоны Крыж — за здаровую Беларусь». У рамках яго нямала добрых спраў на карысць грамадства зроблена раённай арганізацыяй БТЧК, якую ўзначальвае С. М. Пашкевіч.

— Святлана Мікалаеўна, шмат акцый было праведзена ў рамках месячніка валанцёрскімі групамі, прадстаўнікамі раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і другіх прадпрыемстваў і ўстаноў...

— У правядзенні мерапрыемстваў, прымеркаваных да месячніка, былі задзейнічаны ўсе члены прэзідыума раённай арганізацыі, валанцёры. Аднаму чалавеку не пад сілу арганізаваць такую вялікую работу. Мы цесна супрацоўнічаем з мясцовай уладай, аддзеламі адукацыі, культуры, РАНС, кінавідэапрадпрыемствам, РГА «Белая Русь», РА «Беларускі саюз жанчын» і другімі грамадскімі аб'яднаннямі.

У рамках месячніка былі праведзены акцыі «З днём Чырвонага Крыжа» (валанцёры збіралі ахвяраванне на правядзенне Міжнароднага дня абароны дзяцей), «З Днём Перамогі» (самаробныя віншавальныя паштоўкі і сувеніры былі ўручаны ветэранам вайны), «Моладзь — супраць гандлю людзьмі», «За здаровы лад жыцця», «Мінус 100» (дзецям з сем'яў сацыяльнай рызыкі падораны святлоадбівальныя элементы), «Я выбіраю жыццё» (па прафілактыцы ВІЧ/СНІДу).

Хачу адзначыць, што ў рэспубліканскім конкурсе «Лепшая маладзёжная ініцыятыва-2008» прызавыя месцы занялі валанцёрскія групы гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага, СШ № 2 імя М. Масонава і СШ № 3. У якасці прыза атрымалі фінансаванне ад Чырвонага Крыжа на рэалізацыю праектаў (каля 2 млн. рублёў).

Ужо стала традыцыяй у раёне праводзіць семінары па абучэнні навыкам аказання першай дапамогі. У маі яны прайшлі сярод работнікаў суда, сельгастэхнікі, выхаванцаў лагера ДПР, палатачнага лагера «Агняборац» і валанцёраў СШ № 2 імя М. Масонава.

У раёне выдадзены буклет «Гісторыя развіцця чырвонакрыжнага руху на Свіслаччыне».

— Безумоўна, уся работа, якая вядзецца вашай арганізацыяй, не застаецца не заўважанай з боку грамадства. Як вы лічыце?

— Так. Вельмі ўдзячныя нам хворыя дзеці, якія знаходзіліся на стацыянарным лячэнні ў райбальніцы, за падарункі і гульнёвую праграму, праведзеную валанцёрамі СШ № 3, — гэта чыталася ў іх вачах. Дзякавалі нам бацькі і апекуны дзяцей-інвалідаў, прыёмныя сем'і хоць за невялікую, але падтрымку. Прыемна было і ветэранам, што не забыліся аб іх у вялікі Дзень Перамогі.

— Ведаючы вас, здаецца, што вашы задумкі і ініцыятыва бязмежныя. Якія планы на бліжэйшы час?

—  У першую чаргу гэта рэалізацыя праектаў, якія атрымалі фінансаванне. Восенню плануем правесці акцыі, прымеркаваныя да Дня пажылых людзей, Дня маці, а таксама будзем удзельнічаць у мерапрыемствах, прымеркаваных да Года здароўя.


Сумесную акцыю «Наш клопат аб хворых», прысвечаную Міжнароднаму дню абароны дзяцей, правялі прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта і раённай арганізацыі БТЧК. Падарункі з фруктамі і ласункамі атрымалі дзеці, якія знаходзіліся на стацыянарным лячэнні райбальніцы.


6 чэрвеня валанцёрамі БТЧК летняга кругласутачнага аздараўленчага лагера «Знайка» і аддзяленнем ДАІ РАУС была арганізавана акцыя «Жывы святлафор». У яе рамках валанцёры распаўсюджвалі літаратуру па прафілактыцы дарожнага руху сярод вадзіцеляў, веласіпедыстаў і пешаходаў, дапамагалі пераходзіць вуліцу старым людзям, паказвалі прыклад малодшым, а таксама з дапамогай плакатаў рэгулявалі рух транспартных сродкаў.


31 мая завяршылася акцыя «Беларусь супраць тытуню», якая пачалася ў краіне з 15 мая. За гэты перыяд у раёне паспяхова сваю дзейнасць разгарнулі валанцёрскія групы. Імі былі арганізаваны самыя разнастайныя акцыі, а менавіта: «Поменяй сигарету на конфету», «Улыбка красит человека — улыбку портит сигарета», «Ударим юмором по курению». Самыя цікавыя акцыі былі распрацаваны валанцёрамі  СШ № 3 райцэнтра. Акрамя гэтага, сярод жыхароў горада распаўсюджана літаратура па прафілактыцы курэння.


У рамках акцыі «Мы разам з вамі», прымеркаванай да Міжнароднага дня абароны дзяцей, валанцёры і прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ўручылі 24 прадуктовыя наборы сем'ям, у якіх растуць дзеці-інваліды, чые бацькі ці апекуны маюць нізкі ўзровень даходаў.


З 9 па 23 чэрвеня ў раёне праходзіла міжведамасная акцыя «За здароўем  — да прыроды», у якой удзельнічалі работнікі райЦГЭ, УЗ «Свіслацкая ЦРБ», аддзелы адукацыі і культуры райвыканкама, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. У рамках акцыі былі арганізаваны "круглыя сталы", гутаркі, дыспуты, урокі здароўя з дзяцьмі, якія адпачывалі ў летніх аздараўленчых лагерах: «Выратаваць жыццё лёгка, калі ведаеш як»,  «Вітамінная сямейка», «Цудоўнае паветра», «Грыбы і ягады нашага лесу», «Прафілактыка лясных пажараў» і іншыя. Падвядзеннем вынікаў акцыі стала сацыялагічнае апытанне ўдзельнікаў.

Старонку падрыхтавала Алена КЕДЗІК.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.


Предыдущая статья

Рецепты здоровья от РОЧС