banner

Адбыліся раённыя спаборніцтвы “Залаты колас” па стрытболу сярод мужчынскіх каманд

04 Октября’19
1759
28 верасня на базе гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслачы адбыліся раённыя спаборніцтвы “Залаты колас” па стрытболу сярод мужчынскіх каманд. 

Па словах выконваючага абавязкі дырэктара раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Андрэя Рэгілевіча, мерапрыемства было накіравана на папулярызацыю дадзенага віда спорту сярод насельніцтва раёна, далучэнне моладзі да больш актыўных заняткаў спортам, а таксама вызначэнне найбольш моцных гульцоў для фарміравання зборнай каманды раёна.Удзел у спаборніцтвах прынялі прадстаўнікі чатырох каманд.

Хочацца адзначыць, што стрытбол – дастаткова рытмічная гульня, а вынікі немагчыма прадбачыць наперад. У гэтым поўнасцю змаглі пераканацца балельшчыкі, якія прыйшлі падтрымаць сваіх удзельнікаў. Кожная сустрэча насіла вельмі ўпарты характар, ніхто не хацеў саступаць свайму саперніку аніводнага ачка. Усе гульцы марылі закінуць пераможны мяч, асабліва з далёкай дыстанцыі. Зазначым, што гэта было зрабіць даволі складана, бо выхад на кідок з такой адлегласці – дастаткова доўгая і прадуманая камбінацыя. Калі яна зроблена правільна, тады і кідок магчымы, калі не – прыйдзецца атакаваць кальцо з блізкай дыстанцыі. 

Найбольш цікавай, на думку многіх прысутных у зале, выдалася фінальная гульня – лік 21:16 таму яркае сведчанне.

Па выніках спаборніцтваў 3 месца заваявала каманда Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы (капітан Аляксандр Варонка), 2 месца ва ўпартай барацьбе атрымалі прадстаўнікі каманды сярэдняй школы № 2 імя М. П. Масонава г. Свіслачы (капітан Міхаіл Кандраценка).



Пераможцамі раённых спаборніцтваў, як і ў мінулым годзе, па стрытболу стала каманда Свіслацкага ўчастка электрасувязі (капітан Аляксандр Стэльмах).



Каманды-прызёры атрымалі заслужаныя граматы, медалі і грашовыя прызы. 

Уладзімір Міхальчык
Фота аўтара

Предыдущая статья

Праздничное мероприятие ко Дню пожилых людей прошло в Свислочи