banner

Усе дарогі вядуць у... Жаркаўшчыну

07 Августа’17
1265

Усе дарогі вядуць у... Жаркаўшчыну

За адной з вуліц Дабраволі гравійка плаўна паварочвае налева, і праз пару кіламетраў з’яўляецца паказальнік «Жаркаўшчына». 

 

Вось яна – сядзіба графа Тышкевіча, былога ўладальніка Свіслачы. Не памылюся, калі скажу, што гэта самае папулярнае і экзатычнае месца на Свіслаччыне. Хтосьці лічыць інакш? На таблічцы, размешчанай перад сядзібай, чытаем: «Это место называли кусочком рая в ХVIII веке. Граф Тизенгауз, родственник Тышкевича, вел переговоры в Париже с философом Жан-Жаком Руссо о приобретении усадьбы». 


Самы першы дом графа Тышкевіча ў Жаркаўшчыне не захаваўся. Цяперашні драўляны асабняк адноўлены ў 1936 годзе нашчадкамі графа. Ён узводзіўся па старадаўніх чарцяжах. Архітэктурны стыль пабудовы ўласцівы менавіта таму часу, калі падобнымі дачамі абзаводзіліся многія саноўныя асобы. Тры паверхі будынка выкананы ў розных стылях, якія дапаўняюць адзін аднаго. Нядаўна на сядзібе зрабілі рамонт, абнавілі яе знешні і ўнутраны выгляд. Але... Тут па-ранейшаму вітае дух даўніны. Адчуваецца асаблівая аўра, і нельга перадаць словамі тое адчуванне, якое перажываеш, трапляючы сюды. Любы мужчына хоць на час можа адчуць сябе ў гэтай сядзібе прыстойным графам, а жанчына – графіняй. 


Шмат розных людзей пабывала тут. Прыязджалі на паляванне Пётр Машэраў, Ціхан Кісялёў, члены ўрада і іх сваякі, замежныя госці. На першым паверсе захаваўся камін, пад трэск паленаў можна згуляць партыю-другую ў більярд. На другі паверх вядзе драўляная лесвіца. Яе выгнутыя поручні ўпрыгожаны двума вялікімі шарамі. Загадкавасцю вее ад трэцяга паверха. Трапіць сюды можна па вузкай вінтавой лесвіцы. Пры жаданні яе лёгка схаваць ад старонніх вачэй, зачыніўшы невялікія дзверцы, якія зліваюцца з агульным фонам сцен. А там, наверсе, выдатны пакой. Дастаткова прыадчыніць акно, і ён напоўніцца смалістым пахам і музыкай ветру.


У 2014 годзе побач з сядзібай з’явіўся яшчэ адзін будынак – двухпавярховая гасцініца. Яна пабудавана на падмурку, дзе калісьці размяшчаўся радавы музей графа Тышкевіча. Ужо ў гэтым прасочваецца сувязь стагоддзяў. Гасцініца разлічана на 18 чалавек. Нумары двух- і чатырохмясцовыя, у кожным ёсць душ, санвузел. Працуе кафэ. Увогуле, цёпла, утульна, вельмі прыгожа і прыцягальна. 


Прыехаўшы сюды на адпачынак, вы можаце смела прамовіць: «Карэту мне, карэту!» Яна тут маецца, а таксама ёсць сані, брычка, звыш дзясятка ровараў, аўтобус. Можна скарыстацца паслугамі экскурсавода або самім, узяўшы схему турыстычнага маршруту «Паўночны шлях», адправіцца ў падарожжа па пушчы міма чорнаальховага багна, папаратнікавай паляны, вузкакалейнай чыгункі, пасадак чырвонага дуба, ясеня-волата, шматвяковай хвоі, лясной сажалкі... А пасля не забудзьцеся папарыцца ў лазні, пабудаванай 10 гадоў таму, асака на дах якой была прывезена з Астрахані. А на стале вас будуць чакаць стравы з аленіны, ласіны, дзічыны. 


Тут любяць спыняцца замежныя паляўнічыя, якія прыязджаюць у пушчу. 


Сёння новая гасцініца, дом графа Тышкевіча і гасцявыя пакоі лясніцтва ўтвараюць гасцінічны комплекс «Жаркаўшчына», які адначасова можа прыняць да 36 чалавек. 


Аматары прыроды могуць прагуляцца па экалагічных сцежках. Запаведная экалагічная сцежка выводзіць да магутных дубоў, адзін з якіх – са скразным дуплом. Кажуць, у яго асаблівае прызначэнне: калі чалавек праходзіць праз дупло, ён быццам бы зноў нараджаецца, а яго жаданні спраўджваюцца. На экалагічнай сцежцы знаходзіцца і камень, якому жыхары пушчы пакланяліся з язычніцкіх часоў. За многія стагоддзі ён урос у зямлю, пакрыўся мохам, але не страціў сваёй магічнай сілы. Дакраніцеся да каменя, падумайце аб запаветным... А можа, спраўдзіцца?!

 

Марына ЯНЮК.

Предыдущая статья

Имеет вес каждый показатель